Ежа для розуму

Пазакласная работа дапамагае замацоўваць і паглыбляць веды вучняў, фарміраваць устойлівую цікавасць да прадметаў, вызначаць сувязь тэорыі з практыкай, ажыццяўляць міжпрадметныя сувязі. Удзел у розных мерапрыемствах вучыць дзяцей працаваць з літаратурай і інтэрнэт-крыніцамі, развівае творчую актыўнасць і самастойнасць, дапамагае ў выбары прафесіі.

Існуе шмат розных форм пазакласнай работы з вучнямі: гурткі, факультатывы, заняткі па інтарэсах, алімпіяды і інш. Але ў іх, як правіла, удзельнічаюць дзеці, у якіх ужо сфарміравалася цікавасць да пэўных прадметаў. Абудзіць гэтую цікавасць, далучыць да ўдзелу ў мерапрыемствах, пашырыць кругагляд, прапанаваць займальную інфармацыю і эмацыянальна прывабіць здольны, бадай, толькі прадметныя тыдні. Гэта комплекс розных мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай мэтай — фарміраваць пазнавальныя інтарэсы, павышаць агульнаадукацыйны ўзровень і развіваць творчую актыўнасць дзяцей. Прадметныя тыдні прадугледжваюць сумесную дзейнасць вучняў розных профіляў і рознага ўзросту.

Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна займаюцца пазакласнай работай, калі яна звязана з жыццём. Але існуе праблема з перагрузкай вучняў, асабліва паспяховых, адказных і зацікаўленых, таму неабходна спалучаць розныя формы пазакласнай работы, далучаць як мага больш навучэнцаў да групавых і масавых мерапрыемстваў. Мы вырашаем гэ-тую праблему, праводзячы не тыдні, а некалькі прадметных дзён (хіміі, біялогіі, геаграфіі, здаровага ладу жыцця і інш.) на працягу навучальнага года. У прадметны дзень, як правіла, праходзіць некалькі мерапрыемстваў, розных па форме: інфармацыйныя гадзіны з удзелам лектарскіх груп з ліку вучняў профільных класаў, тэматычныя класныя гадзіны, вусныя часопісы, акцыі, выставы, конкурсы, канферэнцыі, віктарыны, гульні, сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый горада. Іх падрыхтоўкай займаюцца настаўнікі-прадметнікі і невялікія творчыя групы вучняў.

Педагогі імкнуцца прыцягнуць да мерапрыемстваў як мага больш дзяцей, для чаго выкарыстоўваюцца маляўнічыя аб’явы, у тым ліку аб’явы па ліцэйскім радыёвузле. Акрамя таго, настаўнікі выкарыстоўваюць арыгінальныя формы правядзення мерапрыемстваў.

У навучальным годзе ў ліцэі прайшлі дні прыродазнаўчых навук пад агульнай назвай “Чалавек з’яўляецца тым, што ён ужывае”. На працягу гэтых дзён ва ўстанове арганізоўваліся выставы, размяшчаліся прафарыентацыйная інфармацыя і выказванні знакамітых людзей па пытаннях харчавання і здароўя, выходзіла радыёгазета. На класных і інфармацыйных гадзінах, вялікіх перапынках і пасля ўрокаў праходзілі розныя мерапрыемствы.

Дзень першы (верасень): конкурс плакатаў-калажаў “Фруктовая фантазія”, радыёгазета пра карысныя ўласцівасці агародніны і фруктаў “Смачна і карысна”, віктарына “Кладоўка вітамінаў”, конкурс карвінгу “Вясёлка на талерцы”, конкурс кветкавых кампазіцый “Мелодыя восені”, выстава кніг “Разумна есці — доўга жыць”, даведнік прафесій “Ад саду і агарода — да нашага стала”, дэманстрацыя вучэбнага фільма “Мастацтва карвінгу”, майстар-клас па вырабе ўпрыгажэнняў з агародніны і фруктаў “Неверагодная прыгажосць”.

Дзень другі (лістапад): класныя гадзіны ў групах хіміка-біялагічнага профілю “Прафесіі, якія мы выбіраем. Тэхнолаг харчовай прамысловасці”, пазнавальная віктарына “Ежа? Не — хімія!”, радыёгазета пра вітаміны ў нашым жыцці “Ад “А” да “Р”, выстава плакатаў-калажаў пра хімічны склад і ўздзеянне прадуктаў харчавання на арганізм “На стол пададзена!”, падрыхтоўка выказванняў вядомых людзей пра харчаванне і здароўе “Хто не ўмацоўвае цела, той не ўмацоўвае дух”, фотавыстава-конкурс сэлфі “Любімая страва маёй сям’і”, гасцёўня для вучняў і бацькоў “За чаем — пра чай”.

Дзень трэці (студзень): гутарка “Здароўе ў тваёй талерцы”, радыёгазета “Хімія і прадукты харчавання”, віктарына “Абрус-самабор”, інтэлектуальнае лато “Металы ў нашым жыцці”, карысныя парады “Рацыянальнае харчаванне — умова здароўя”, выстава кніг “Пра смачную і карысную ежу”, сустрэча з урачом Брэсцкага гарадскога цэнтра здароўя “Есці, каб жыць…”, пасяджэнне клуба “Дэбаты” і дыскусія “Ежа і хваробы”.

Дзень чацвёрты (красавік): інфармацыя аб прафесіях “Прафесіі, якія мы выбіраем”, сустрэча з прадстаўнікамі ААТ “Інка-фуд”, радыёгазета “Пра гастранамічныя звычкі — вачыма хіміка”, фотаконкурс “Вакол свету”, выстава мінералаў “Чароўны свет самацветаў”, наведванне сталовай “10 правіл здаровага харчавання” і “Гэта смачна і карысна”, доследы з прадуктамі харчавання “Хімія-чараўніца”, інтэлектуальна-пазнавальны конкурс “Ежа для розуму”, акцыя па азеляненні тэрыторыі ліцэя “Зялёны і квітнеючы мой ліцэйскі двор”.

Дзейсным сродкам развіцця цікавасці да прадметаў з’яўляюцца прыродазнаўчыя турніры і інтэлектуальныя гульні. Іх мэта — актыўнае замацаванне і абагульненне ведаў, уменняў і навыкаў па прадметах прыродазнаўчага цыкла. Інтэлектуальныя гульні і турніры будуюцца на чаргаванні розных па характары і форме конкурсаў і заданняў, паспяховаму выкананню якіх садзейнічаюць станоўчыя эмоцыі, што ствараюцца гульнявымі сітуацыямі і духам калектыўнага спаборніцтва. Дзеці вучацца ўлічваць інтарэсы таварышаў і хварэць за сваю каманду.

Важнае патрабаванне да такіх гульняў — чаргаванне тэарэтычных заданняў з практычнымі, сур’ёзных — з займальнымі. Неабходна ўлічваць інтарэсы вучняў, іх падрыхтаванасць і ўзроставыя псіхалагічныя асаблівасці. Паколькі ў мысленні падлеткаў вялікую ролю адыгрывае канкрэтна-пачуццёвае ўспрыманне, а ўвага рассеяна і часта пераключаецца на іншыя прадметы, трэба падбіраць невялікія пытанні, канкрэтныя па змесце і цікавыя па форме. Лепш за ўсё, калі гэта будуць пытанні, праілюстраваныя выявай (камп’ютарныя прэзентацыі).

У старшакласнікаў больш развіта абстрактнае мысленне, таму павышаецца роля тэарэтычнага матэрыялу, які раскрывае ўзаемасувязь рэчываў і з’яў. Павялічваецца колькасць заданняў творчага характару. Практычныя і эксперыментальныя заданні ўскладняюцца. Элементы гульні і займальнасці не выключаюцца, але адыходзяць на другі план. Вынікі інтэлектуальных гульняў і турніраў залежаць не толькі ад удалага падбору пытанняў і заданняў, але і ад іх падрыхтоўкі і арганізацыі.

Інтэлектуальны турнір “Ежа для розуму”

Мэты: фарміраванне правільнага валеалагічнага светаўспрымання вучняў; прапаганда здаровага ладу жыцця; пашырэнне і паглыбленне ведаў аб правільным харчаванні; прафарыентанцыя вучняў; зацікавіць вучняў прадметамі прыродазнаўчага цыкла; развіваць падчас гульні лагічнае мысленне, уменне аналізаваць, параўноўваць і абагульняць; выхоўваць самастойнасць, адказнасць і актыўнасць вучняў пры рабоце ў групах; развіваць назіральнасць, уважлівасць, інтэлектуальныя здольнасці і навыкі.

У турніры ўдзельнічаюць 3 каманды па 6 чалавек, у кожнай з якіх знаходзяцца прадстаўнікі хіміка-біялагічнага, хіміка-тэхналагічнага, фізіка-матэматычнага, філалагічнага, эканамічнага і грамадазнаўчага профіляў.

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, экран, камп’ютар.

Першы вядучы. Добры дзень! Харчаванне — адзін з асноўных сродкаў падтрымання жыцця, здароўя і нармальнай працаздольнасці чалавека. Ён можа нейкі час абыходзіцца без ежы і зусім мала часу — без вады, але толькі паўнацэннае харчаванне забяспечвае паўнацэннае жыццё. Ні для каго не сакрэт, што чалавек з’яўляецца тым, што ён ужывае, таму асаблівую ўвагу варта ўдзяляць прадуктам харчавання, якія ўжываюцца штодзень. Харчаванне чалавека павінна быць рацыянальным, збалансаваным і правільным.

Другі вядучы. Падчас турніру мы будзем гаварыць пра прадукты харчавання, паглядзім на ежу з пункту погляду хімічнага складу, карысці і шкоды для арганізма. Магчыма, сёння вы адкрыеце для сябе штосьці новае і цікавае. Магчыма, у вас зменяцца погляды на некаторыя прывычныя рэчы.

***

Падчас першага конкурсу “Давайце пазнаёмімся!” каманды па чарзе выходзяць на сцэну і прадстаўляюць сваю назву, эмблему і дэвіз. Ацэньваецца іх адпаведнасць тэматыцы турніру, арыгінальнасць і пачуццё гумару (максімальна — 3 балы).

Падчас бліцконкурсу “Далей, далей…” вядучы на працягу пэўнага часу хутка чытае кароткія пытанні, на якія каманды павінны даць кароткія адказы — адно слова. Калі адказу няма, прадстаўнік каманды гаворыць: “Далей”. За кожны правільны адказ — 1 бал. Напрыклад: доўгія макаронныя вырабы — спагеці; з іх гатуюць амлет — яйкі; дранікі з мясной начынкай — калдуны; маленькія бліны — аладкі; ёмістасць для прыгатавання кавы — турка; надае чырвоную афарбоўку баршчу — бурак; малочны суп па-беларуску — крупнік; фарш у капусным лісці — галубцы; напітак з мёду і вострых прыпраў — збіцень; напітак са свежавыціснутых сокаў — фрэш; агародніна, якая на 90% складаецца з вады, — агурок; рыс з морквай, цыбуляй і баранінай — плоў; фрукт, які павялічвае апетыт, — яблык; цукеркі з цукру і вады — ледзянцы; напітак, які вырабляецца з хлеба, — квас; боб, з якога робяць мяса, — соя; марская, ёдаваная ці фтарыраваная — соль; густы кактэйль з фруктаў ці агародніны — смузі; тульскі смачны сувенір — пернік; чырвоная ласасёвая, чорная асятровая — ікра; тонкі армянскі хлеб — лаваш; спосаб захавання прадуктаў на доўгі час — кансервацыя; можа быць чорным, белым, малочным — шакалад; працэс, які ляжыць у аснове атрымання кефіру, — браджэнне; малако без сыроваткі — тварог; працёрты суп — пюрэ; суп з агуркамі і ячнымі крупамі — расольнік.

Агучваюцца вынікі першых двух конкурсаў.

Першы вядучы. Паспрабуйце здагадацца, пра што ідзе гаворка. У чыстым выглядзе амаль не сустракаецца. У старажытных народаў яно лічылася сімвалам бессмяротнасці і ўрадлівасці. Лаа Цзы сцвярджаў, што гэта “самая мяккая і самая слабая істота ў свеце, але ў пераадоленні цвёрдага і моцнага яна непераможная і няма ёй у свеце роўнага ў гэтым”. Антуан дэ Сент-Экзюперы ў “Планеце людзей” пісаў: “У цябе няма ні смаку, ні колеру, ні паху, цябе не апішаш, ад цябе атрымліваеш асалоду, не разумеючы, што ты такое. Ты не проста неабходная для жыцця, ты і ёсць жыццё”. Што гэта? (Вада.) А што ўяўляе сабой вада з хімічнага пункту погляду? (Аксід, амфатарнае рэчыва.)

***

Падчас конкурсу “Самае галоўнае рэчыва” каманды атрымліваюць заданне напісаць як мага больш эпітэтаў да слова “вада” (халодная, мінеральная, чыстая, марская, рачная, ледніковая, дыстыляваная, жывая, мёртвая, крынічная, кіпячоная, празрыстая, артэзіянская, мяккая, жорсткая і інш.). За аднолькавыя словы каманды атрымліваюць 0,5 бала, за розныя — 1, за найбольш арыгінальныя — 2. На выкананне задання — 2 мінуты.

У конкурсе “Народная мудрасць” спаборнічаюць капітаны, якія павінны прадоўжыць прымаўку ці прыказку. Правільны працяг — 0,5 бала, уласны, але арыгінальны — 0,5. Пры няправільным адказе адказвае капітан наступнай каманды. Напрыклад: “Не всё то полезно, что в рот…” (полезло), “Соловья баснями…” (не кормят), “Когда я ем, я глух…” (и нем); “Голодное брюхо к учению…” (глухо), “Аппетит приходит во время…” (еды), “Без обеда не красна…” (беседа), “Заварил кашу — не жалей…” (масла), “Горьким лечат, а сладким…” (калечат), “Мельница сильна водой, а человек… ”(едой), “Ешь щи с мясом, а нет, так и хлеб с…” (квасом), “Лук от семи…” (недуг), “Много есть — невелика…” (честь), “Проголодаешься — хлеба достать…” (догадаешься), “В здоровом теле здоровый…” (дух), “Ешь пирог с грибами, а язык держи за…” (зубами), “Здоровье дороже…” (богатства), “Всякому овощу свое…” (время), “Голод не…” (тетка), “Добрый повар стоит…” (доктора), “Что испек, то и…” (кушай), “Заболел живот — держи закрытым…” (рот).

Першы вядучы. Для насычэння арганізма ў ежы павінна прысутнічаць некалькі смакавых элементаў: салёны, салодкі, горкі, кіслы, востры, даўкі. Іх збалансаванасць — адна з умоў фізічнага, эмацыянальнага і інтэлектуальнага здароўя. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць спецыі, вострыя прыправы і прыправы.

Другі вядучы. Вострыя прыправы — гэта духмяныя лісце, карэнне і плады. Акрамя апетытнага паху, яны могуць надаваць ежы пякучы, даўкі ці горкі прысмак. Во-стрыя прыправы ўжываюцца ў кулінарыі пераважна ў сухім выглядзе і ў малой колькасці. Сёння вядома больш за 200 відаў вострых раслін. Спецыі не маюць яркага водару, але смак страў мяняюць кардынальна, робячы іх салодкімі, кіслымі, салёнымі ці вострымі (соль, цукар, сода, воцат, лімонная кіслата, дрожджы). Акрамя таго, спецыі могуць змяняць кансістэнцыю страў.

А вось прыправы — яшчэ больш шырокае паняцце. У іх складзе могуць быць і спецыі, і вострыя прыправы, і араматызатары. Прыправы могуць надаваць ежы пэўны смак, але могуць існаваць і як самастойная страва (маянэз, кетчуп, гарчыца, хрэн, смятана, соусы).

Першы вядучы. Веданне вострых прыпраў, спецый і прыпраў і ўменне іх выкарыстоўваць — вялікае мастацтва. Кухар-прафесіянал здольны вызначыць па паху амаль любую вострую прыправу. А ці справіцеся з гэтым вы?

***

Падчас конкурсу “Вострыя прыправы, спецыі і прыправы” каманды атрымліваюць карткі з назвамі і размяжоўваюць іх па групах, пасля чаго атрымліваюць прыправы ў 5 рознакаляровых невялікіх слоічках і вызначаюць па смаку і паху, дзе што знаходзіцца. За правільныя варыянты назваў на картках — 0,5 бала, за правільна вызначаныя прыправы — 1 бал.

Пакуль каманды выконваюць заданні, гледачам прапаноўваецца конкурс “Ці верыце вы?”. Кожны правільны адказ прыносіць камандзе 1 бал. Напрыклад: “Морква першапачаткова была фіялетавай (так); лагатып для ледзянцоў Chupa Chups распрацаваў Сальвадор Далі (так); страваванне пачынаецца ў страўніку (не); бульба — самы масавы прадукт у свеце (не, рыс); самае тлустае малако — у казы (у самкі цюленя); у французаў ёсць выраз “Архітэктар хавае свае памылкі фасадам, а кухар — кропам і пятрушкай” (не, соусам); апошняй кнігай Дзюма-бацькі была “Кніга кулінарных рэцэптаў” (так); перад тым як падаць на стол качку па-пекінску, у кітайскім рэстаране яе па традыцыі разрэжуць на 108 кавалкаў (так); геннамадыфікаваныя яблыкі прыгожыя і круглыя за кошт укаранення ў іх гена ласося (так); толькі 10% жыхароў Зямлі рэгулярна ўжываюць насякомых (не, 80%); бананы растуць на высокіх дрэвах (не, бананы — гэта трава); жуючы сельдэрэй, чалавек траціць больш калорый, чым атрымлівае ад яго засваення (так); эталонам па прастаце прыгатавання лічыцца манная каша (не, рэпа).

Святлана МЕЛЕХАВЕЦ,
настаўніца хіміі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”
ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста.