Фальклорны матыў

Куды б ні закінуў лёс, якімі б шляхамі-пуцявінамі ні ішоў па жыцці чалавек, яго заўсёды кліча да сябе малая радзіма. У вёсачцы ці гарадку, дзе нарадзіўся, зрабіў свае першыя крокі, — яго карані, якія, нібы жыватворная сіла, надаюць моцы, наталяюць душу. Малая радзіма — гэта не толькі родны дом, бацькі, сваякі: тут сканцэнтраваны вопыт і мудрасць продкаў. Захаванню і папулярызацыі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларусаў, іх самабытнай культуры прысвяціла сваё жыццё і працоўную дзейнасць доктар філалагічных навук прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Валянціна Станіславаўна НОВАК.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ чатыры дзесяцігоддзі яна працуе на філфаку вядучай установы вышэйшай адукацыі Палесся, распрацавала канцэпцыю рэгіянальнага даследавання фальклору Гомельскай вобласці. Пад рэдакцыяй вядомага вучонага-фалькларыста, нястомнага даследчыка этнаграфічных з’яў, абрадаў, іх збіральніка і прапагандыста падрыхтавана і выдадзена 14 фальклорна-этнаграфічных зборнікаў па народнай духоўнай культуры раёнаў Гомельшчыны. Сярод іх — “Крыніц кармянскіх перазвоны”, “Хойнікшчыны спеўная душа”, “Лоеўшчына… Бэзавы рай, песенны край”, “Жыцця палескага бяздонныя глыбіні”, “Малой радзімы запаветы продкаў”, “Чачэршчына, нам дадзеная лёсам” і іншыя. Прысвяціла Валянціна Станіславаўна выданні і сваім родным мясцінам — Лагойшчыне (“Бласлаўлёнай зямлі неўміручыя скарбы”), а таксама Нясвіжскаму раёну (у 2012 годзе Нясвіж быў выбраны культурнай сталіцай Беларусі). Тэмай яе даследавання была спадчына Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Падрыхтаваныя Валянцінай Новак кнігі, вучэбна-метадычныя і практычныя дапаможнікі па фалькларыстыцы, славянскай міфалогіі актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе будучых педагогаў. Яна апублікавала каля 400 навуковых работ.

Валянціна Станіславаўна з’яўляецца членам савета па абароне доктарскіх дысертацый Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, выступае апанентам па кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыях. Яна ўключана ў Міжнародную арганізацыю фальклорнага  мастацтва.

Вучонага цікавяць і набыткі калег з блізкага і далёкага замежжа. Неаднаразова Валянціна Новак прымала ўдзел у міжнародных канферэнцыях, якія праходзілі ва Украіне, Польшчы, Аўстрыі, Расіі, дзе выступала з дакладамі аб самабытнай культуры жыхароў Гомельшчыны. Сваю захопленасць фальклорам Валянціна Станіславаўна змагла перадаць студэнтам, маладым навукоўцам, аспірантам, якія паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі і працуюць зараз у ГДУ.

Тактоўная, ветлівая, надзвычай сціплая і добразычлівая, яна ўмее шчыра парадавацца за поспехі калег, калі неабходна, падтрымаць словам і справай. Тым, хто побач з Валянцінай Станіславаўнай, цёпла і ўтульна ў аўры яе дабрыні і спагады.

Кожнае лета будучыя філолагі разам з прафесарам адпраўляюцца ў цікавыя вандроўкі па Гомельшчыне. Яны сустракаюцца з вяскоўцамі, запісваюць ад іх звесткі аб каляндарна-абрадавых святах, замовы, паданні, легенды, прымаўкі. Усе гэтыя моўныя скарбы складаюць архіў навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі, дзе студэн­ты і магістранты вядуць актыўную навукова-даследчую работу, вывучаюць спадчыну продкаў. Яны ствараюць таксама творчыя варыянты сцэнізацыі фальклорных свят і абрадаў, якія прапануюць у сваёй рэжысёрскай пастаноўцы студэнтам, школьнікам і ліцэістам, шырокай грамадскасці Гомеля. Навуковыя работы ўдзельнікаў лабараторыі, выкананыя пад кіраўніцтвам Валянціны Станіславаўны, былі ўдастоены  дыпломаў лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Дзейнасць лабараторыі адзначана грантам Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.

Бясцэнная праца, якую Валянціна Станіславаўна вя­дзе па зборы фальклорна-этнаграфічных звестак і абрадаў раёнаў, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. Яны запісаны ад перасяленцаў, якія ўжо ніколі не вернуцца ў родныя хаты. А моўныя скарбы — гэта помнікі вёскам, што сышлі ў нябыт.

За вялікі ўклад у справу захавання духоўнай спадчыны беларускага народа Валянціна Новак узнагароджана медалём Францыска Скарыны, адзначана граматамі, прэміямі, падзякамі.

За мінулыя дзесяцігоддзі зроблена шмат, але наперадзе яшчэ нямала працы ў выбраным кірунку.

— Мая мара — падрыхтаваць кнігі яшчэ па сямі раёнах, каб атрымалася поўная энцыклапедыя народнай духоўнай культуры Гомельшчыны, — падзялілася планамі Валянціна Станіславаўна. — Зараз актыўна працую над выданнем, якое будзе прысвечана Нараўлянскаму раёну.

Тамара ДУБЯК.
Фота з архіва навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі ГДУ імя Францыска Скарыны.