У Еўрапейскім тыдні мабільнасці, што праходзіў з 16 па 22 верасня, удзельнічалі сотні гарадоў, якія імкнуцца развіваць веладарожкі і паляпшаць работу грамадскага транспарту: Будапешт, Вена, Лондан, Мадрыд, Стакгольм і інш. Полацк першым у Беларусі афіцыйна далучыўся да акцыі.
У рамках тыдня ў Полацку прайшоў цэлы шэраг цікавых і новых для горада мерапрыемстваў. У прыватнасці, для гараджан, якія перамяшчаюцца на двух калёсах, былі арганізаваны велаэкскурсія і велаквест па гістарычных мясцінах Полацка, велагонка і велакарнавал, а таксама кінапаказ пад адкрытым небам аб гарадскім жыцці. Палачане спаборнічалі ў велаконкурсах на хуткасць і спрыт, а падчас адмысловага майстар-класа вучыліся выпраўляць веласіпедныя непаладкі. Для самых маленькіх гараджан працавала дзіцячая майстэрня, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маглі зрабіць уласныя веласіпеды з кардону.
Вельмі многіх захапіла выступленне BMX-райдараў. У экстрэмальнай зоне можна было таксама пратэсціраваць лангборды і балансборды. Еўрапейскі тыдзень мабільнасці актыўна падтрымалі полацкія школьнікі, якія прыехалі на заняткі на веласіпедах. Тонкім намёкам на тое, што чыноўнікі таксама маглі б дабірацца на работу на веласіпедах, стала адкрыццё велапаркоўкі каля будынка Полацкага райвыканкама.
Гараджане з цікавасцю знаёміліся, як ідзе работа над новай транспартнай стратэгіяй Полацка. Людзям прапаноўвалася выказваць свае ідэі аб тым, як палепшыць транспартную сітуацыю ў горадзе. Дзеля гэтага на час Еўрапейскага тыдня мабільнасці была ўстаноўлена спецыяльная мабільная скрыня.
Ну і, вядома, палачане прынялі ўдзел у такой выдатнай акцыі, як Дзень без аўтамабіля (ён праходзіць ва ўсім свеце 22 верасня). У гэты дзень многія велапракаты ў Полацку і Наваполацку рабілі аўтамабілістам добрыя скідкі. А адзін полацкі веламагазан прадаставіў скідку нават на куплю веласіпедаў.
Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.