Еўрапейскія эксперты адзначылі добры турыстычны патэнцыял Беларусі

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

У Мінску падвялі вынікі праекта “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі”, які на працягу двух гадоў рэалізоўваўся ў нашай краіне пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Мэтай праекта было садзейнічанне і аказанне тэхнічнай дапамогі суб’ектам турыстычнай галіны Беларусі. За два гады работы былі распрацаваны стратэгіі ўстойлівага развіцця для пяці дэстынацый (Аўгустоўскі канал, Камянец — Пружаны, Мсціслаў, Мядзел і Полацк). Праведзена некалькі дзясяткаў тэматычных трэнінгаў і семінараў, у якіх прынялі ўдзел больш за 700 беларускіх спецыялістаў турыстычнай галіны. Акрамя таго, праект унёс важкі ўклад ва ўкараненне ў Беларусі дапаможнага рахунку турызму (TSA) — міжнароднай методыкі комплекснага ўліку статыстычных даных.

Для прасоўвання краіны і пілотных дэстынацый на турыстычным рынку каманда праекта распрацавала прэзентацыйныя матэрыялы, якія былі надрукаваны на 4 мовах тыражом больш за 100 тысяч экзэмпляраў. З гэтай жа мэтай для кожнай дэстынацыі былі зняты прэзентацыйныя відэаролікі.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі пасол Андрэа Віктарын паведаміла, што ў рамках згаданага праекта ЕС інвесціраваў у нашу краіну 1,7 млн еўра.

— Праект садзейнічаў укараненню перадавых еўрапейскіх ведаў, тэхналогій, падыходаў для ажыццяўлення работы ў сферы маркетынгу і нарошчвання турыстычнага патэнцыялу Беларусі, — заўважыла Андрэа Віктарын. — У краіну прыязджалі спецыялісты з Еўрасаюза, якія дзяліліся перадавымі практыкамі. І я ўражана вынікамі таго, што было зроблена. У пяці беларускіх рэгіёнах з’явіліся новыя сучасныя брэнды, спецыялізаваныя маркетынгавыя і рэкламныя матэрыялы, ёсць добра падрыхтаваныя спецыялісты, якія дапамогуць рэгіёнам разняволіць іх турыстычны і эканамічны патэнцыял.

Андрэа Віктарын расказала, што шмат і з задавальненнем падарожнічае па Беларусі.

— Мне вельмі падабаецца ваша краіна. І я пераканана, што кожны рэгіён Беларусі можа дасягнуць поспеху ў прыцягненні турыстаў, стаць яшчэ больш прывабным для пражывання, яшчэ больш канкурэнтаздольным для бізнесу, — адзначыла спадарыня Віктарын. — Наша сумесная праца прадэманстравала, што патэнцыял турыстычнай індустрыі з’яўляецца адной з самых відавочных і несумненных пераваг Беларусі. Развіваючы гэты напрамак, краіна можа паскорыць свой эканамічны рост і ствараць новыя працоўныя месцы.

Старшыня кіруючага камітэта праекта намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной таксама адзначыў плён рэалізацыі праекта “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі”.

— Гэта адзін з самых паспяховых праектаў у турыстычнай галіне, — заўважыў Міхаіл Пятровіч, — бо ўсе 5 турыстычных дэстынацый атрымалі стратэгіі развіцця, уласныя брэнды, сайты. Праведзены шэраг вучэбных мерапрыемстваў — у нашай краіне і за мяжой. А самае галоўнае, што, хоць фармальна праект завершаны, у рэальнасці ён рухаецца далей: людзі навучаны, рэгіёны разбуджаны і ёсць добры эканамічны эфект. Па выніках мінулага года ўклад турызму ў ВУП краіны склаў 122,6% ад узроўню 2016 года, і ў гэтым ёсць у тым ліку заслуга праекта.

Міхаіл Партной прывёў некаторыя звесткі, якія сведчаць пра велізарны патэнцыял турыстычнай індустрыі. Так, па звестках Сусветнай турыстычнай арганізацыі, у мінулым годзе колькасць турыстычных прыбыццяў перавысіла 1,2 млрд; кожнае 11-е працоўнае месца было створана ў сферы турызму; у экспартным складніку турызм займае 3-е месца ў свеце (пасля вуглевадародаў і прадуктаў хімічнай вытворчасці); 10% сусветнага ВУП прыпадае на турызм.

— У мінулым годзе ад турыстычнай галіны ў рэспубліканскі бюджэт паступіла каля 170 млн долараў, — паведаміў Міхаіл Партной, — але мы працуем над тым, каб істотна павялічыць прыбытковасць галіны. Сёння, дзякуючы праекту, мы наперадзе ўсіх у СНД па складанні дапаможнага рахунку ў турызме, бо цяжка прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні, не маючы адпаведнай інфармацыі. Але цяпер мы маем інструмент для ацэнкі рэальнага ўкладу турызму ў эканоміку краіны. Пакуль што ён займае 1,8 % у структуры ВУП нашай краіны. Але мы працуем над тым, каб гэтая лічба павялічвалася. Мінімальная планка, якую мы ставім перад сабой на 2018 год, — 3%.

Міжнародны эксперт па турызме і кіраўнік праекта “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі” Янэз Сіршэ заявіў, што верыць у перспектыву развіцця турызму ў нашай краіне.

— Важна разумець, што турызм прыносіць прыбытак не толькі ад продажу білетаў ці гасцініц, зарабляць можна таксама i ўскоснымі спосабамі. З’яўленне турыстаў заўсёды ініцыіруе прадпрымальніцтва ў рэгіёне, і гэта ідзе на карысць яго развіццю. З боку дзяржавы варта ўдзяляць увагу турызму як цэнтралізавана, так і на мясцовым узроўні. Рэгіянальны турызм не павінен быць аматарскім, яго трэба развіваць прафесійна. Для гэтага неабходны стратэгічнае бачанне, разуменне турыстычнага рынку, задавальненне патрэб турыстаў i матывацыя мэтавай аўдыторыі.

Праект “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі” ажыццяўляўся кансорцыумам, які ўзначальвала грэчаская кампанія European Profiles S. A. у супрацоўніцтве з групай міжнародных і беларускіх экспертаў і прафесіяналаў турызму. Прэзідэнт гэтай кампаніі Дзімітрас Бакалас высока ацаніў уклад беларускіх удзельнікаў праекта.

— Мая кампанія і наш кансорцыум вельмі ганарымся гэтым праектам і лічым яго адным з лепшых у нашай практыцы, — адзначыў Дзімітрас Бакалас. — А ведаеце, чаму гэта адбылося? Таму што мы знайшлі поўнае разуменне нашых партнёраў у Беларусі. Калі праект рэалізоўваецца толькі заходнімі экспертамі, немагчыма атрымаць такога плёну. Нам жа ўдалося стварыць выдатную каманду, таму некаторыя вынікі атрымаліся нават лепшымі, чым чакалася.

Галіна СІДАРОВІЧ.