Фарміраваць новае аблічча рабочага

У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы кадраў, здольных працаваць ва ўмовах сучаснай навукаёмістай вытворчасці. Таму сёння ўсе намаганні дзяржавы накіраваны на мадэрнізацыю сістэмы прафесійнай адукацыі з улікам апераджальнай падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай эканомікі і на ўзмацненне супрацоўніцтва прафесійнай адукацыі з работадаўцамі. Гэтыя напрамкі павінны паўплываць на ўзняцце прэстыжу рабочых прафесій сярод моладзі і, па сутнасці, стаць нацыянальнай ідэяй нашага грамадства. Усе гэтыя пытанні сталі тэмай размовы з дырэктарам вядучай установы прафесійнай адукацыі ў нашай краіне — прафесійна-тэхнічнага каледжа РІПА В.М.ГАЛУБОЎСКІМ.

— Валерый Мікалаевіч, новы год для сістэмы прафесійнай адукацыі вельмі знамянальны, нас чакаюць дзве значныя падзеі: 75-годдзе айчыннай прафесійнай адукацыі і як падарунак да гэтай юбілейнай даты ўдзел нашых навучэнцаў у міжнародным прафесійным спаборніцтве WorldSkills у Бразіліі. З гэтай нагоды хацелася б узгадаць першы чэмпіянат WorldSkills Belarus-2014, які прайшоў у маі мінулага года.
— У Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills мы прынялі актыўны ўдзел. На калектыў нашай установы і ўвогуле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі лягла асноўная частка арганізацыйнай работы самога спаборніцтва і, безумоўна, падрыхтоўка да ўдзелу ў конкурсе нашых навучэнцаў. Вынікі гэтых намаганняў ужо вядомы: чэмпіянат прайшоў на самым высокім узроўні, а навучэнцы нашага каледжа заваявалі залатыя медалі ў намінацыях “Мехатроніка”, “Кіраванне вытворчымі працэсамі”, “Такарныя і фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем”. Цяпер каманда каледжа пачала падрыхтоўку да алімпіяды, якая пройдзе ў жніўні гэтага года ў Сан-Паўлу (Бразілія). Падрыхтаванасць каманды каледжа для выступлення на міжнародным конкурсе ў Бразіліі будзе вызначана экспертамі. Ад удзельнікаў патрабуецца сур’ёзная і адказная падрыхтоўка, якая падразумявае набыццё вопыту ўдзелу ў спаборніцтвах больш высокага ўзроўню, напрыклад, сярод краін СНД. Цяпер ідзе падрыхтоўка да такога конкурсу, які пройдзе ў Казані (Расійская Федэрацыя) у маі 2015 года. Спадзяюся, што і там нас чакаюць узнагароды самай высокай пробы. І для гэтага мы маем усе падставы.

— Сёння не трэба нікому тлумачыць, як важна наладзіць і замацаваць адносіны навучальнай установы з прадпрыемствам, для якога рыхтуюцца кадры. Як у вас з гэтым справы?
— Бесперапыннае ўкараненне інавацыйных тэхналогій і тэхнікі на вытворчасці, якое адбываецца сёння, пацвярджае патрэбнасць у пастаянным абнаўленні дзейнасці навучальнай установы і вызначэнні стратэгіі яе далейшага функцыянавання з улікам развіцця эканомікі. Таму сёння самая галоўная ўмова якасці падрыхтоўкі — кансалідацыя сістэмы прафесійнай адукацыі і работадаўцаў у кадравым забеспячэнні нашай эканомікі.
Павышэнню эфектыўнасці дзейнасці нашага каледжа і непасрэдна кіравання ім садзейнічае сістэма менеджменту якасці, якую каледж першым укараніў сярод устаноў прафесійнай адукацыі нашай краіны. У яе аснове закладзены паказчыкі і індыкатары, па якіх пастаянна праводзіцца маніторынг адпаведнасці якасці прафесійнай адукацыі нашых выпускнікоў патрабаванням арганізацый — заказчыкаў кадраў. Узровень гэтай адпаведнасці немагчыма давесці да максімальнага без далучэння работадаўцаў да працэсу распрацоўкі і рэалізацыі адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях з улікам ідэі апераджальнай падрыхтоўкі спецыялістаў. У гэтым выпадку апераджальную падрыхтоўку мы разглядаем як гатоўнасць сістэмы прафесійнай адукацыі навучаць моладзь па тых прафесіях, якія толькі-толькі з’яўляюцца на рынку працы, ці нават апярэджваць іх з’яўленне.
У сувязі з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій у вытворчасці мяняецца і змест прафесійнай дзейнасці работнікаў, сціраюцца межы паміж функцыямі рабочага — тэхніка — інжынера. Асаблівую важнасць набывае распрацоўка і ўкараненне адукацыйных праграм, якія забяспечваюць падрыхтоўку не толькі спецыялістаў — кіраўнікоў сярэдняга звяна, але і высокакваліфікаваных спецыялістаў па навукаёмістых прафесіях, якія ўдзельнічаюць непасрэдна ў тэхналагічным працэсе стварэння інавацыйных вытворчасцей.
У той жа час мы разумеем, што без удзелу навучальнай установы прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі не могуць самастойна ажыццявіць інвентарызацыю кваліфікацыйнай структуры кадраў галіны і распрацаваць новыя кваліфікацыйныя патрабаванні, бо маюць іншыя функцыі, у тым ліку вытворчую. Атрымліваецца, што ініцыятарам распрацоўкі адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях можа выступаць навучальная ўстанова, якая мае статус вядучай у той ці іншай галіне і цесна ўзаемадзейнічае з прадпрыемствамі. У сваю чаргу прадпрыемствы прадастаўляюць пэўныя даныя аб змяненнях тэхнікі, тэхналогій, прафесійных функцый работнікаў, удзельнічаюць у сертыфікацыі кваліфікацый, ствараюць сучасныя лабараторыі на базе навучальных устаноў і арганізоўваюць практыку ва ўмовах вытворчасці.
Аб эфектыўнасці такога падыходу сведчыць вопыт дзейнасці нашага каледжа, які з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай, на базе якой сканцэнтравана самае сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне, метадычнае забеспячэнне прафесій па профілі машынабудавання і аўтасэрвісу. Сёння каледж з’яўляецца шматфункцыянальнай установай адукацыі, платформай для ўзаемадзеяння арганізацый — заказчыкаў кадраў і грамадскіх аб’яднанняў, галіновых органаў дзяржаўнага кіравання, цэнтраў занятасці, профільных устаноў адукацыі. Агульным прадуктам гэтага ўзаемадзеяння з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне адукацыйных праграм па новых прафесіях, у тым ліку па той, што стала сёння вельмі вядомай і папулярнай, — гэта мехатронік.

— Сапраўды, з увядзеннем гэтай новай прафесіі ў моладзі пачало фарміравацца новае стаўленне да прафесійнай адукацыі, а сам рабочы стаў пазіцыянавацца ў новым абліччы, звязаным з інавацыйным тэхналагічным кірункам яго дзейнасці на вытворчасці. Раскажыце больш падрабязна пра гэтую прафесію.
— З мэтай увядзення новай спецыяльнасці мехатроніка была створана рабочая група, куды ўвайшлі вопытныя педагогі каледжа, інжынерна-тэхнічныя работнікі шэрага машынабудаўнічых прадпрыемстваў, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў РІПА. Праводзіліся дакладныя маркетынгавыя даследаванні рынку працы, вывучаны прафесійныя функцыі рабочых ва ўмовах сучаснай вытворчасці, а таксама тыя функцыі, якія прагназуюцца ў будучыні з улікам укаранення на вытворчасці інавацыйных тэхналогій, накіраваных на развіццё той ці іншай галіны.
Вынікам сумеснай работы з работнікамі вытворчасці і пры актыўнай падтрымцы Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны стала ўнясенне ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых (АТКД) новай прафесіі — мехатронік.
Прафесійная дзейнасць спецыяліста-мехатроніка носіць комплексны характар і прадугледжвае валоданне ведамі і ўменнямі ў галіне дакладнай механікі, электратэхнікі, электронікі, праграмавання, мікрапрацэсарнай тэхнікі, гідра- і пнеўмааўтаматыкі.
У ходзе эксперыментальнай дзейнасці быў распрацаваны адукацыйны стандарт і вучэбна-праграмная дакументацыя, якая прайшла экспертызу ў вядучых спецыялістаў прадпрыемстваў машынабудавання, а затым была зацверджана ў Міністэрстве адукацыі.
Трэба заўважыць, што асаблівасцю падрыхтоўкі па прафесіі мехатронік з’яўляецца ўзмоцненая практычная накіраванасць навучання, якое складае не менш за 50% ад агульнай колькасці гадзін прафесійнага кампанента і практыкі. А гэта, як вядома, сёння вельмі актуальна. Акрамя распрацоўкі новай мадэлі спецыяліста і зместу яго падрыхтоўкі, сумеснымі намаганнямі каледжа, прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу і бізнес-структур пры падтрымцы Міністэрства адукацыі былі абсталяваны вучэбныя майстэрні і лабараторыі.
Кадравае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па новай спецыяльнасці выклікала неабходнасць стажыроўкі педагагічных работнікаў, якая была арганізавана на прадпрыемствах краіны і ў тых кампаніях, якія пастаўляюць сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне.
У цяперашні час па прафесіі мехатронік прайшлі навучанне 128 чалавек, з іх 85% працаўладкаваны мехатронікамі. Першыя вынікі работы маладых рабочых паказалі, што мы на правільным шляху. Гэта пацвердзілі буйныя прадпрыемствы, прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу, якія ўвялі ў штатны расклад новую спецыяльнасць “Мехатроніка” і высока ацанілі здольнасці першых выпускнікоў каледжа па гэтай спецыяльнасці ў хуткім засваенні ўкаранёных на прадпрыемстве гнуткіх вытворчых сістэм і выкананні тых работ, якія адпавядаюць больш высокаму разраду.
Так, для паўнацэннага выкарыстання функцыянальных магчымасцей аўтаматызаванай гарачаштамповачнай лініі па заяўцы Мінскага трактарнага завода педагагічнымі работнікамі каледжа сумесна з інжынерна-тэхнічнымі работнікамі прадпрыемства распрацавана і рэалізавана адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі па прафесіі мехатронік з прысваеннем 6-га разраду. Пры гэтым змест праграмы ўключае засваенне сістэмы кіравання і праграмавання робатаў, устаноўленых на гарачаштамповачнай аўтаматызаванай лініі завода, з элементамі дыягностыкі магчымых няспраўнасцей і іх устаранення.
Сёння актыўна ідзе працэс аўтаматызацыі вытворчасці на заводзе колавых цягачоў, пры гэтым свае перспектыўныя патрэбы ў кадрах прадпрыемства задавальняе сумесна з нашым каледжам і кампаніяй па вытворчасці станкоў. У працэсе рэалізацыі знаходзіцца праект па аснашчэнні лабараторыі каледжа вучэбным і вытворчым абсталяваннем для вывучэння станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем сучасных вытворцаў.

— А па іншых прафесіях вы распрацоўвалі праграмы?
— Інавацыйная дзейнасць каледжа дазволіла ўкараніць яшчэ дзве новыя адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з прысваеннем кваліфікацый “наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем 5-га разраду” і “аўтамеханік 5-га разраду”. Апошняя была распрацавана нашым калектывам сумесна з Беларускай аўтамабільнай асацыяцыяй і холдынгам “Фальксваген” пры падтрымцы Міністэрства гандлю і Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Дзяржстандарту, які сертыфікуе работу аўтасэрвісаў. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, завяршыўшы эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць на базе нашага каледжа, абагульніў і распаўсюдзіў вопыт па распрацоўцы адукацыйных праграм падрыхтоўкі рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй яшчэ па 12-ці кваліфікацыях для іншых галін эканомікі.

— Як паўплывалі інавацыі дзейнасці каледжа на змест навучання дарослага насельніцтва?
— Штогод больш за паўтары тысячы чалавек дарослага насельніцтва навучаюцца ў каледжы па розных адукацыйных праграмах: прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі. Па гэтых праграмах вучацца беспрацоўныя па накіраванні цэнтраў занятасці; навучэнцы профільных навучальных устаноў праходзяць практыку ў майстэрнях і лабараторыях каледжа, а выкладчыкі і майстры вытворчага навучання — курсы павышэння кваліфікацыі; навучэнцы і педагагічныя работнікі з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Казахстана праходзяць стажыроўку, а работнікі прадпрыемстваў машынабудавання асвойваюць новыя тэхналогіі адпаведнай галіны на вучэбных курсах, пры гэтым заказчыкамі гэтых паслуг з’яўляюцца прадпрыемствы як Беларусі, Расіі і Казахстана, так і далёкага і блізкага замежжа — Вялікабрытаніі, Латвіі, Нігерыі. Важна адзначыць, што наш каледж сярод устаноў прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі выйграў тэндар, які праводзіла карпарацыя “Расатам” на падрыхтоўку наладчыкаў і аператараў станкоў з праграмным кіраваннем для прадпрыемства “Петразаводскмаш”, якое ўваходзіць у карпарацыю.
Павышэнне кваліфікацыі ў каледжы праходзяць работнікі арганізацый аўтасэрвісу як дылерскіх сетак вядомых марак “Аўдзі”, “Пежо”, так і аўтасэрвісаў мультыбрэндавых марак аўтамабіляў. За год прайшлі навучанне звыш 200 чалавек, у тым ліку 75 — па накіраванні службы занятасці.
Значная ўвага ў каледжы ўдзяляецца выхаваўчай рабоце і арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці, стварэнню ўмоў для гарманічнага развіцця будучай рабочай арыстакратыі. Як вынік — навучэнцы каледжа займаюць прызавыя месцы ў спартакіядах, алімпіядах сярод студэнтаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

— Валерый Мікалаевіч, вядома, што вы сталі аўтарам метадычных рэкамендацый па распрацоўцы і ўкараненні адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новай спецыяльнасці ў каледжы. Ваша распрацоўка шырока выкарыстоўваецца ў іншых навучальных установах.
— Паколькі дзяржаўная палітыка накіравана на інавацыйнае развіццё эканомікі, што прадугледжвае стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, то відавочныя і змяненні патрабаванняў да ўстаноў прафесійнай адукацыі. У сувязі з гэтым мяняюцца функцыі навучальных устаноў у пытаннях абнаўлення кваліфікацыйнай структуры кадраў і арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі спецыялістаў для высокатэхналагічных вытворчасцей. У метадычных рэкамендацыях дакладна абгрунтаваны тэндэнцыі развіцця каледжаў у сучасных сацыяльна-эканамічных умовах, актуальнасць забеспячэння апераджальнай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па новых спецыяльнасцях. У выданні прадстаўлены навуковыя, навукова-метадычныя, нарматыўныя матэрыялы і вопыт у галіне распрацоўкі структуры, зместу і рэсурснага забеспячэння адукацыйнай праграмы па новай спецыяльнасці, механізмы кіравання якасцю яе рэалізацыі. Спадзяюся, што вопыт нашага каледжа, прадстаўлены ў метадычных рэкамендацыях, будзе карысны перш за ўсё кіраўнікам навучальных устаноў і педагагічным работнікам падчас арганізацыі дзейнасці па распрацоўцы і ўкараненні адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях для розных галін эканомікі, што ў канчатковым выніку будзе садзейнічаць павышэнню якасці прафесійнай адукацыі ў нашай краіне.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.