Еўрасаюз створыць уласны фонд абаронных даследаванняў і інвестыцый

Старшыня Еўракамісіі (ЕК) Жан-Клод Юнкер, выступаючы перад Еўрапарламентам з дакладам аб стане спраў у Еўрасаюзе, заявіў, што за апошнія 12 месяцаў у краінах ЕС адбылося 14 буйных тэрактаў, паведамляюць інфармагенцтвы.

“У адказ мы правялі вялікую работу па абмежаванні трафіка зброі і фінансавання тэрарызму, дасягнулі дамоўленасцей з кампаніямі — аператарамі інтэрнэту па выключэнні інфармацыі, якая змяшчае экстрэмісцкую прапаганду, прынялі шматлікія меры для барацьбы з радыкалізацыяй насельніцтва. Мы застаёмся адзінымі ў барацьбе з гэтым злом”, — адзначыў Жан-Клод Юнкер.

У сваім дакладзе ён падкрэсліў, што ЕС у мінулым годзе прыняў удзел у больш як 30 ваенных аперацыях і “павінен стварыць свой адзіны штаб для іх”. “Нам патрэбны адзіныя штаб-кватэры па абароне як частка ЕС, у дапаўненне да НАТА”, — сказаў ён.

Акрамя таго, Еўрасаюз мае намер стварыць “уласны фонд абаронных даследаванняў і інвестыцый для забеспячэння сваіх абарончых магчымасцей”.

У сваім выступленні кіраўнік ЕК удзяліў увагу тэме, якая датычыцца інвестыцыйнага фонду еўрапейскай супольнасці. Паводле яго слоў, Еўракамісія прапанавала павялічыць інвестыцыйны фонд ЕС да 630 млрд еўра і прадоўжыць тэрмін яго дзеяння з 2020 да 2022 года.

Таксама Жан-Клод Юнкер сказаў, што ЕС прадоўжыць падтрымліваць аграрны сектар Еўропы, які пацярпеў ад расійскага эмбарга. “У першую чаргу размова ідзе аб малочнай прамысловасці”, — сказаў ён. Паводле яго слоў, ЕС ужо выдзеліў 1 млрд еўра еўрапейскім фермерам з-за эмбарга Расіі.

Акрамя таго, Еўракамісія прапанавала поўнасцю адмяніць роўмінг у Еўропе і забяспечыць бясплатны інтэрнэт у яе буйных гарадах да 2020 года.