Фальбонкі і гарсэты здзівілі расіян

Дыплом пераможцы прывезла ў родныя Калінкавічы настаўніца рускай мовы і літаратуры калінкавіцкай сярэдняй школы № 2 Алена Кротава з Усерасійскага форуму педагагічнага майстэрства.

У Маскве яна прадставіла калінкавіцкі строй і падзялілася сваімі набыткамі, як вучыць рускай мове на аснове беларускіх каштоўнасцей. А яшчэ Алена Уладзіміраўна праспявала “Купалінку” так, што зачаравала ўсіх нашай мілагучнай беларускай мовай.

— Для нас дзіўна, але для многіх расіян сапраўдным адкрыццём стала знакамітая народная песня “Купалінка”. Слухалі, а потым падыходзілі і казалі: “Якая прыгожая ў вас мова”. А яшчэ адна жанчына заўважыла: “Вы так цікава расказалі пра свае Калінкавічы, што цяпер здаецца, што гэта другі па значнасці горад у краіне”, — усміхаецца Алена Уладзіміраўна.

У межах рэалізацыі праекта “Усерасійскі форум культур і моў народаў Расійскай Федэрацыі” ў Маскве нядаўна прайшоў Форум педагагічнага майстэрства настаўнікаў роднай, у тым ліку рускай, мовы. На яго калінкавіцкага педагога запрасілі пасля ўдзелу ва ўсерасійскім майстар-класе напярэдадні. Там яна перамагла ў намінацыі “настаўнік-метадыст”. Па задуме арганізатараў, форум закліканы спрыяць стварэнню прафесійнага камунікатыўнага асяроддзя для ўзаемаабмену перадавымі інавацыйнымі метадамі выкладання роднай мовы ў асяроддзі педагогаў, а таксама фарміраванню ў педагогаў кампетэнцый па выкарыстанні патэнцыялу культуры ў папулярызацыі роднай мовы.

Алена Уладзіміраўна стала пераможцай завочнага этапу конкурсу педагагічнага майстэрства, які праводзіўся ў рамках форуму. Па словах настаўніка, мерапрыемствы праходзілі на пляцоўцы Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Камісіі па развіцці дашкольнай, школьнай, сярэдняй прафесійнай адукацыі і асветніцкай дзейнасці. У рамках форуму прайшлі конкурс педагагічнага майстэрства настаўнікаў, у якім прынялі ўдзел больш за 600 удзельнікаў. Таксама прайшла выстава прадметаў традыцыйнай матэрыяльнай культуры, семінар “Патэнцыял культуры ў папулярызацыі роднай мовы”, а таксама круглы стол.

— На дэманстрацыі нацыянальных строяў як элементу культуры ў адукацыйным працэсе я правяла прэзентацыю гарнітура калінкавіцкага строю і падрабязна расказала, што азначае кожная дэталь адзення і арнаменту, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Дарэчы, традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Усходнім Палессі бытаваў у XIX — першай палове XX стагоддзя пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных фальбонак, каўнярамі жаночых кашуль, прыгожымі, багата аздобленымі гарсэтамі.

Алена Кротава прадставіла на форуме і абагульненне вопыту работы па фарміраванні каштоўнасных арыентацый школьнікаў на ўроках рускай літаратуры. Гаворыць, яе запрашалі прыязджаць і дзяліцца вопытам далей.

— Пасля ўдзелу ў конкурсах я вырасла прафесійна. Я паглядзела на развіццё рускай мовы ў Беларусі зусім у іншым ракурсе. Напрыклад, стала інакш падбіраць тэксты для чытання: на рускай мове, але з нашым нацыянальным беларускім каларытам. Мы ж павінны захоўваць свае карані.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.