Ежа будучага

- 16:33Нам пішуць

Стабілізатары, эмульгатары, антыакісляльнікі, кансерванты… З гэтымі тэрмінамі і іх значэннем прыйшлося больш дэталёва пазнаёміцца навучэнцам 5—11 класаў Падсолтаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Праблема здаровага харчавання — адна з галоўных у жыцці. “Есці ці не есці? Вось у чым пытанне!” — пад такой назвай прайшло мерапрыемства ў шосты школьны дзень. Арганізатары хацелі данесці да навучэнцаў інфармацыю аб біялагічна актыўных дабаўках, якія маюць небяспечны ўплыў на арганізм, паказаць, што здароўе залежыць ад ведаў і самастойнага, абдуманага выбару, што ўжываць у ежу. Навучэнцы з цікавасцю праслухалі выступленні вядучых аб Е-дабаўках, прагледзелі відэафільм “5 шкодных Е”.

Практычна-гульнявая частка мерапрыемства складалася з наведвання крамы, дзе неабходна было купіць прадукты харчавання на дзень. Прыемна было назіраць, як удзельнікі доўга ўзіраліся ў склад набытага прадукту. Некаторыя нават звярталіся да лупы, бо разабраць напісанае з-за дробнага шрыфту было складана. Пачуццё салідарнасці з пакупнікамі было ў той час, калі на прылаўках засталіся ляжаць прадукты з небяспечнымі Е-дабаўкамі. Падрыхтоўка экалагічна чыстага бутэрброда і салаты таксама прыемна здзівіла журы.

Выступленне-выснова ўдзельнікаў парадавала арганізатараў і журы тым, што дзеці — за здаровае харчаванне, за здаровае і доўгае жыццё. “Хай на прылаўках крам назаўжды застаюцца незапатрабаванымі чыпсы, маянэз, жуйкі, газаваная вада з фарбавальнікамі, эмульгатарамі, антыакісляльнікамі, кансервантамі…” — такую выснову зрабіла каманда “Памідорка”.

Лілія ЯКУШАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Падсолтаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.