Што такое бульба для беларуса? Хоць яе і называюць другім хлебам, але ядзім мы яе куды больш. Бульба — аснова беларускай нацыянальнай кухні. З яе можна прыгатаваць больш за тысячу страў: калі штодзень гатаваць новую страву пройдзе тры гады, пакуль мы не пакаштуем іх усе. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства прапанавалі навучэнцам адысці ад гастраноміі і паглядзець на ўсімі любімую бульбу з эстэтычнага пункту погляду. Вынікам стала незвычайная выстава-конкурс “Фантазіі ў мундзіры”, у якой прынялі ўдзел каля чатырох дзясяткаў удзельнікаў.
У народаў існуе традыцыя прызнаваць любімыя рэчы “фундаментальна”. Прызнанні бульбе ў камені красуюць у дзясятках гарадоў па ўсім свеце: Канадзе, Польшчы, Германіі, Расіі, Румыніі, Швецыі, Аўстраліі, Японіі і іншых. Самы знакаміты помнік беларускаму драніку чамусьці “прапісаўся” ва Украіне. Сваё ганаровае месца бульбяны манумент павінен быў заняць і ў цэнтры Мінска ў 2005 годзе, калі адзначалася 150-годдзе збору першага ўраджаю бульбы на тэрыторыі Беларусі. Але, на жаль, нешта не атрымалася, і засталася Беларусь, як той шавец.
Таму выстава “Фантазіі ў мундзіры” — гэта своеасаблівая спроба выправіць гэтую несправядлівасць і прыгожа прызнацца ў любові беларускай бульбе. Юныя фларысты стварылі ў выставачнай галерэі РЦЭіК цудоўную атмасферу творчасці і гармоніі, напоўненую яркімі фарбамі і пяшчотнымі водарамі кветак, парадавалі арыгінальнасцю і новым поглядам на любімую бульбу, прадставілі беларускую прыгажуню ва ўсёй красе, выкарыстаўшы ў інтэр’ерных кампазіцыях не толькі яе клубні, але і зяленіва, кветкі, карані, расткі. Дарэчы, выстава — гэта вынік каласальнай доследнай работы. Для ўдзелу ў конкурсе бульбу трэба было спачатку вырасціць. Прычым калі аўтары хацелі выкарыстаць кветкі, то павінны былі пасадзіць, вызначыўшы тэрміны, каб бульба якраз цвіла і зяленіва было свежым, зялёным. Калі планавалі выкарыстоўваць клубні, то павінны былі прадумаць, якія пасадзіць: белыя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя.
— Калі мы вызначалі намінацыі для конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, вырашылі прапанаваць бульбу ў якасці фларыстычнага матэрыялу, — гаворыць Вольга Камінская, метадыст РЦЭіК. — Усе намінацыі ў гэтым конкурсе завочныя, а вось паэксперыментаваць з бульбай юных фларыстаў мы запрасілі да нас у цэнтр. Гэта самая папулярная расліна, а самы просты рэцэпт прыгатавання — бульба ў мундзіры. І мы ў намінацыі “Фантазіі ў мундзіры” паспрабавалі пафантазіраваць і, нягледзячы на прастату, знайсці ў гэтым адметны смак.
Сапраўды, фантазіі нашым фларыстам не пазычаць. А калі да яе дадаць яшчэ назіральнасць! Напрыклад, Антон Данік і Аляксандр Жмайлік, выхаванцы Ваўкавыскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, па ідэі для сваёй кампазіцыі адправіліся ў лес і знайшлі іх, назіраючы за жыццём жыхароў муравейніка. Так у творчай майстэрні з’явілася іх руплівая мурашыха Ірына, яе муж мураш і мноства маленькіх памочнікаў. Нагадалі хлопчыкам клубні і выявы яшчэ адных лясных жыхароў — вожыкаў. Яны толькі трошкі саступілі пераможцам, і ім дасталася другое месца.
Настасся Куляшэўская і Лізавета Шыловіч са Слуцкага эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў таксама стварылі лясную кампазіцыю — кошык з бульбянымі грыбамі. Дзяўчаты ўжо не першы год займаюцца флорадызайнам, а вось з бульбай працавалі ўпершыню.
— Кампазіцыю павінны складаць тыя кампаненты, якія змогуць захавацца на працягу пэўнага часу, — тлумачыць Ліза. — Бульба ў гэтым сэнсе можа быць рызыкоўным матэрыялам, калі толькі не выкарыстоўваць цэлыя клубні. Але мы паспрабавалі паэксперыментаваць. Калі парэзаць бульбіну, яна, канечне, пачарнее, таму мы выразаныя з яе грыбы цалкам абсмажылі — гэта гарантуе прыстойны выгляд на працягу некалькіх дзён. Для баравікоў захавалі характэрную для гэтага грыба шапку: каб яна была карычневая, мы проста яе не абіралі. А вось для маслякоў павінна была быць светла-сметанковая шапачка, тут абсмажванне магло ўсё сапсаваць. Таму колер мы захавалі, зварыўшы бульбу ў растворы воцату.
Няхай грыбы са Слуцка былі толькі арт-аб’ектам, а іх смак быў бы спрэчным, затое бульбяныя ружы з Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна прыцягвалі наведвальнікаў і іншых канкурсантаў сваім вядомым і любімым кожнаму пахам. Ружы са смажаных хрусткіх лустачак — фірменная страва на кожным святочным стале іх аўтараў — Валянціны Дзехцяровай і Яны Цыгулёвай. Дзяўчаты падзяліліся сваім рэцэптам і расказалі, што не трэба баяцца чыпсаў, калі яны зроблены з беларускай бульбы без усялякіх хімічных дабавак. А каб надаць лустачкам эластычнасць, трэба перад смажаннем замачыць іх на гадзіну ў падсоленай вадзе, а потым змацаваць завостранымі палачкамі. Гэтае спалучэнне смаку і неверагоднай прыгажосці, увасобленай у крыштальных сасудах, аздобленае каляровымі таматамі, прынесла дзяўчатам другое месца.
У тым, што бульба годная не толькі расці ў зямлі, хаваючыся ад сонца, упэўнены і выхаванкі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Пазняк і Юлія Гарбенка. Яны сплялі з бульбы вянок, аздобілі яго кветкамі і адправілі ўвысь на дзіўных казачных арэлях.
Новае ўвасабленне снапа для дажынак прадставілі выхаванкі Калінкавіцкага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Настасся Шорахава і Аліна Рубцова. Нанізаныя, нібы зярняты, бульбіны, падперазаныя каляровымі стужкамі, нагадвалі гіганцкія каласы.
— Мяркуючы па іх рабоце, ураджай бульбы ў цэнтры сёлета багаты, — адзначыла намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Паўлаўна Каліноўская, якая ніяк не магла адысці ад гэтай кампазіцыі. — Акрамя таго, дзяўчаты знайшлі такія клубні, якія нагадваюць фантазійных жывёл. І сама форма — сноп — для нас вельмі нязвыклая ў такім выкананні. Сноп у нас асацыіруецца толькі са збожжавымі культурамі, а вось бульбянога снапа, колькі ў нас праводзіліся Дажынкі, мы яшчэ не бачылі.
Дзяўчатам дасталася прызавое трэцяе месца. На гэтай жа прыступцы аказаліся Валерыя Дамашкевіч і Уладзіслава Златкевіч з Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Пінска, Настасся Гурына і Кацярына Шпак з Экалагічнага цэнтра Белаазёрска і Майіна Красюкова і Хрысціна Быкава з Барысаўскага экалагічнага цэнтра.
У тым, што падсілкаваўшыся бульбай, можна адчуць сілу волата, упэўнена каманда з Цэнтра дадатковай адукацыі “Кантакт” Мінска — Максім Багіна і Яўген Варабкала, таму з бульбы яны стварылі вобраз зубра.
Першае месца дасталася самым юным удзельнікам конкурсу — Лізе Марозавай і Мікіту Буслу са Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі за іх вытанчаную лаўку. Традыцыйна гаспадыні, папрацаваўшы на агародзе, збіраюцца перадыхнуць са сваімі суседкамі, абмеркаваць, якая бульба ўрадзіла, якія наліліся яблыкі, якая сакавітая вырасла морква. Жанчыны разышліся, а ўся садавіна і агародніна з размоў сялянак, канечне, пад старшынствам бульбы, засталася блішчэць сакавітымі бакамі на гэтай жа лаўцы.
Так што, паважаныя чытачы, не сумуйце, што заканчваюцца цёплыя дзянькі. Даставайце з падвалаў і мяхоў бульбу і пачынайце тварыць. Няхай ваша кампазіцыя будзе не вельмі даўгавечнай, затое гэта цудоўная магчымасць прыпыніць восень, затрымаць свята ўраджаю і атрымаць асалоду ад бульбы не толькі з відэльцам у руцэ, але і эстэтычную. Не ведаеце, з чаго пачаць? Хутчэй адпраўляйцеся па ідэі ў галерэю Цэнтра экалогіі і краязнаўства. Толькі трэба паспяшацца. Такія экспанаты чакаюць сваіх гледачоў усяго некалькі дзён.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.