Факультатыў на тэатральнай сцэне

- 11:53Адукацыйная прастора

Выкарыстанне тэатральнай сцэны ў вывучэнні замежнай мовы — выдатная магчымасць не толькі ўдасканальваць лексіку і маўленне, але і раскрываць творчыя здольнасці вучня, трэніраваць дзіцячыя эмоцыі і дапамагаць школьніку пераадольваць цяжкасці ў паводзінах і зносінах з аднакласнікамі. Настаўніца англійскай мовы Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Лізавета Ігараўна Казельская праводзіць факультатыўныя заняткі па англійскай мове “Мастацкае чытанне і драматызацыя” і дакладна ведае, што інсцэніроўка “Чырвонай Шапачкі” можа аб’яднаць любы клас, а пастаноўка “Бураціна” натрэніруе англійскае вымаўленне лепш за самыя эфектыўныя практыкаванні з падручніка.

Парэцкая сярэдняя школа — першае месца працы Лізаветы Ігараўны. І трэба адзначыць, удалае, таму што дапамагло раскрыць не толькі педагагічны, але і рэжысёрскі патэнцыял маладой настаўніцы англійскай мовы. Другі год Л.І.Казельская не толькі выкладае ў школе англійскую мову, але праводзіць і факультатыўныя заняткі “Мастацкае чытанне і драматызацыя”. За гэты час падрыхтавана некалькі англамоўных спектакляў: “Бураціна”, “Чырвоная Шапачка”, “Рэпка” (для малодшых школьнікаў).

Факультатыў хутка перабраўся на сцэну школы, а пасля і на падмосткі мясцовага клуба. Летась заняткі наведвалі толькі школьнікі аднаго з 5 класаў, а ў гэтым годзе дадаліся і іншыя пяцікласнікі. З новага навучальнага года тэатральна-мовазнаўчая дзейнасць яшчэ больш пашырыцца.

— Факультатыўныя заняткі “Мастацкае чытанне і драматызацыя” можна падзяліць на два этапы, якія немагчымы адзін без аднаго. Першы — тэарэтычны. Тут мы разбіраем базавыя літаратурныя паняцці, жанры, прыгадваем і характарызуем станоўчых і адмоўных герояў прачытаных раней твораў мастацкай літаратуры. Спачатку 5—6-класнікам, якія наведваюць заняткі, цяжка ўспрымаць такую інфармацыю на англійскай мове, таму час ад часу пераходжу на родную мову, але яна з кожным разам гучыць усё радзей, — расказвае Лізавета Ігараўна. — На другім этапе мы выбіраем пэўны твор для пастаноўкі на сцэне і пачынаем працаваць над ім. Тэксты стараюся выбіраць такія, каб не перагружаць дзяцей вялікай колькасцю новай лексікі, арыентуюся на ўзрост навучэнцаў, іх інтарэсы і ўзровень ведання мовы. Апошнім часам аблюбавалі казкі. Але тэксты на замежнай мове, нават казачныя, нялёгкія для ўспрымання, а тым больш развучвання 5—6-класнікамі, таму адразу разбіраем лексічны і граматычны матэрыял, працуем над тэхнікай чытання.

Для пашырэння слоўнікавага запасу на факультатыўных занятках Лізавета Ігараўна прапаноўвае заданні, накіраваныя на засваенне лексікі. Напрыклад, калі на асноўных уроках англійскай мовы школьнікі праходзяць прыметнік, то на факультатыве спрабуюць даць характарыстыку героям абранай для пастаноўкі казкі з дапамогай гэтай часціны мовы. Разам з настаўніцай дзеці падбіраюць да апорных слоў са сцэнічнага тэксту сінонімы, антонімы, вылучаюць выкарыстаныя ў тэксце сродкі мастацкай выразнасці.

— У пачатку факультатыўных заняткаў абавязкова некалькі хвілін удзяляем англійскім скорагаворкам. Гэта разаграе маўленчыя органы, робіць вымаўленне больш дакладным і хутка ўключае дзяцей у актыўную работу. Шмат працуем над інтанаваннем — выразным чытаннем тэксту, а таксама над мімікай, таму што яна з’яўляецца галоўным інструментам у перадачы пачуццяў і эмоцый. Для гэтага робім мімічную размінку, крыўляемся, — працягвае Лізавета Ігараўна. — Калі матэрыял будучай пастаноўкі засвоены, праводзім своеасаблівы кастынг на ролі. Дзеці развучваюць невялікія ўрыўкі з абранай казкі і спрабуюць разыграць іх на сцэне, а астатнія ўдзельнікі заняткаў ацэньваюць выступоўцаў. Найбольш важным у гэты момант лічу пастарацца не праяўляць рэжысёрскую ці настаўніцкую дыктатуру, не назначаць ролі, а даваць вучням свабоду ў размеркаванні роляў паміж сабой.

Да падрыхтоўкі тэатральных сцэн з задавальненнем падключаюцца і тыя, хто факультатыў не наведвае. У прыватнасці, хлопцы рыхтуюць на ўроках працоўнага навучання бутафорыю і некаторыя дэкарацыі.

Першае выступленне падапечных Л.І.Казельскай адбылося падчас семінара з удзелам настаўнікаў замежнай мовы, які праходзіў у Парэцкай школе. Для дэбюту падрыхтавалі інсцэніроўку казкі “Чырвоная Шапачка”. Адразу пасля гэтага выступоўцаў запрасілі паказаць творчыя здольнасці на вялікай клубнай сцэне перад дэлегацыяй з Польшы.

— Пасля выступлення на сцэне абавязкова праводжу не зусім стандартную рэфлексію: збіраю сваіх акцёраў за салодкім сталом, разам мы праглядаем відэа выступлення, аналізуем яго, адзначаем цікавыя прыёмы, выкарыстаныя “калегамі” па сцэне, абмяркоўваем не вельмі ўдалыя моманты. Нязмушаны дыялог настаўніка з дзецьмі дапамагае больш глыбокаму разуменню і замацаванню не толькі драматычных, але і маўленчых уменняў. Але самае галоўнае — гэта аб’ядноўвае клас, раскрывае характары і інтарэсы дзяцей, — рэзюмуе педагог.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва Лізаветы КАЗЕЛЬСКАЙ.