Фарміраванне і рэалізацыя лічбавага парадку дня павінны стаць прыярытэтным напрамкам

- 11:25Інфармацыйная гадзіна

У Саюзнай дзяржаве павінен быць узгоднены лічбавы парадак дня. Такое меркаванне выказаў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.

Андрэй Кабякоў лічыць, што фарміраванне і рэалізацыя ў рамках Саюзнай дзяржавы лічбавага парадку дня павінны стаць прыярытэтным напрамкам. Урады Беларусі і Расіі ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю лічбавай эканомікі як аднаму з ключавых фактараў глабальнай канкурэнтаздольнасці і нацыянальнай бяспекі дзвюх краін.

“Як вы ведаеце, лічбавы парадак дня разглядаецца і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Уяўляецца важным правядзенне ўзгодненых дзеянняў Беларусі і Расіі па фарміраванні і рэалізацыі лічбавага парадку дня ў фармаце Саюзнай дзяржавы”, — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада. Пры гэтым узаемадзеянне бакоў на пляцоўцы Саюзнай дзяржавы будзе не дубліраваць, а дапаўняць работу, што праводзіцца ў ЕАЭС.

Дзяржорганы Беларусі працуюць ужо над уключэннем гэтых пытанняў, а таксама пытанняў развіцця супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый у парадкі дня для разгляду вышэйшымі органамі Саюзнай дзяржавы.

Андрэй Кабякоў таксама прапанаваў актывізаваць фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы ў Саюзнай дзяржаве. “Трэба забяспечыць максімальна высокую ступень інтэграцыі магчымасцей навукова-тэхнічных і інавацыйных патэнцыялаў Беларусі і Расіі. Прычым рабіць гэта трэба як на міждзяржаўным, так і на міжгаліновым узроўні”, — лічыць прэм’ер-міністр.

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапанаваў замацаваць у якасці стратэгічнай задачы выхад Беларусі і Расіі на тавараабарот у памеры больш як $40 млрд.

“Замацаваны ў 2017 годзе пазітыўны трэнд да аднаўлення эканамічнага росту ў нашых краінах знайшоў адлюстраванне ў выніках двухбаковага гандлю. За мінулы год узаемны тавараабарот павялічыўся на 23,5 працэнта і склаў $32,4 млрд. Прычым узаемны тавараабарот больш як на 80 працэнтаў забяспечаны плацяжамі ў нацыянальных валютах, перш за ўсё ў расійскіх рублях. Добра было б, калі б увесь узаемны тавараабарот і ў галіне цэнаўтварэння фарміраваўся выключна ў нацыянальных валютах — беларускіх і расійскіх рублях”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, цяпер важна прыкласці максімум намаганняў для замацавання тэндэнцыі росту ўзаемнага тавараабароту. “У якасці стратэгічнай задачы прапаную замацаваць выхад на ранейшы ўзровень тавараабароту ў аб’ёме звыш $40 млрд”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

“Перакананы, што нам удасца не толькі захаваць дасягнуты ўзровень міжурадавых адносін, але і ўзняць яго на новую вышыню, якая адпавядае сучасным патрабаванням і выклікам”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Андрэй Кабякоў таксама заклікаў Беларусь і Расію знайсці кампраміс для забеспячэння справядлівай канкурэнцыі.

“Наша агульная задача — знайсці ўзаемавыгадны кампраміс для забеспячэння справядлівай і роўнай канкурэнцыі. Хачу выказаць надзею, што прапанаваныя сёння рашэнні будуць вельмі канкрэтнымі і канструктыўнымі”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Так, у полі зроку застаюцца пытанні паставак на расійскі рынак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю і зборкай тэхнікі ў Расіі, — у дзяржзакупках і праграмах субсідзіравання. “Па пэўных прычынах ёсць адрозненні ў падыходах да вырашэння гэтых пытанняў з боку галіновых ведамстваў”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Інструментамі для дасягнення тавараабароту звыш $40 млрд павінны стаць пабудова агульнага рынку, стварэнне роўных умоў гаспадарання, захаванне патэнцыялу машынабудаўнічага комплексу і супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу, ліквідацыя дзеючых бар’ераў і абмежаванняў, а таксама стварэнне саюзнага прадукту і яго сумеснае прасоўванне на рынкі трэціх краін.

Вынікі пасяджэння саюзнага Саўміна стануць прадметам разгляду на будучым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. З улікам гэтага кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў правесці агляд двухбаковых адносін не толькі ў кантэксце канстатацыі праблем, але і з пазіцый вызначэння канкрэтных падыходаў да далейшых дзеянняў.