Напярэдадні Каляд і Новага года Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства праводзіць традыцыйную рэспубліканскую выставу-конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія”. 20 снежня ў цэнтры адкрылася экспазіцыя з 239 работ, прывезеных з усіх куткоў краіны. Гэта навагоднія ёлкі, ёлачныя ўпрыгажэнні, цацкі і кампазіцыі з прыродных матэрыялаў. У гэтым годзе выстава праходзіць ужо 16-ы раз.
Работы прадстаўлены ў вочных і завочных намінацыях. Вочны конкурс прайшоў у цэнтры ў пачатку снежня, тады ўдзельнікі за абмежаваны час стваралі фларыстычныя пано на тэму “Чароўная казка”. Лепшыя работы цяпер выстаўлены ў фларыстычным музеі цэнтра.
Завочных намінацый традыцыйна больш. Гэта фларыстычная цацка “Сімвал года”, этнаграфічная лялька “У госці да Зюзі”, “Ёлачныя каралі”, ёлка “Навагодняя прыгажуня” і інтэр’ерная кампазіцыя “Хутка, хутка Новы год”. Этнаграфічных лялек на конкурсе выстаўлена больш за 50. Натхненне канкурсанты чэрпалі з беларускай міфалогіі, ствараючы фальклорных персанажаў: напрыклад, старажытнага бога зімы Зюзю і Зазоўку — доўгавалосую дзяўчыну, якая, паводле легенды, заваблівала мужчын у лес. У намінацыі “Ёлачныя каралі” прадстаўлены наборы ёлачных упрыгажэнняў у падарункавых скрынках.
А знакамітых “Сімвалаў года” на выставе не пералічыць: фантазійныя пеўні з розных матэрыялаў здзіўляюць невычарпальнасцю фантазіі сваіх стваральнікаў. Шматлікія “Навагоднія прыгажуні” выкананы ва ўсіх вядомых тэхніках. Знайсці дзве падобныя складана: адна — лялька, упрыгожаная галінкамі, другая — кампазіцыя з мноства падвешаных элементаў, трэцяя — сабраная з сухой травы, чацвёртая — наогул нагадвае мінімалістычна-авангардны прадмет мастацтва. Галоўная конкурсная ўмова выканання экспанатаў — не выкарыстоўваць для кампазіцый жывыя галіны, трэба берагчы прыроду.
На тэму “Хутка, хутка Новы год” работ прадстаўлена ўсяго шэсць — па адной ад кожнай вобласці. Сіл у іх укладзена нямала. Гэта паўнавартасныя інтэр’ерныя кампазіцыі з падсветкай і мноствам дэталяў, разглядаць якія можна вельмі доўга. Адборачныя туры для індывідуальных работ праводзіліся ў кожнай вобласці. Каб патрапіць на рэспубліканскую выставу, трэба было вытрымаць сур’ёзны конкурс.
“У абласцях прайшлі адборачныя туры, — расказала Лідзія Паўлаўна Каліноўская, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства па вучэбна-метадычнай рабоце. — На рэспубліканскім туры мы будзем узнагароджваць лепшых. У кожнай намінацыі будзе адно першае, два другія і два трэція месцы”.
Дадаткова ў цэнтры арганізавалі конкурс глядацкіх сімпатый. Кожны, хто прыйшоў на выставу, зможа прагаласаваць за лепшую работу ў любой з намінацый.
У дзень адкрыцця выставы ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства прыехалі некалькі дзясяткаў педагогаў дадатковай адукацыі. Пасля агляду экспазіцыі яны адправіліся на майстар-класы па фларыстыцы і вырабе навагодніх цацак. Выстава “Лёд. Кветкі. Фантазія” працуе да 22 студзеня.
Кацярына ЖОРАВА.