Фальклор для самых маленькіх

Калыханка, забаўлянка, песня, танец, казка, рытмы і мелодыі маляўнічых узораў, вышываных ручнікоў успрымаюцца ў адзінстве, калі яны з дзяцінства акружаюць вучня. Пры комплексным уздзеянні розных відаў народнай творчасці маляўнічы свет беларускага фальклору раскрываецца адмыслова эмацыянальна і займальна і з’яўляецца сродкам выхавання патрыятычных і нацыянальных пачуццяў дзяцей дашкольнага ўзросту.

Гэтае багацце павінна дайсці да кожнага маленькага чалавека нашай краіны. Задача педагога заключаецца ў тым, каб у цікавай, зразумелай форме пазнаёміць дзяцей з беларускім фальклорам.

Працуючы музычным кіраўніком у яслях-садзе № 15 Смаргоні, я стараюся дапамагчы выхаванцам назапасіць першапачатковыя веды аб малой радзіме, роднай Беларусі і паспрыяць зараджэнню ў іх нацыянальнай самасвядомасці. У гэтым працэсе асноўнай маёй задачай з’яўляецца не абмяжоўвацца разавымі і разрозненымі мерапрыемствамі, а зрабіць работу сістэматычнай, цікавай і змястоўнай.

На музычных занятках мы слухаем, спяваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі (“Калыханка”, “Спі, сыночак міленькі”, “Ах ты, коценька-каток”), песенькі (“Зайка”, “Вось які Мурлыка”, “Жавароначкі, прыляціце”, “Го-го-го, каза”), забаўлянкі (“Кую, кую ножку”, “Чэ-чэ-чэ, сарока”, “Мышка, мышка, дзе была”), да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні гукаперайманняў, асноўных слоў, выразаў. Меладычныя, вобразныя, простыя для ўспрымання, яны хутка засвойваюцца дзецьмі і спрыяюць азнаямленню іх з багаццем і разнастайнасцю навакольнага свету, уводзяць у свет народнай музыкі і роднай мовы.

Каб дзецям было больш цікава, выкарыстоўваю лялек: дзяўчынак Марыльку і Алесю, хлопчыка Яську. Яны паасобку альбо разам прыходзяць да дзяцей, цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, загадваюць загадкі, расказваюць гісторыі аб Смаргоншчыне і родным краі, знаёмяць з народнымі музычнымі інструментамі, дапамагаюць спяваць і танцаваць. Такім чынам я наладжваю сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове, шырока выкарыстоўваючы беларускі фальклор, фармірую музычна-эстэтычныя патрэбнасці, эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны да народнай музыкі.

Народныя святы займаюць асобнае месца ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці дзяцей. Святкуем мы іх па народным календары. Гэта стварае адпаведны настрой. Да кожнага свята адносімся беражліва, з захаваннем усіх прыгожых жывых мясцовых асаблівасцей у як мага больш натуральных умовах і блізкай да народнай форме.

Пры падрыхтоўцы да свят выхаванцы з вялікай цікавасцю развучваюць абрадавыя песні, карагоды, гульні, танцы, інструментальныя творы. У час правядзення свята яны знаёмяцца з абрадамі, народнымі промысламі, з тым, як нашы продкі адпачывалі і як працавалі, у што яны гулялі. Музыка, гульні, жарты, завітанне народных персанажаў — неад’емная частка свят. На працягу некалькіх гадоў намі былі праведзены такія святы, як “Калядкі”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Багач”, “Камаедзіца”.

Яшчэ адна цікавая форма азнаямлення выхаванцаў з гісторыяй і культурай малой радзімы і нашай краіны — тэатр “Батлейка”. Дзеці — удзельнікі тэатра, вельмі любяць ставіць спектаклі. Яны з задавальненнем агучваюць лялек-персанажаў, уносячы ў сваё выкананне нешта незвычайнае, самастойна водзяць іх па батлеечнай скрыні. За апошні час нашы выхаванцы паказалі шмат беларускіх народных казак: “Як кот звяроў напалохаў”, “Мядовая хвароба”, “Каза-манюка”, “Коцік, пеўнік і лісіца”. Удзел у пастаноўках тэатра вучыць нашых выхаванцаў любіць сваю гісторыю і народ, Бацькаўшчыну.

Відавочна, што зварот да беларускага фальклору аказвае сур’ёзную дапамогу ў справе выхавання патрыятычных і нацыянальных пачуццяў дзяцей дашкольнага ўзросту. Асабліва неабходны яго жыватворны, ачышчальны ўплыў маленькаму чалавеку. Напіўшыся з гэтай чыстай крыніцы, дзіця спазнае сэрцам родны народ, стане духоўным спадчыннікам яго традыцый.

Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 15 Смаргоні.