Факеланосцы пранясуць “Полымя міру” па месцах малой радзімы

- 12:04Інфармацыйная гадзіна

Вядомыя факеланосцы эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў пранясуць “Полымя міру” па месцах сваёй малой радзімы. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення цырымоніі і культурнай праграмы дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў Сяргей Хоміч на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні на тэрыторыі Гомельскай вобласці эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў.

Факеланосцамі выступяць 450 чалавек. Паводле слоў арганізатараў, гэта будуць спартсмены, вядомыя прадстаўнікі культуры, навукі, мастацтва, грамадскія дзеячы і інш. “Мы пастараліся злучыць шляхі вядомых факеланосцаў з іх малой радзімай. Каб у іх была магчымасць наведаць месцы, дзе яны нарадзіліся, а людзі, якія прыйдуць на мерапрыемства, змаглі ўбачыць сваіх знакамітых землякоў і паразмаўляць з імі”, — растлумачыў Сяргей Хоміч.

Да пачатку эстафеты “Полымя міру”, якая стане прадвеснікам II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі, засталося 100 дзён. “Еўрапейскія гульні — мультыспартыўныя спаборніцтвы — сама па сабе ўнікальная падзея для Беларусі. Эстафета “Полымя міру”, якая папярэднічае ім, стане своеасаблівым марафонам па знакавых і выдатных мясцінах кожнага рэгіёна”, — падкрэсліў Сяргей Хоміч.

Цяпер у рабочым парадку абмяркоўваюцца маршруты эстафеты агню, якія ўключаюць населеныя пункты, прадпрыемствы і выдатныя мясціны ўсіх рэгіёнаў. Плануецца, што ў кожным населеным пункце, дзе будзе зроблены прыпынак эстафеты, пройдзе сапраўднае спартыўна-культурнае свята.

Старт эстафеты намечаны на 3 мая ў Рыме, дзе будзе запалена полымя II Еўрапейскіх гульняў. Па Беларусі яно будзе падарожнічаць на працягу 50 дзён. Свой шлях па рэспубліцы “Полымя міру” пачне ў Брэсце 12 мая. Далей факел пранясуць больш як па 60 населеных пунктах ва ўсіх рэгіёнах краіны. У кожнай вобласці будзе прадуманы шасцідзённы маршрут. Фінішуе эстафета вынясеннем полымя на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня ў Мінску на стадыёне “Дынама”.