«Ежа стала на любы густ!» Як рэалізуецца пілотны праект па школьным харчаванні на Брэстчыне

- 10:14Актуально

У рэспубліканскім пілотным праекце па школьным харчаванні ўдзельнічаюць больш за 3 тысячы дзяцей з 3 устаноў адукацыі Брэстчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Яшчэ да пачатку ІІІ чвэрці, калі стартаваў праект, мы правялі анкетаванне вучняў і іх бацькоў, пасля чаго на агульным сходзе арганізавалі дэгустацыю школьных абедаў і падвячоркаў. Дарослыя і дзеці пакінулі водзывы пра новае меню, якія ўлічылі ў далейшай рабоце тэхнолагі і кухары, — гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 1 Маларыты Наталля Іванова.

На гадзінніку 12.45. Перапынак. У старшакласнікаў абед. У сталовай, якую лёгка адшукаць па апетытным паху, за лічаныя мінуты становіцца шматлюдна і шумна. На сталах, накрытых дзяжурнымі, духмяна пахне запечаная бульба з шашлычком і салатам. Талеркі на вачах спустошваюцца.  

Гэтая страва мне вельмі спадабалася, як, дарэчы, і іншыя, што з’явіліся ў новым меню, — дзеліцца дзесяцікласнік Аляксандр. — Раней такой разнастайнасці не было. З новых страў асабліва запомніліся адбіўныя. Часта даюць салаты. І правільна ро­бяць — гэта карысна!

Мне таксама падабаюцца новыя стравы, — далучаецца да размовы дзесяцікласніца Ганна. — Нават катлеты смачныя! Хацелася б, каб было больш салатаў, якія я вельмі люблю, і фруктаў. А вось выпечкі і здобы можна даваць куды менш. Цяпер нам часцей прапануюць сокі і кампоты, што вельмі добра. Праўда, крыху нязвыкла, што абед ссунуўся па часе. Цяпер ідзём у сталовую пазней.   

— Ежа стала на любы густ! — гаво­рыць адзінаццацікласніца Валерыя. — У меню два-тры разы на тыдзень — суп, і гэтага, лічу, дастаткова. Вельмі падабаецца выпечка. З новых страў запомніліся плоў, нагетсы і пельмені. Усё смачнае і незвычайнае для школьнага харчавання.

З праектам змяніліся і меню, і коль­касць прыёмаў ежы, ссунуўся час абедаў і падвячоркаў, — працягвае Наталля Іванова. — Мы апрабоўваем новыя падыходы, збіраем меркаванні і пажаданні дзяцей і ­бацькоў наконт больш эфектыўнага іх укаранення. Педагогі адзначаюць, што вучні ядуць новыя стравы з задавальненнем, без прымусу. Абеды сталі больш пажыўнымі і карыснымі. А гэта вельмі важна, бо дапамагае лепш засвойваць вучэбны матэрыял і не турбавацца пра тое, дзе можна чымсьці падсілкавацца. Галоўнае — захаваць баланс прынцыпаў здаровага харчавання і смакавых пераваг дзяцей.  

У меню ўнесены істотныя карэкціроўкі, — адзначае шэф-повар школьнай сталовай Людміла Меляшчук. — З’явілася шмат новых страў, якія станоўча ацанілі вучні: руб­леныя адбіўныя з птушынага філе, сасіска ў цесце, запяканка “Зебра”, блінчыкі “Усмешка” з тварагом і бананам. З супоў прапануем боршч, расольнік і суп з фрыкадэлькамі, якія найбольш падабаюцца дзецям. Каб менш заставалася адходаў, скарацілі аб’ём першых страў. Разам з тэхнолагам пастаянна карэкціруем меню: штосьці прыбіраем, а штосьці (па запытах дзяцей і бацькоў) дабаўляем. Так, калі ўбачылі, што вучні дрэнна ядуць рыбную катлету, паспрабавалі зрабіць натуральны шніцаль з рыбы. Сітуацыя адразу змянілася. Так і з іншымі стравамі. Асаблівая ўвага — салатам, якія школьнікі даволі часта не з’ядаюць цалкам. Знаходзімся ў нястомным пошуку балансу, каб было і смачна, і карысна.

Па словах шэф-повара, работы, безумоўна, дабавілася: новыя рэцэптуры спачатку патрабу­юць больш часу. Але галоўнае — апетыт дзяцей палепшыўся.

У меню сталовай Чарнаўчыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна з’явіліся адразу 24 навінкі, якія вучні не абышлі ўвагай.

— Дзеці сустрэлі эксперымент на ўра, — адзначае дырэктар школы Таццяна Сіняўская. — Меню складалася з улікам пажаданняў вучняў і бацькоў, выяўленых падчас анкетавання. Не скажу, што ў нас з’явіліся нейкія мудрагелістыя стравы. У меню стала больш садавіны і фруктаў. Новыя двухтыднёвыя рацыёны ўключаюць пельмені, нагетсы “Курачка”, бульбяныя долькі, піцу “Студэнцкая”, дранікі з мясам, салаты “Дзьмухавец” з сырам і “Цар-гарох” накшталт “Аліўе”. Замест хлеба да супоў падаюцца грэнкі. Пералік дэсертаў гучыць апетытна: аладкі з тварагом і згушчонкай, блінчыкі з бананам і шакаладам, ватрушкі з мармеладам. Асабліва даспадобы дзецям бананавы і шакаладны малочныя кактэйлі, малочна-шакаладная запяканка з джэмам і свежы салат з агародніны. Усё па-дамашняму смачнае!

Сярэдняя школа № 1 Брэста — самая буйная ўстанова адукацыі ў вобласці, дзе вучацца больш за 1,8 тысячы дзяцей. Звыш 80% з іх атрымліваюць двухразовае харчаванне ў выглядзе абедаў і падвячоркаў.

У рамках праекта правялі анкетаванне вучняў і бацькоў, на аснове якога гарадскі камбінат грамадскага харчавання распрацаваў тэхналагічныя карты новых страў і правёў іх дэгустацыю, прапанаваўшы не проста ацаніць па крытэрыях “смачна/нясмачна”, а найперш даць падрабязныя крытычныя заўвагі, — расказвае дырэктар школы Маргарыта Багдановіч. — Сёння меню ўкараняецца і абнаўляецца з улікам аналізу пажаданняў і крытычных заўваг, у тым ліку і бацькоў, якія актыўна ўдзельнічаюць у яго складанні. 

Мы распрацавалі шмат новых салатаў, але, на жаль, дзеці іх не ацанілі, бо аддаюць перавагу парцыённай агародніне, — заўважае намеснік дырэктара камбіната грамадскага харчавання Жанна Дуньковіч. — Так, ні вучням, ні бацькам не спадабаўся салат з марской капустай, чаго не скажаш пра салат з буракоў і беларускага жэньшэню. Сярод пажаданняў былі сасіскі, мітболы, шашлык, дранікі і нагетсы, якія мы задаволілі ў цікавым і карысным спалучэнні. На трэцяе школьнікі выбіраюць чай і напіткі без пладоў, а не традыцыйныя кампоты. Радуе, што дзецям прыйшліся даспадобы амаль усе нашы гарачыя стравы. Усё карэкціруецца ў працэсе. Дарэчы, даво­дзіцца працаваць не толькі над рэцэптурай, але і над назвамі страў, што не застаецца незаўважаным з боку школьнікаў.

Трэцякласніцы Арына і Варвара Старасценка ўспрынялі змяненні ў школьным меню станоўча і з вялікай цікавасцю: “Усё вельмі смачна і сытна. Здаецца, прадукты тыя ж, а стравы сталі іншымі, лепшымі, чым раней. Асабліва здзівіў шашлык! Ня­звыкла есці яго ў школе. Ды і порцыі даволі вялікія. Галодным сталовую дакладна не пакінеш! Хочацца, каб меню і надалей заставалася разнастайным”.

Па словах настаўніцы пачатковых класаў Наталлі Крукоўскай, у школе заўсёды ўдзялялі асаб­лівую ўвагу харчаванню, а работнікі сталовай нязменна радуюць малых і дарослых наведвальнікаў смачнымі стравамі. Сёння дзеці з радасцю спрабуюць варыяцыі новых страў з нязвыклых прадуктаў. Падабаюцца яны ці не, можна меркаваць па пустых талерках пасля прыёму ежы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ