Чатыры гады назад калектыў Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вырашыў працаваць з выхаванцамі ў даволі актуальным у наш час кірунку: вучыць дзяцей асцярожнаму і эканомнаму абыходжанню з прыроднымі рэсурсамі. Лепшы спосаб, вырашылі педагогі, — гэта практычная дзейнасць. Вядома, што на практыцы ўсё засвойваецца значна лягчэй. Вось так і нарадзілася адкрытая гарадская навукова-практычная канферэнцыя “Другое жыццё рэчаў”, якая вельмі хутка выклікала зацікаўленасць крэатыўных і творчых юнакоў і дзяўчат.
Галоўная ідэя мерапрыемства закладзена ў самой яго назве — даць другое жыццё рэчам, якія аджылі свой век. У ход ідзе што заўгодна: абгортачная папера, фанцікі, бутэлькі, старыя прыборы, гадзіннікі… Хтосьці з падлеткаў спрабуе знайсці сваім вырабам практычнае прымяненне, іншыя проста ствараюць арыгінальныя дызайнерскія рэчы, якія могуць стаць, напрыклад, часткай інтэр’ера.
Нядаўна ў абласным цэнтры прайшла чарговая, чацвёртая па ліку, канферэнцыя. Арганізатары адзначаюць, што яна ўстанавіла сапраўдны рэкорд па колькасці ўдзельнікаў: навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомеля і Гомельскага раёна прадставілі больш як 150 арыгінальных і цікавых праектаў.
Канкурсанты спаборнічаюць у дзвюх узроставых катэгорыях: ад 11 да 14 гадоў і ад 15 да 18 гадоў. Мерапрыемства праводзіцца па чатырох напрамках. Для творцаў-рукадзельнікаў працуюць секцыі “100 вырабаў з непатрэбных рэчаў” і “Мадэль адзення”. Як было адзначана вышэй, канферэнцыя носіць навукова-практычны характар, а таму адна з секцый прысвечана навуковым даследаванням і эксперыментам. А ў секцыі “Плакат” можна ўдзельнічаць завочна.
Самай масавай у гэтым годзе стала секцыя “100 вырабаў з непатрэбных рэчаў”, дзе 70 школьнікаў прадэманстравалі журы самыя розныя і нават неверагодныя вырабы. Напрыклад, усіх уразіла настольная лямпа, зробленая са старога тэлефона. Звярнуў на сябе ўвагу гледачоў, журы і ўдзель-нікаў Андрэй Гарбатоўскі, аўтар караблёў, вырабленых з запалак, нітак, пластыку, адпаліраваных алоўкаў. Хлапчук наведвае гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і займаецца ў школьным гуртку па суднамадэляванні. Андрэй расказаў, што свае першыя караблі канструяваў па ўласных чарцяжах, а вось паруснік Бялона, з якім ён прымаў уд зел у канферэнцыі, будаваў па чарцяжы, які запазычыў у інтэрнэце. Работа гэтая карпатлівая, не дзіўна, што аўтар аддаў стварэнню карабля амаль 9 месяцаў. Крыху менш спатрэбілася для таго, каб сабраць лінкор, які таксама быў прадстаўлены на суд журы.
Сапраўднымі мадэлямі і дызайнерамі адчувалі сябе ўдзельнікі самай яскравай і эпатажнай секцыі “Мадэль адзення”. Чаго толькі ні напрыдумвалі юныя мадэльеры: сукенкі з фанцікаў, упаковак ад розных страў, газет, пластмасавага посуду… Было зразумела, з якой зацікаўленасцю і азартам ставіліся да сваіх калекцый удзельнікі. Напрыклад, выхаванкі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля Дарына Барысюк і Дар’я Кулакоўская прадэманстравалі не толькі сукенкі-фантазіі, яны яшчэ дапаўнялі свае ўборы цудоўнымі боцікамі, сумачкамі і капялюшыкамі. Уся калекцыя дзяўчынак пашыта з фанцікаў ад цукерак. Канкурсанткі прызналіся, што матэрыял для ўвасаблення задуманай калекцыі збіраўся імі на працягу пяці гадоў.
— Наша канферэнцыя носіць не толькі вучэбны характар, яна дапамагае ўзбагаціць сацыяльны свет навучэнцаў, паказаць, як эфектыўна можна клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, і, несумненна, дае вялізны прастор для творчага палёту, — упэўнены дырэктар Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ігар Бейзераў.
Наталля ЛУТЧАНКА.