“Эўрыка-2019”: старт новым адкрыццям

- 11:01Адукацыйная прастора

Вынікі амаль 600 даследаванняў па розных напрамках прадставілі старшакласнікі Віцебшчыны да ўдзелу ў Х абласным конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыi).

Традыцыйна “Эўрыка” арганізоўваецца ў два этапы. Спачатку журы аналізуе ўсе пададзеныя матэрыялы, далей аўтары найбольш цікавых і перспектыўных даследаванняў атрымліваюць запрашэнне на вочны этап. Юбілейная “Эўрыка” прыемна ўразіла як рэкорднай колькасцю зарэгістраваных работ, так і разнастайнасцю іх тэматыкі, агульным высокім узроўнем. У заключным форуме, што адбыўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, сустрэліся самыя дапытлівыя, крэатыўныя, мэтанакіраваныя: свае даследаванні прэзентавалі 163 удзельнікі з розных гарадоў і раёнаў вобласці.

— У напрамку развіцця даследчай дзейнасці навучэнцаў мы грунтуемся выключна на каманднай рабоце, — акцэнтавала ўвагу першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч. — Наладжана цеснае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях паміж нашымі ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі, абласным інстытутам развіцця адукацыі, рэгіянальнымі УВА (вядучая роля тут належыць ВДУ імя П.М.Машэрава), галоўным упраўленнем па адукацыі. Таму новыя імёны і нечаканыя работы на абласным этапе ў нас выключны і вельмі рэдкі выпадак. Пераважна прыходзяць дзеці, якія ў больш раннім узросце ўдзельнічалі і перамагалі ў абласных конкурсах “Вернісаж” і “Я пазнаю свет”. З педагогамі, якія накіроўваюць іх дзейнасць, мы папярэдне на працягу года сустракаемся падчас кансультацый, іншых метадычных мерапрыемстваў. Адпаведна, становіцца бачнай у цэлым тэматыка работ, што потым будуць прапанаваны да конкурснага адбору. Мы працуем разам у сістэме, і яна дае плён. На Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах Віцебшчына трывала ўваходзіць у тройку лідараў. Штораз мы ўмацоўваем свае пазіцыі, паляпшаем вынікі, напрыклад: у мінулым навучальным годзе нашы дзеці заваявалі 23 дыпломы. І ў вобласці ёсць рэзервы для далейшага росту, захавання цяперашняй станоўчай дынамікі.  

Як праінфармаваў старшыня савета маладых вучоных ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксандр Дудараў, “Эўрыку” характарызуе масавы ўдзел не толькі прадстаўнікоў устаноў адукацыі гарадоў і райцэнтраў, але і сельскіх школьнікаў. Усяго за 10 гадоў у рамках правядзення канферэнцыі кансультанты ВДУ прааналізавалі звыш 4 тысяч работ навучэнцаў. Для многіх старшакласнікаў яна стала вырашальным фактарам далейшага прафесійнага выбару.

— Час пацвярджае эфектыўнасць існуючага ў вобласці ўзаемадзеяння па развіцці даследчай актыўнасці навучэнцаў, адпаведных кампетэнцый юных даследчыкаў і іх педагогаў, — пракаменціравала начальнік навукова-даследчага сектара ВДУ імя П.М.Машэрава Наталля Красоўская. — З нашага боку ўніверсітэт непасрэдна зацікаўлены ў правя­дзенні “Эўрыкі”, бо яе ўдзельнікі — нашы патэнцыяльныя абітурыенты, мы адносімся да іх як да будучых студэнтаў ВДУ. Вялікае значэнне мае педагагічны складнік: студэнты і выпуск­нікі ўніверсітэта працуюць ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна, боль­шасць кіраўнікоў даследчых работ — нашы выпускнікі. Атрымліваецца жывы кантакт: пачынаючы са школьных і гімназічных, раённых і гарадскіх конкурсаў работ даследчага характару, конкурсаў на абласным узроўні — “Вернісажу” ў малодшых класах і праз “Я пазнаю свет” у сярэдніх — дзеці знаёмяцца з УВА, прыхо­дзяць да нас, вучацца і застаюцца ў навуцы, адукацыі ўжо дыпламаванымі спецыялістамі. Пры гэтым у кожнага з іх ёсць магчымасць рухацца далей, падтрымліваючы сувязь з вышэйшай школай і альма-матар, у тым ліку праз работу нашага каардынацыйнага бюро (гэта група выкладчыкаў, якая разам з метадыстамі абласнога ІРА і спецыялістамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі курыруе даследчую дзейнасць навучэнцаў па розных напрамках), навуковых таварыстваў ва ўстановах адукацыі.

Яшчэ адна асаблівасць юбілейнага конкурсу (канферэнцыі) — “зялёная вуліца” дляміждысцыплінарных даследаванняў. Да шаснаццаці секцый па вучэбных прадметах далучылася новая, “PROздароўе: біятэхналогіі для якасці жыцця”. З’явілася яна па ініцыятыве партнёра “Эўрыкі” — міжнароднай навукова-вытворчай кампаніі NatiVita ў рамках праграмы падтрымкі таленавітай мола­дзі “Таленавіта”. Як тлумачаць ідэю арганізатары, біятэхналогіі — навуковы напрамак на стыку розных навук, практычнае прымяненне якога ляжыць у сферы медыцыны, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі, экалогіі, энергетыкі. Па словах Аляксандра Дударава, гэта сучасны трэнд найперш у прафілактыцы і лячэнні захворванняў, падаўжэнні жыцця чалавека і паляпшэнні яе якасці, а фактычна ён распаўсюджваецца на ўсе сферы навуковых даследаванняў: так, сучасную тэорыю карпаратыўнага росту прыдумалі сумесна фізікі і эканамісты. Таму на новую ініцыятыву ўскладаецца спадзяванне, што яна дапаможа выявіць яркія маладыя таленты. На секцыі былі прадстаўлены даклады па даследаваннях на сумежжы фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі, біялогіі, экалогіі.

“Таленавіта” нарадзілася ў Віцебску. Пры падтрымцы аблвыканкама адпаведная праграма паспяхова рэалізоўваецца ў паўночным рэгіёне, між тым сам праект з часам выйшаў за межы вобласці. Першапачаткова ён быў разлічаны на студэнтаў, потым мэтавая аўдыторыя пашырылася за кошт навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, ПТА і ССА. Праект арыентаваны на падтрымку таленавітай моладзі ў розных галінах дзейнасці, ад навукі да спорту і мастацтва. Пры гэтым, з улікам сферы інтарэсаў кампаніі-арганізатара, асноўны акцэнт зроблены на навуцы.

— Мы супрацоўнічаем з “Эўрыкай” з пачатку рэалізацыі праекта, выступаем фундатарамі спецыяльных узнагарод для лепшых практыка-арыентаваных даследчых ра­бот удзель­нікаў канферэнцыі, — паведаміла кіраўнік праекта “Таленавіта” намеснік генеральнага дырэктара СТАА NatiVita па НR і карпаратыўным маркетынгу Наталля Калініна. — А сёлета заснавалі сваю секцыю, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама пайшло нам у гэтым насустрач. У нас сустрэ­ліся юныя даследчыкі, якія вядуць пошук адначасова ў розных напрамках. Менавіта на сумежжы навуковых дысцыплін нараджаецца, як правіла, самае актуальнае і цікавае. Як спецыяліст па персанале хачу сказаць, што зараз запатрабаваны спецыялісты высокаадукаваныя, знаёмыя не толькі са сваёй, але і з іншымі сферамі адукацыі і навукі, здольныя і матываваныя на ўдзел у праектах рознай накіраванасці. Мы хацелі б, каб дзеці далучаліся да такой практыкі пачынаючы з юнага ўзросту. Наступныя крокі плануем зрабіць разам з настаўнікамі, навуковымі таварыствамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і такім чынам праз метадычнае суправаджэнне напрамую ўдзельнічаць у фарміраванні тэматыкі, накіраванасці даследчых работ навучэнцаў.

Пераможцы “Эўрыкі-2019” рыхтуюцца абараняць гонар вобласці на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.