Фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці

- 15:14Адукацыйная прастора

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці

Капачоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці другі год працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Мэта гэтай работы — фарміраваць сацыяльна-грамадзянскія кампетэнцыі навучэнцаў праз вывучэнне малавядомых старонак гісторыі роднага краю з выкарыстаннем метаду вуснай гісторыі. У рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць 7 педагогаў-наватараў, выхаванцы старшай групы дзіцячага сада, навучэнцы пачатковай школы, навучэнцы 5, 7 класаў сярэдняга звяна школы і іх бацькі.

Навізна праекта ў тым, што навучэнцы, уключаючыся ў сацыяльна значную практычную дзейнасць па вывучэнні гісторыі роднага краю, змогуць асвоіць методыку вуснагістарычных даследаванняў, навучацца складаць апытальнікі, апрацоўваць і транскрыбіраваць інтэрв’ю, крытычна падыходзіць да атрыманай падчас даследаванняў інфармацыі, параўноўваць гэтую інфармацыю з архіўнымі данымі, гістарычнымі дакументамі, мастацкай літаратурай, кінафільмамі. Педагогі змогуць пераасэнсаваць сістэму работы грамадзянска-патрыятычнага выхавання, многае змяніць у падыходах і змесце выхаваўчай работы, не адмаўляючыся ад ранейшых традыцый, дасягненняў у гэтым напрамку.

Эфектыўнасць адукацыйнага працэсу вызначаецца тым, у якой ступені настаўнік і выхавальнік валодаюць звесткамі пра тое, што ведаюць і ўмеюць дзеці. Толькі грунтуючыся на аб’ектыўных даных пра магчымасці псіхічнага развіцця кожнага дзіцяці, можна эфектыўна аказваць дапамогу ў працэсе навучання. Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ўяўляе сабой цэласную, сістэмна арганізаваную дзейнасць, у працэсе якой ствараюцца сацыяльна-псіхалагічныя і педагагічныя ўмовы для далейшага паспяховага навучання і развіцця кожнага дзіцяці ў школьным асяроддзі.

У нашай установе адукацыі працэс навучання арыентаваны на развіццё навучэнцаў, увагу да іх здольнасцей і ўсебаковае раскрыццё інтэлектуальнага і асобаснага патэнцыялу.

Важнае месца ў адукацыйным працэсе займаюць псіхічнае здароўе навучэнцаў, індывідуалізацыя адукацыйных маршрутаў, стварэнне псіхалагічна бяспечнага і камфортнага адукацыйнага асяроддзя. Псіхолага-педагагічная падтрымка арганізавана праз псіхалагічнае суправаджэнне педагогаў, навучэнцаў, бацькоў.

Распрацаваны план псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ў перыяд укаранення інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”, мэта якога — стварэнне псіхолага-педагагічных умоў для эфектыўнай інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі. Для рэалізацыі плана выкарыстоўваліся кансультацыі, лекцыі, трэнінгі, круглыя сталы.

Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці неабходна на ўсіх этапах. На падрыхтоўчым праведзена ацэнка стану псіхалагічнай гатоўнасці калектыву да работы ў інавацыйным рэжыме, што дазволіла сфарміраваць каманду педагогаў-наватараў. На праекціровачным этапе прааналізавана рэсурснае забеспячэнне, распрацавана праграма псіхолага-педагагічнага суправаджэння, якая спрыяла прадухіленню магчымых рызык і абмежаванняў. На дыягнастычным этапе праведзена дыягностыка суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці для стварэння маршруту суправаджэння кожнага ўдзельніка. На практычным — выпрацаваны і рэалізоўваюцца карэкціроўка і рэкамендацыі па выніках аналізу дыягнастычных даследаванняў. Арганізавана работа кансультацыйнага пункта. Падчас яе праведзены групавыя і індывідуальныя кансультацыі для педагогаў, навучэнцаў і бацькоў па развіцці пазнавальнай актыўнасці, па арганізацыі прадметнага асяроддзя ў дашкольных групах, па фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці.

Сёння можна канстатаваць, што псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дазволіла павысіць не толькі кампетэнтнасць педагогаў па пытаннях фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці, але і ў выніку праведзенай работы павялічылася колькасць навучэнцаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці школы, павысілася іх ініцыятыўнасць, пазнавальны інтарэс, узрасла матывацыя навучання.

Ірына СКАЛЬЗКОВА,
педагог-псіхолаг Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.