Фанфары ў гонар рэспубліканскіх алімпіяднікаў

- 10:23Адукацыйная прастора
фота з сайта www.gomelradio.by

Учора ў палацах культуры, цэнтрах маладзёжнай творчасці прагучалі фанфары ў гонар удзельнікаў чацвёртага рэспубліканскага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у якім бяруць удзел 1500 школьнікаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі, Ліцэя Белдзяржуніверсітэта, Ліцэя БНТУ. Акрамя таго, ужо традыцыйна ў рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтвах прымуць удзел і госці з іншых краін.

Прадэманстраваць свой інтэлектуальны патэнцыял у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры прыедуць навучэнцы з польскай Гайнаўкі і Літвы. А юныя масквічы пакажуць свае матэматычныя і фізічныя здольнасці. У склад абласных каманд увайшлі лепшыя юныя інтэлектуалы рэгіёна, якія былі вызначаны падчас абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.

фота з сайта www.gomelradio.byШтогод рэспубліканская алімпіяда па агульнаадукацыйных прадметах праводзіцца сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Традыцыйна рэспубліканская алімпіяда праводзіцца па шаснаццаці агульнаадукацыйных прадметах: матэматыцы, фізіцы, астраноміі, хіміі, біялогіі, інфарматыцы, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай), беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, працоўным навучанні.
Сёлета ў Брэсце сабраліся лепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры, у Мінску — рускай мовы і літаратуры. Мазыр прымае замежнікаў, у Віцебску стануць вядомы пераможцы алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, у Гродне вызначаць лепшых інфарматыкаў, у Магілёве — хімікаў і біёлагаў. У Гомелі будуць вырашаць, хто першы ў краіне па гісторыі, грамадазнаўстве і геаграфіі, а ў Лідзе стануць вядомы імёны лепшых майстроў і майстрых. Тут праходзіць рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні.

Як вядома, прадметныя алімпіяды праходзяць у некалькі тураў. Алімпіяды па інфарматыцы, замежных мовах, працоўным навучанні, рускай і беларускай мовах і літаратуры праводзяцца ў тры туры, па астатніх прадметах — у два. А каб удзельнікі алімпіяды маглі адпачываць ад разумовага напружання, арганізатары ў кожным рэгіёне паклапаціліся пра насычаную культурную праграму.
Удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды будуць прапанаваны наведванне гістарычных і памятных месцаў, тэатраў, музеяў, розныя экскурсіі, вечары сустрэч і адпачынку. Акрамя таго, у межах заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды плануюцца сумесныя мерапрыемствы з педагагічнай грамадскасцю, навучэнцамі навучальных устаноў адпаведных населеных пунктаў.

У 2013 годзе будзе праводзіцца 63-я алімпіяда па матэматыцы, пяцьдзясят другая — па фізіцы, сорак сёмая — па хіміі, трыццатая — па замежных мовах, дваццаць дзявятая — па беларускай мове і літаратуры, дваццаць восьмая — па рускай мове і літаратуры, дваццаць шостая — па інфарматыцы, дваццаць пятая — па біялогіі, дваццаць чацвёртая — па геаграфіі, 18-я — па астраноміі, шаснаццатая — па гісторыі, дзявятая — па грамадазнаўстве і працоўным навучанні.
Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны дыпломамі I, II, III ступеней і прызамі Міністэрства адукацыі. Па рашэнні журы, сельскім школьнікам, якія найбольш паспяхова выступілі, удзельнікам заключнага этапу алімпіяды па кожным вучэбным прадмеце будуць уручаны спецыяльныя прызы міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Згодна з правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды залічваюцца на адпаведныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і геаграфіі пройдзе з 25 па 30 сакавіка 2013 года, па астатніх вучэбных прадметах — з 25 па 29 сакавіка.
Рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах вызначыць і патэнцыяльных удзельнікаў міжнародных алімпіяд. Міжнародная алімпіяда па матэматыцы ў гэтым годзе пройдзе ў Калумбіі, па хіміі — у Расіі, па біялогіі — у Швейцарыі, па інфарматыцы — у Аўстраліі, па астраноміі — у Літве, па геаграфіі — у Японіі, па фізіцы — у Даніі.
Больш падрабязна аб ходзе і адметнасцях рэспубліканскай алімпіяды бягучага года чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by