Фарміраваць камфортнае асяроддзе

З мінулага навучальнага года пачаты адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, які стаў рэалізоўвацца сярод навучэнцаў 8—11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ход гэтага праекта не адзін раз каменціравалі Міністэрства адукацыі, рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй. Настаўнікі прадстаўлялі свой вопыт на старонках нашай газеты. Значнасць і эфектыўнасць гэтага праекта пацвердзілася тым, што з новага навучальнага года “ШАГ” пашырыў свае межы і стаў рэалізоўвацца сярод навучэнцаў 5—7-х класаў і тым самым ахапіў увесь старшы ўзровень нашай школы. Больш падрабязна аб гэтым адукацыйным праекце, а таксама аб новых кірунках развіцця выхаваўчай работы сярод школьнікаў, умацавання ўзаемадзеяння з бацькамі нам расказаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі А.М.МАЦЮШОНАК.

— Аляксандр Мікалаевіч, яшчэ нядаўна мы вялі размову з вамі, як прыжыўся “ШАГ” сярод старшакласнікаў, і вось амаль праз год ён увайшоў у план выхаваўчай работы для вучняў 5—7-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Нацыянальным інстытутам адукацыі распрацаваны адпаведныя рэкамендацыі. Раскажыце больш падрабязна пра іх зместавае напаўненне.

— У гэтым навучальным годзе пачаўся новы этап адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, які рэалізуецца ў 5—7-х класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Ключавая ідэя праекта звязана з паняццем грамадзянскасці, што прадугледжвае асваенне і рэалізацыю школьнікам сваіх правоў і абавязкаў у адносінах да самога сябе, сваёй сям’і, калектыву, роднага краю, Айчыны, планеты Зямля. Мэтавыя ўстаноўкі мерапрыемстваў праекта для вучняў вызначаюцца зместам дзевяці тэматычных блокаў, якія закладзены ў аснову грамадзянскай кампетэнтнасці. Блокі складзены ў своеасаблівы ланцужок, які на выхадзе дае канчатковы вынік: “Я” + “Я і Сям’я” + “Я і Школа”+ “Я і Малая радзіма” + “Я і Закон” + “Я і Грамадства” + “Я і Прырода” + “Я і Культура” + “Я і Планета” = “Я — актыўны грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Для кожнага тэматычнага блока сфарміраваны адпаведныя характарыстыкі грамадзянскай кампетэнцыі. Такім чынам ствараецца вобраз актыўнага грамадзяніна з адпаведнымі характэрнымі рысамі. Які гэты вобраз? Актыўны грама­дзянін імкнецца да самаразвіцця, самаадукацыі і самавыхавання, усведамляе сябе часткай грамадства, спалучае асабістыя і грамадскія інтарэсы, добра выхаваны, дысцыплінаваны, умее сябраваць, імкнецца да новых ведаў. Ён  шануе і паважае сямейныя традыцыі, ён адказны сем’янін, неабыякавы да наваколля і найбліжэйшага асяроддзя, гатовы прыкладаць намаганні, каб свет станавіўся лепшым. Актыўны грамадзянін ведае, паважае і выконвае законы, ён сацыяльна актыўны, ганарыцца сваім народам, усведамляе сябе яго прадстаўніком, імкнецца рэалізавацца ў прафесіі, працаваць на карысць грамадства. Актыўны грамадзянін усведамляе каштоўнасць прыроды, імкнецца да яе захавання і абароны, ведае і шануе культурную спадчыну сваёй краіны, палітычна дасведчаны, валодае шырокім кругаглядам.

— Ці мае праект “ШАГ” для вучняў 5—7-х класаў свае арганізацыйныя і метадычныя асаблівасці?

— Так, ён адрозніваецца ад праекта, прызначанага для старшакласнікаў. У прыватнасці, мерапрыемствы прахо­дзяць адзін раз у месяц у рамках класнай гадзіны (чацвёртая класная гадзіна месяца). Тэма вызначаецца непасрэдна класным кіраўніком для свайго класа ў рамках тэматычных блокаў. Змест класнай гадзіны фарміруецца таксама класным кіраўніком з улікам характарыстык грамадзянскай кампетэнтнасці, распрацаваных для кожнага блока.

— Раскажыце, калі ласка, якія характарыстыкі грамадзянскай кампетэнтнасці ўласцівы таму ці іншаму блоку праекта?

— Так, напрыклад, у фокус абмеркавання блока “Я” ўваходзяць такія характарыстыкі, як пазітыўнае стаўленне да навакольнага свету, творчая і сацыяльная ініцыятыва; здольнасць да крытычнага асэнсавання сваіх моцных і слабых бакоў; уменне зірнуць на сябе збоку; увайсці ў становішча іншых людзей, разумець іх пачуцці, матывы паводзін; прагназаваць і карэкціраваць свае паводзіны (учынкі) у самых розных жыццёвых сітуацыях; умець выйсці са складаных жыццёвых сітуацый; усвядомленае стаўленне да свайго здароўя; патрэба ў самаадукацыі, выхаванне маральна-валявых якасцей; каштоўнасць чалавечага жыцця; справядлівасць, бескарыслівасць, міласэрнасць, добразычлівасць, здольнасць да суперажывання.

У блоку “Я і Сям’я” ў цэнтры ўвагі знаходзяцца такія паняцці, як сям’я і сямейныя традыцыі, каштоўнасці сямейных адносін, сямейная дыпламатыя, абавязкі і правы ў сям’і, гонар, павага, пачуццё любові да сваёй сям’і, бацькоў, сваякоў, павага да людзей старэйшага пакалення, уменне трымаць дадзенае слова, клапаціцца пра сваю сям’ю.

У фокусе абмеркавання тэмы “Я і Школа” разглядаюцца традыцыі школы, удзел школьніка ў жыцці класа, навучальнай установы, разуменне сваіх правоў і абавязкаў, вучнёўскае самакіраванне, актыў класа, законы класа для дружнага і паспяховага жыцця калектыву, банк добрых спраў, камунікатыўныя навыкі, дружба, таварыства, калектывізм, уменне працаваць у групе і пары, супрацоўніцтва, уменне знаходзіць выйсце са спрэчных сітуацый, спалучэнне асабістых і грамадскіх інтарэсаў, дысцыпліна і культура паводзін, добразычлівасць, павага адно да аднаго, імкненне да пазнання.

Калі размова вядзецца пра блок “Я і Малая радзіма”, то рэкамендавана абмяркоўваць значэнне малой радзімы ў жыцці кожнага чалавека, веданне сваіх каранёў, любоў да роднай зямлі, усведамленне значнасці сваёй дзейнасці для росквіту і развіцця малой радзімы, пачуццё адказнасці і гордасці за свой край, гісторыка-культурную і духоўную спадчыну.

У аснове блока “Я і Закон” закладзены такія тэмы для абмеркавання, як прававая культура, павага да закона, правапарадку, маральна-прававых норм і навакольнага асяроддзя; правы, абавязкі і адказнасць дзяцей згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; уяўленне аб наступствах супрацьпраўных дзеянняў, пачуццё адказнасці за свае ўчынкі.

Блок “Я і Грамадства” прадугледжвае абмеркаванне такіх грамадзянскіх кампетэнцый, як любоў да Радзімы, патрыятызм, усведамленне таго, што абавязак кожнага грамадзяніна — абарона сваёй Айчыны; пазітыўныя адносіны да сябе і навакольнага свету, захаванне норм і правіл паво­дзін у час размовы з іншымі людзьмі ў грамадскіх месцах, актыўная грамадзянская пазіцыя.

У тэме “Я і Прырода” класнаму кіраўніку трэба засяро­дзіць увагу на такіх паняццях, як любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе і яе багаццяў, разуменне прыгажосці, непаўторнасці прыроды, экалагічная бяспека і адказнасць, экалагічная дасведчанасць, удзел у экалагічнай дзейнасці, веданне і шанаванне культурнай спадчыны сваёй краіны.

У фокусе абмеркавання блока “Я і Культура” — каштоўнаснае стаўленне да звычаяў, традыцый свайго народа, сваёй сям’і; паняцце аб сусветнай і нацыянальнай культуры, фарміраванне ўнутранай культуры, захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны, самарэалізацыя ў творчай дзейнасці.

Абмеркаванне па тэме “Я і Планета” тычыцца беражлівых адносін да навакольнага свету, да сябе, міжасобасных адносін з аднагодкамі і дарослымі, гатоўнасці да сацыяльных дзеянняў у адпаведнасці з нормамі, прынятымі ў сусветнай грамадскасці.

— А якія формы правядзення класнай гадзіны сёння выкарыстоўваюцца?

— У рамках праекта “ШАГ” формы правядзення класнай гадзіны выбіраюцца класным кіраўніком самастойна, улічваючы ўзрост навучэнцаў, асаблівасці і патрэбнасці навучэнскага калектыву, яго традыцыі, наяўныя рэсурсы. На­прыклад, для навучэнцаў 7 класа можна арганізаваць наступныя мерапрыемствы: у блоку “Я” можна правесці дыскусію “Правілы шчаслівага чалавека”, у “Я і Сям’я” — альбом “Cямейныя дынастыі Беларусі”. Калі разглядаць блок “Я і Школа”, то дарэчы будзе адкрыты мікрафон “Наша школа праз 10 гадоў”. Агляд “Мая малая радзіма ўчора, сёння, заўтра” актуальным будзе пры разглядзе тэмы ў блоку

“Я і Малая радзіма”. У блоку “Я і Закон” можна правесці круглы стол “Закон суровы, але гэта — Закон”. Тэму “Я і Грамадства” можна разгледзець з дапамогай дыялогу-палемікі “Маладзёжныя субкультуры: самавыяўленне або пратэст?” У рамках блока “Я і Прырода” мэтазгодна правесці акцыю

“У прыроды ёсць сябры — ты і я”, у блоку “Я і Культура” — арт-праект “Нашы вандроўкі па Беларусі”, а па тэме “Я і Планета” правесці інфарм-дайджэст “Беларусь на карце свету”.

Удакладню, што канкрэтызацыя форм, метадаў, зместу мерапрыемстваў у рамках праекта “ШАГ” знаходзіцца ў кампетэнцыі самой установы адукацыі. Такі падыход дазваляе забяспечыць улік адукацыйных запытаў і меркаванняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, умовы арганізацыі правядзення мерапрыемстваў, што з’яўляецца важным фактарам эфектыўнасці праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.

Арганізатарамі мерапрыемстваў праекта выступаюць класныя кіраўнікі 5—7-х класаў. Каардынуе дзейнасць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце навучальнай установы. Па магчымасці на мерапрыемствы рэкамендуецца запра­шаць гасцей, асабісты прыклад якіх дазволіць візуалізаваць характарыстыкі грамадзянскай кампетэнтнасці.

Мерапрыемствы праекта адлюстроўваюцца ў плане выхаваўчай работы класнага кіраўніка, вынікі правядзення фіксуюцца ў класным журнале.

— Міністэрства адукацыі прымае шэраг мер, накіраваных на падтрымку ва ўстановах адукацыі спрыяльнага псіхалагічнага клімату. Вядзецца прафілактыка канфліктаў і правапарушэнняў, псіхолага-педагагічная работа са школьнікамі і іх сем’ямі, аказваецца падтрымка і дапамога навучэнцам у цяжкіх сітуацыях. Якія захады плануецца зрабіць у найбліжэйшы час? Як будуць укараняцца медыяцыйныя тэхналогіі?

— Важна разумець, што намаганні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — педагогаў, навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў — павінны быць накіраваны не столькі на пераадоленне наступстваў складаных канфліктных сітуацый, якія сустракаюцца ў школьным жыцці, колькі на арганізацыю прэвентыўнай прафілактычнай работы, стварэнне такіх псіхолага-педагагічных умоў, якія забяспечаць у школах камфортныя ўмовы для навучання і выхавання, умацуюць дух супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу.

З пачатку гэтага навучальнага года ў 26 установах агульнай сярэдняй адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны пачалі працаваць эксперыментальныя пляцоўкі па ўкараненні беларускай мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя. Асноўная мэта эксперымента — прадухіленне булінгу, псіхічнага і фізічнага гвалту сярод навучэнцаў. Беларуская мадэль з’яўляецца вынікам навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай мадэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, праведзенай Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ў партнёрстве з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

У лютым мінулага года паміж Міністэрствам адукацыі і грамадскім аб’яднаннем “Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў” падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, асноўнай мэтай якога з’яўляецца стварэнне бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя, укараненне новых форм і метадаў работы па ўрэгуляванні ўзніклых праблемных сітуацый ва ўстановах адукацыі.

У мінулым навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей атрымала шырокае распаўсюджанне апрабацыя ўкаранення ў практыку работы ўстаноў адукацыі медыяцыйных тэхналогій, навучання педагогаў і навучэнцаў навыкам урэгулявання канфліктаў з выкарыстаннем рэсурсаў так званых школьных службаў прымірэння. Цяпер вя­дзецца навукова-даследчая работа, па выніках якой бу­дзе распрацавана “Канцэпцыя развіцця да 2025 года службаў медыяцыі ў сферы адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Вырашэнне праблем сямейнага выхавання ў многім залежыць ад мэтанакіраванай педагагічнай падрыхтоўкі баць­коў, што прадугледжвае павышэнне ўзроўню іх педагагічнай культуры. Сістэма педагагічнай асветы павінна быць арыентавана на вырашэнне стратэгічнай задачы — карэннай перабудовы выхавання падрастаючага пакалення праз змяненне адносін бацькоў да выхавання і яго выніковасці. Узнікае неабходнасць у кваліфікаванай дапамозе бацькам асветніцкага, адукацыйнага і кансультацыйнага характару, якая павінна быць накіравана на фарміраванне ведаў, уменняў і кампетэнтнасці бацькоў у сферы выхавання дзяцей, на ўсведамленне патэнцыялу і рызык выбранай стратэгіі выхавання, у галіне рэалізацыі бацькоўскай пазіцыі.

У сучасных умовах сям’і патрабуецца сістэматычная кваліфікаваная дапамога з боку ўстаноў адукацыі. У мэтах удасканалення дзейнасці педагагічных калектываў навучальных устаноў па аказанні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі сем’ям у выхаванні дзяцей з гэтага навучальнага года Міністэрства адукацыі рэалізуе рэспубліканскі праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Праграма ўніверсітэта распрацавана навукоўцамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Мы лічым, што дзейнасць бацькоўскага ўніверсітэта бу­дзе мець істотныя станоўчыя вынікі. У ліку іх — фарміраванне ў бацькоў усвядомленых адносін да бацькоўства, адказнай і пазітыўнай бацькоўскай пазіцыі; павышэнне іх цікавасці да самаадукацыі; задавальненне патрэбы сям’і навучэнца ў адукацыйных паслугах: навучанні, псіхолага-педагагічнай падтрымцы і інш.; павышэнне ўзроўню педагагічнай культуры бацькоў; стварэнне спрыяльных умоў для выхавання і развіцця дзяцей у сям’і, гарманізацыя дзіцяча-бацькоўскіх адносін; актывізацыя бацькоў у вырашэнні сямейных праблем; скарачэнне колькасці няшчасных сем’яў, выпадкаў сямейнага гвалту; змяншэнне колькасці падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі; павышэнне статусу сям’і, умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей; развіццё ўзаемаразумення, супрацоўніцтва сям’і і ўстановы адукацыі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.