«Фарбы гавораць»: выстава праекта «Моцныя духам» — гэта пра любоў, міласэрнасць і пераадоленне абмежаванняў

- 15:20Новости

Чарговы, сацыяльна важны этап гуманітарна-дабрачыннага праекта “Моцныя духам” — выхад мастацкіх твораў, што называецца, у людзі. Прычым выхад разам з аўтарамі, большасць з якіх па жыццёвых акалічнасцях рэдка бываюць за сценамі дзіцячых пансіянатаў. Але ж дух, а тым больш моцны дух — якраз тое, што абмежаваць немагчыма. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выстава “Фарбы гавораць” праходзіла ў мінскай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведваючы выставу, адзначыў: “Назва праекта адлюстроўвае яго глыбокі сэнс. Каб стварыць такія работы, патрэбны цярпенне, настойлівасць і сіла духу. Няхай выстава натхняе кожнага быць моцным духам і раскрываць дадзеныя Богам таленты”.

Выставу карцін можна расцаніць як спробу стварэння ў цэнтры Мінска, у нашым грамадстве новай рэальнасці. 48 карцін выкананы ў стылі абстрактнага сімвалізму з удзелам галоўнага мастака праекта расіяніна Сяргея Ладошына (творчы псеўданім Дас). Яго вялікая душа і прафесіяналізм праяўляюцца як у жывапісе, так і ва ўменні тонка разумець, адчуваць настрой дзіцячых душ, пры гэтым пераўтвараць прыхаваны боль у выявы, а глыбокія перажыванні — у натхненне. 39 выставачных карцін пісалі ў партнёрстве з Сяргеем дзеці, якія маюць асаблівасці развіцця. Паспрабавалі сілы ў новай для іх справе і дарослыя-інваліды, і вядомыя ў краіне людзі, сярод якіх і касманаўты: Герой Беларусі Марына Васілеўская і Герой Расіі Алег Навіцкі, далучаныя да міратворчых спраў. Яны сэрцам успрынялі міжнародны гуманітарна-дабрачынны праект “Моцныя духам”.

Чаму гаворым тут пра новую рэаль­насць? Бо, ладзячы падобныя імпрэзы, мы праз мастацкія вобразы прызнаём духоўную каштоўнасць кожнага з нас: як вядомых герояў, так і выхаванцаў сацыяльных пансіянатаў. Пра апошніх міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Наталля Паўлючэнка на вернісажы гаварыла, што ўдзел у праекце насельнікаў сацыяльных пансіянатаў стаў хвалюючым, але натхняльным вопытам. Міністр нагадала, што ў дзевяці дзіцячых пансіянатах сістэмы сац­абароны жывуць каля паўтысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя з іх атрымалі магчымасць раскрыць сябе ў творчасці пад кіраўніцтвам вопытнага мастака. Міністр лічыць, што праект стаў важным крокам у развіцці інклюзіі, а для дзяцей — прызнаннем іх таленту.

Нягледзячы на ўсе нашы цялесныя адрозненні, праект сцвярджае: сіла духу — не выдумка, не ілюзія і не штосьці бесцялеснае. Органамі пачуццяў сілы духу не спасцігнуць, але ж рух яе на выставе адчуваеш нейкім шостым (інтуіцыя?) ці сёмым пачуццём: да мурашак па скуры.

…Вы ведаеце, хто такая мама? Сціплы Яўген Сукора стаяў каля карціны “Мама”, як і ўсе іншыя аўтары, калі госці пасля ўрачыстай цырымоніі знаёміліся з выставай. Было бачна, што юнака бянтэжыць увага пуб­лікі. Зрэшты, дух той самы, прысут­насць якога сцвярджае праект, і не дзейнічае напаказ… Выхаванец сацыяльнага пансіяната, 27 гадоў. З відэароліка — яны ствараліся па хо­дзе праекта пра ўсіх аўтараў, паказваючы працэс іх работы над карцінамі — даведваемся: хлопец слаба чуе, з цяжкасцю гаворыць, але мае ў сабе дзіцячую чысціню светаўспрымання і самаахвярную веру ў любоў. Моцны духоўны стрыжань, які дапамагае жыць. Маці пакінула малога, калі яму было месяцы чатыры, ён рос у дзіцячых дамах… А Яўген памятае пра маму: сілуэт жанчыны з доўгімі валасамі на карціне — згадка пра тое. І ў вялікім сэрцы, намаляваным побач, жыве яго мама — як і ўсё іншае, што Яўген выказаць словамі не можа. “На палатне — любоў і боль, прабачэнне і на­дзея. І пакуль сэрца б’ецца — Жэня прадаўжае чакаць і верыць…” — чуем закадравы голас у відэасюжэце.

Лёс кожнага з аўтараў карцін унікальны, а мастацкія вобразы падсвечваюць прыхаванае-непраяўленае ў лёсах. У большасці твораў, дарэчы, можна разгледзець пакручастыя, завіхраныя лініі — такія павароты лёсаў, можа, і прыводзяць дзяцей у пансіянаты. Чаму, для чаго ў кругавароце жыцця некаму з нас наканавана прайс­ці праз такое? З якой прычыны ўсясільны дух абмяжоўваецца ў недасканалым целе? Можа, каб спасцігнуць штосьці такое, што  ва ўмовах гармоніі, знешняга камфорту неспазнавальнае? І такія пытанні ўзнікаюць, калі глядзіш на карціны, іх аўтараў.

Розныя аўтары, як і назвы іх карцін: “Бі-бі дождж”, “Лялька Маша”, “Падман”, “Балгарка і вечны генератар”, “Планета кароў”, “Усе расткі імкнуцца да святла”, “На вуліцы ідзе будоўля”… Пра кожную можна больш даведацца, як і пра саміх аўтараў, дзякуючы буклетам, апісанням карцін (у кожнай ёсць свой QR-код), відэаролікам, змешчаным на сайце Беларускага фонду міру. Створаны і асобны Telegram-канал праекта “Моцныя духам”. Нагадаем: праект не толькі садзейнічае (праз мастацкую творчасць і падобныя вернісажы) са­цыяльнай адаптацыі, інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця. Гэта і цікавая форма дабрачыннай дзейнасці: карціны потым рэалізуюцца (тым займаюцца арганізатары выставы), а сродкі за іх перадаюцца ва ўстановы, у якіх дзеці выхоўваюцца. Да таго ж дзякуючы праекту “Моцныя духам” ёсць у кожнага з нас магчымасць пабачыць сілу духу, прыгажосць і напоўне­насць душ асаб­лівых дзяцей, дапамагчы раскрыцца іх талентам і падтрымаць творчую ініцыятыву.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара