Еўрасаюз прапануе актывізаваць развіццё рэгіёнаў і прыватнага сектара

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Еўрапейскі саюз гатовы аказваць Беларусі дапамогу ў развіцці прыватнага сектара эканомікі. Пра гэта заявіла на палях Кастрычніцкага эканамічнага форуму (KEF-2018) кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

“Мы гатовы падтрымліваць (Беларусь. — Заўвага БелТА.) у тых сферах, якія краіна сама вызначыць, у прыватнасці, у плане развіцця прыватнага сектара”, — сказала Андрэа Віктарын. Паводле яе слоў, у гэтым напрамку ЕС ужо робіцца даволі шмат. У супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі распрацавана дарожная карта падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. На думку Андрэа Віктарын, трэба сканцэнтравацца менавіта на развіцці прыватнага сектара, паколькі ён з’яўляецца своеасаблівым фундаментам эканомікі. “Акрамя таго, мы лічым, неабходна актывізаваць развіццё рэгіёнаў”, — дадала кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

У час дыскусіі Андрэа Віктарын выказалася аб падыходах у прыцягненні замежных інвестыцый. Яна лічыць важным займацца вывучэннем інтарэсаў інвестараў. “Мы са свайго боку гатовы падтрымліваць Беларусь з дапамогай фонду структурных рэформ, а таксама дзяліцца ўласным вопытам праз праект “Твінінг”, — адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС. — Я вельмі рада, што ў нас цяпер запушчаны праект з Нацыянальным банкам, у якім удзельнічае кансорцыум з Польшчы, Германіі і Літвы”.

Акрамя таго, паводле слоў Андрэа Віктарын, у Беларусі працуюць два праекты пры падтрымцы Еўрапейскага саюза па стымуляванні і развіцці прыватнага сектара.