Факты і аргументы

- 11:05Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Гісторыю трэба вучыць, каб не паўтараць памылак мінулага. У гэтым упэўнена настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 17 Барысава Алена Аляксандраўна САРОКА. 

Алена Сарока выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 17 Барысава ўжо 5 гадоў. Сюды маладая настаўніца была размеркавана пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Выбіраючы будучую прафесію, я даверылася сваім адчуванням: мне заўсёды падабалася гісторыя, — прызнаецца А.Сарока. — Гэта заўважыла мая настаўніца Вольга Цімафееўна Пікун і пачала рыхтаваць мяне да раённых алімпіяд. Менавіта яна прывіла цікавасць да прадмета. Да таго ж, дзякуючы гісторыі, мы ў любы момант можам даведацца, што адбывалася на зямлі ў той ці іншы час. Я заўсёды пра гэта гавару сваім вучням і нагадваю, што кожны адукаваны чалавек павінен ведаць калі не ўсю сусветную гісторыю, то хоць бы гісторыю  сваёй краіны. Гэта дапамагае не паўтараць памылак мінулага. Нездарма бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці”.

На прафесійнае станаўленне студэнткі як настаўніцы паўплываў яе навуковы кіраўнік Андрэй Ула­дзіміравіч Любы. Настаўніца гаворыць, што да гэтага часу бярэ з яго прыклад: 

“Мне вельмі пашанцавала з выкладчыкамі ва ўніверсітэце, бо кожны з іх — прафесіянал, які не проста чытаў лекцыі, а ўкладваў сваю душу, быў адданы прадмету і справе. Гэта перадавалася нам, студэнтам”.

Узгадваючы першыя дні работы ў школе і першыя ўрокі, сураз­моўніца адзначае, што яны былі хвалюючымі. Але кожны наступны ўрок станавіўся больш цікавым, разнастайным і ператвараўся ў дыялог з класам.

Упэўнена, няма такіх дзяцей, якіх нельга зацікавіць. Трэба ўмець падбіраць правільныя метады работы, а таксама стварыць умовы, якія будуць садзейнічаць раскрыццю індывідуальных якасцей навучэнцаў.  

“Як толькі я лепш пазнаёмілася з вучнямі, хваляванне знікла, — працягвае расказваць настаўніца гісторыі. — Мне вельмі дапамаглі парады маёй калегі Таццяны Мікалаеўны Сакавец. Яе вопыт і майстэрства дазволілі хутчэй асвоіцца ў прафесіі. Заслужыць аўтарытэт сярод педагогаў і вучняў дапамагла любоў да прадмета і ўменне яго выкладаць”.

Размаўляючы пра тое, як зацікавіць прадметам тых навучэнцаў, каму гісторыя падаецца сумнай, Алена Аляксандраўна заўважае, што для кожнага вучня стараецца падабраць такое заданне, каб яно захапіла.

“Складаныя рэчы можна растлумачыць проста і даступна на прыкладзе са свайго жыцця або з жыцця знакамітых людзей, — дзеліцца сакрэтам А.Сарока. — Упэўнена, няма такіх дзяцей, якіх нельга зацікавіць. Для гэтага трэба ўмець падбіраць правільныя метады работы, а таксама стварыць умовы, якія будуць садзейнічаць раскрыццю індывідуальных якасцей навучэнцаў. Падчас урокаў прымяняю розныя метады, але перавагу аддаю тэматычным прэзентацыям, схемам, картам і інш.” 

Праз два гады адпрацоўкі ў школе настаўніцы даручылі класнае кіраўніцтва. Сёння яе дзеці — гэта ўжо навучэнцы 10 класа. 

“Са сваімі вучнямі адразу атрымалася знайсці агульную мову, — падкрэслівае Алена Сарока. — Ні разу за тры гады, пакуль з’яўляюся класным кіраўніком, цяжкасцей не ўзнікала. Наадварот, класнае кіраўніцтва збліжае з навучэнцамі, дазваляе больш дасканала вывучыць асобу кожнага. З бацькамі школьнікаў мне таксама пашанцавала. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, бо разуме-­
юць, што выхаванне дзяцей — гэта наш агульны абавязак”. 

Разважаючы аб тым, што самае складанае ў рабоце, Алена Аляксандраўна прызналася: “Знайсці правільнае рашэнне ў сітуацыях, якія здараюцца”. І дадае: “А самае прыемнае — гэта дзеці і калегі, якія заўсёды побач, яны ў мяне цудоўныя!”

Радзіма Алены Аляксандраўны Сарокі — Гомельская воб­ласць, але настаўніца вырашыла, што застанецца жыць і працаваць у Барысаве.

“Усё, што з намі здараецца, — невыпадкова, — лічыць педагог. — Калісьці я сама знайшла для размеркавання сярэднюю школу № 17 Барысава і рада, што трапіла менавіта ў гэты калектыў, да гэтых дзяцей. Спадзяюся, што змагу стаць
для кагосьці з вучняў такім жа прыкладам, якім была для мяне мая настаўніца гісторыі”.

Наталля САХНО.