Фармацэўтыка — найбольш перспектыўная сфера ўзаемадзеяння

Краіны зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва ў фармпрамысловасці. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі ўпаўнаважанага па супрацоўніцтве з Індыяй Міхаіла Мясніковіча з ганаровым консулам Беларусі ў Мумбаі Лалітам Чэкхані, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Адной з галоўных пераваг супрацоўніцтва індыйскіх кампаній з Беларуссю спікер назваў магчымасць выхаду на рынак краін ЕАЭС. “Разам мы можам паспяхова рэалізаваць вялікія і ўзаемавыгадныя праекты”, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі.

З удзелам індыйскага капіталу ў Беларусі ідзе будаўніцтва трох фармзаводаў — у Бешанковічах Віцебскай вобласці, Скідзелі Гродзенскай вобласці і Калядзічах. У жніўні 2018 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і індыйская фармацэўтычная кампанія CIPLA далі старт яшчэ аднаму сумеснаму праекту па стварэнні навукова-тэхналагічнага цэнтра па выпуску лекавых прэпаратаў у Мінску. Першы камень будучай фармвытворчасці быў закладзены з удзелам старшыні праўлення кампаніі CIPLA Юсуфа Хаміда.

Спікер таксама нагадаў, што індыйскія інвестары могуць актыўна ўдзельнічаць і ў праекце па стварэнні вялікага мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава Віцебскай вобласці. “Калі б індыйскі бізнес прыйшоў сюды, гэта было б выгадна як для Беларусі, так і для Індыі. Напрамкаў дзейнасці можа быць некалькі — вытворчасць, лагістыка, сфера паслуг”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У сваю чаргу ганаровы консул адзначыў, што ў Беларусі і Індыі добрыя перспектывы супрацоўніцтва — дзелавыя колы Індыі праяўляюць цікавасць да беларускага рынку па шэрагу напрамкаў.

У час перагавораў бакі абмеркавалі яшчэ шэраг пытанняў, у тым ліку перспектывы беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў адукацыі і медыцынскім турызме.