ФабЛаб: змяняе свет і чалавечае мысленне

- 14:38Навука і інавацыі, Рознае

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрыўся Цэнтр навуковай творчасці студэнцкай моладзі “ФабЛаб”. Гэта пакуль адзіная ў нашай краіне лабараторыя для студэнтаў, абсталяваная лічбавым 3D-прынтарам і адпаведным праграмным забеспячэннем. Яна будзе дзейнічаць на базе Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, даючы магчымасць маладым талентам рэалізаваць іх творчы патэнцыял.

“Стварэнне ФабЛаб у БДУ — гэта сапраўды знамянальная падзея, бо сёння далёка не ўсе краіны маюць такія навукаёмістыя высокатэхналагічныя лабараторыі, — адзначыў першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў. — Мы хацелі б, каб гэтая лабараторыя змяніла не толькі аблічча нашай бібліятэкі, але і падыходы да навучання, а таксама падштурхнула студэнцтва да новага этапу творчасці, мыслення і стварэння тэхналогій”.
Трэба сказаць, што лабараторыя ФабЛаб з’явілася дзякуючы гранту, які выйграў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут маладыя даследчыкі будуць мець бясплатны доступ да спецыялізаванай тэхнікі і праграмнага забеспячэння для стварэння 3D-мадэляў. Адзінае, як сведчыць практыка іншых ФабЛаб, карыстальнікам давядзецца самастойна аплачваць кошт расходных матэрыялаў.
ФабЛаб абсталяваны прынтарам 3D CubeX Trio. Без гэтай ультрасучаснай прылады сёння не абыходзіцца ніводная вытворчая галіна ў свеце, бо з яе дапамогай рэалізоўваюцца самыя розныя тэхнічныя праекты.
“Шляхам 3D-мадэлявання можна праектаваць дэталі многіх тэхнічных устройстваў, рабіць візуалізацыю хімічных формул, крышталічных структур, ствараць аб’екты мастацтва і г.д., — тлумачыць дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Пётр Лапо. — Цяжка нават пералічыць усе сферы прымянення 3D-праектавання, можна сказаць, што яно выкарыстоўваецца ўсюды. Як сцвярджаюць нашы амерыканскія партнёры, на выкананне адной мадэлі ідзе ад 2 да 40 гадзін у залежнасці ад аб’ёму і складанасці распрацоўкі”.

Прынтар валодае вялікай камерай для пабудовы аб’ектаў і дазваляе ствараць дэталі памерам з баскетбольны мяч. Пры друку могуць выкарыстоўвацца тры колеры. Расходным матэрыялам з’яўляецца як традыцыйны пластык ABS, так і экалагічны PLA.
Вельмі важна, што ФабЛаб дае карыстальнікам доступ да праграмнага забеспячэння Cubify Invent, дзякуючы якому можна спампоўваць з каталогаў гатовыя мадэлі і будаваць свае ўласныя мадэлі ў спецыяльным фармаце CubeX. Студэнты забяспечваюцца метадычнай літаратурай для асваення сучаснага інструментарыю лічбавай вытворчасці і пры неабходнасці будуць атрымліваць прафесійнае кансультаванне. ФабЛаб — гэта суполка, якая аб’ядноўвае амаль тры сотні падобных лабараторый у свеце, і тут прыняты шырокі абмен вопытам, майстэрствам і ідэямі.
Падчас адкрыцця ФабЛаб Пётр Лапо адзначыў, што прысутныя з’яўляюцца сведкамі эпахальнай падзеі, якая зменіць аблічча чытальных залаў універсітэцкіх бібліятэк.
“Хацелася б, каб у бібліятэку прыходзілі не толькі студэнты-чытальнікі, але і студэнты-стваральнікі, — сказаў ён. — А мы пастараемся стварыць тут адпаведную атмасферу для творчасці. Каб усе складнікі — наш кніжны фонд, электронныя інфармацыйныя рэсурсы, такое абсталяванне, само жаданне студэнтаў змяняць жыццё да лепшага і бібліятэкар з новымі прафесійнымі якасцямі — стваралі сінергетычны эфект, які будзе змяняць жыццё і рабіць людзей, а таксама грамадства больш дасканалымі”.
Патрык Коўлграў, дырэктар навукова-тэхнічнай бібліятэкі імя Даламара Універсітэта штата Невада (ЗША), дзе таксама дзейнічае ФабЛаб, адзначыў, што студэнты БДУ атрымалі бязмежнае поле для творчасці.
“Я бясконца ўражаны і ўсхваляваны тымі магчымасці, якія чакаюць нас у будучыні, — заявіў прафесар. — І я здымаю капялюш перад дырэктарам Фундаменальнай бібліятэкі і кіраўніцтвам БДУ, якія аднымі з першых у свеце пераасэнсавалі адносіны да бібліятэк і іх уплыў на грамадства. Зараз прысутныя глядзяць на 3D-прынтар і іх мозг “узрываецца” ад таго, што можа зрабіць гэтая тэхналогія. Так было і ў нашай бібліятэцы, калі мы ўстанавілі падобнае абсталяванне і студэнты пачалі рабіць свае 3D-мадэлі. З цягам часу яны пераўтвараюцца ў асобныя праекты і ў сапраўдны бізнес. Я ўпэўнены, што тое самае чакае і беларускіх студэнтаў, якія скарыстаюцца гэтай тэхналогіяй. Зараз уся справа не ў чытанні, а ў стварэнні чагосьці новага”.

Усе прысутныя на цырымоніі адкрыцця ФабЛаб адзначалі, што БДУ атрымаў грант у многім дзякуючы Амбасадзе ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Напрыклад, супрацоўнікі інфармацыйнага цэнтра амбасады дапамаглі ўніверсітэту ў падрыхтоўцы заяўкі на грант, прадаставілі інфармацыю аб выкарыстанні 3D-прынтараў у амерыканскіх бібліятэках і г.д.
Аташэ па культуры Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Робін Саламон, якая таксама прысутнічала на адкрыцці ФабЛаб, адзначыла, што вельмі рада гэтай падзеі. Яна прызналася, што дагэтуль ніколі не бачыла, як працуе 3D-прынтар, і ўпершыню змагла паназіраць за гэтым працэсам менавіта ў БДУ.
“Амбасада ЗША ў Рэспубліцы Беларусь з задавальненнем супрацоўнічае з БДУ і падтрымлівае ўкараненне новых тэхналогій у бібліятэках, — сказала спадарыня Саламон. — І ў ЗША, і ў Беларусі бібліятэкі з’яўляюцца добрым месцам для таго, каб людзі маглі знаёміцца з новымі тэхналогіямі і ў перспектыве пачалі выкарыстоўваць іх у сваім жыцці. Бібліятэкі даюць магчымасць шырокаму колу людзей далучыцца да перспектыўных тэхналогій, па-новаму паглядзець на нейкія рэчы і атрымаць новыя ідэі. Бібліятэкі — гэта месца для ведаў і інавацый”.
Робін Саламон заўважыла, што магчымасць ствараць 3D-мадэлі розных вырабаў — гэта інавацыя не толькі для беларускіх, але і для амерыканскіх студэнтаў. “Сёння ў бібліятэцы БДУ ўстаноўлены першы 3D-прынтар, але трэба шукаць такія ж магчымасці і для іншых бібліятэк Беларусі, — адзначыла спадарыня Саламон. — Бо гэтая тэхналогія дае бязмежны прастор для навуковай творчасці”.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.