Сёння відавочна, наколькі б не была разнастайнай прафарыентацыйная работа ў сферы прафесійнай адукацыі, лепшага аргумента для моладзі, як стварэнне сучасных і самае галоўнае спрыяльных умоў як для навучання, так і для далейшай працы, быць не можа. А гэта азначае, што ўзняцце іміджу спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй сярод нашых юных грамадзян павінна стаць агульнай справай для тых, хто вучыць, і для тых, для каго вядзецца гэтая падрыхтоўка. Яшчэ нядаўна заняпалыя сярод нашых выпускнікоў прафесіі для сельскай гаспадаркі, нарэшце, набылі прыцягальнасць. Імклівыя працэсы мадэрнізацыі, якія адбываюцца сёння ў гэтай галіне, непазбежна вядуць да пераўтварэнняў і ў працэсе навучання, што яскрава пацвярджае дзейнасць вядучай у Мінскай вобласці навучальнай установы сельскагаспадарчага профілю Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа.
Развіццё мадэрнізацыі з’яўляецца адным з найбольш аптымальных кірункаў развіцця сельскай гаспадаркі, на што пастаянна звяртае ўвагу прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка. Пару гадоў назад за кошт сродкаў гаспадарак і абласных бюджэтаў кіраўнік дзяржавы патрабаваў увесці ў эксплуатацыю 1208 сучасных малочнатаварных ферм. У жніўні мінулага года гэтая задача была канкрэтызавана і прадугледжвала не проста навядзенне парадку на жывёлагадоўчых фермах, а стварэнне сучасных малочнатаварных комплексаў. Так, у прыватнасці, былі ўдакладнены патрабаванні да абсталявання даільных залаў, у тым ліку беспрывязнога ўтрымання жывёл і іх кармлення. На жаль, у мінулым годзе гэтая задача не была вырашана, таму ўрад паставіў задачу закончыць мадэрнізацыю жывёлагадоўчых ферм у першым паўгоддзі 2014 года. Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама пацверджана, што больш чым 350 малочнатаварных ферм устанавілі новае абсталяванне. У адпаведнасці з гэтым сучасныя комплексы маюць патрэбу ў спецыялістах новага пакалення, якія павінны быць падрыхтаваны на самым сучасным узроўні.
Зарэкамендаваўшы сябе на рынку адукацыйных паслуг як установа высокай якасці падрыхтоўкі, сёння Навапольскі аграрна-эканамічны каледж гатовы задаволіць усе заяўкі ад сельгаспрадпрыемстваў на падрыхтоўку спецыялістаў, здольных абслугоўваць камп’ютарную праграму тэхналагічнага абсталявання, устаноўленага на малочнатаварных фермах.
Як было прызнана нашым Міністэрствам адукацыі, установы сельскагаспадарчага профілю імкнуцца дакладна выконваць патрабаванні галіновых структур у падрыхтоўцы кадраў і ўводзяць толькі тыя спецыяльнасці, якія не толькі каціруюцца сярод выпускнікоў школ, але і на самай справе патрэбны гаспадаркам сельгасвытворчасці. Не сакрэт, што доўгі час у гэтую сферу цяжка было заманіць маладых спецыялістаў. Сельская гаспадарка традыцыйна мела непрывабныя ўмовы працы, была закасцянелай у выкарыстанні новых тэхналогій і абсталявання. Гадамі назапашвалася негатыўнае ўражанне ад сельскага жыцця ў маладога пакалення, якое імкнулася пад любой падставай вырвацца з вёскі ў горад.
Сёння ж назіраюцца станоўчыя моманты ў развіцці сельскай гаспадаркі, якія адбываюцца прама на вачах. І перш за ўсё гэта ўкараненне новых тэхналогій у жывёлагадоўлі і раслінаводстве, набыццё сучаснай тэхнікі і абсталявання, што дазволіць не толькі павышаць эфектыўнасць гэтай галіны, але і ствараць прывабныя ўмовы для маладых кадраў.
Сёння развіццю жывёлагадоўчай галіны ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Адным з напрамкаў гэтай работы з’яўляецца стварэнне новых жывёлагадоўчых ферм для ўтрымання жывёл, укараненне новых тэхналогій для іх абслугоўвання, у тым ліку стварэнне даільных залаў як новага этапу развіцця новых тэхналогій у малочнай жывёлагадоўлі.
— Як бачна, прымяненне інфармацыйных тэхналогій стала ўласціва для такой галіны, як сельская гаспадарка, — адзначыў Сяргей Уладзіміравіч Лукашэвіч, дырэктар Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. — Таму Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрства адукацыі даручылі нашаму каледжу адказную дзяржаўную справу — падрыхтоўку такіх важных і запатрабаваных на рынку працы спецыялістаў для сельскагаспадарчых арганізацый Мінскай вобласці, як бухгалтар, сакратар-рэферэнт і тэхнік-праграміст. Увядзенне такой спецыяльнасці, як “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, дазваляе нам рыхтаваць спецыя-лістаў, здольных абслугоўваць жывёлагадоўчыя залы, дзе выкарыстоўваецца мноства ўнікальных праграмных тэхналогій.
— Наша ўстанова актыўна супрацоўнічае з вядучымі арганізацыямі сельскагаспадарчай вытворчасці, укараняючы ў вучэбны працэс інавацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць павысіць канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў, — паведаміла Тамара Міхайлаўна Сцепушчонак, загадчыца аддзялення каледжа. — У каледжы рэгулярна арганізоўваюцца сустрэчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў СП “Унібокс”, інавацыйнай кампаніі ААТ “Біяком Тэхналогія”, якія займаюцца камп’ютарным забеспячэннем сістэмы кіравання ў жывёлагадоўлі і пастаўляюць абсталяванне для малочнатаварных ферм сельскіх гаспадарак вобласці. “Унібокс” і “Біяком Тэхналогія” прадастаўляюць нашай установе вучэбную і дапаможную літаратуру, відэаматэрыялы для больш якаснай, практыка-накіраванай прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Так, у прыватнасці, для паспяховай падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу, у тым ліку для эфектыўнага абслугоўвання сістэмы праграмнага забеспячэння даільнай залы “Кіраванне статкам”, прадстаўнікі “Унібокса” прадаставілі інструкцыю па гэтым напрамку навучання, а таксама праграмнае забеспячэнне з устаноўкай яго на персанальныя камп’ютары ў вучэбным кабінеце з магчымасцю яго выкарыстання ў лакальнай сетцы каледжа. Педагогі каледжа, якія рыхтуюць кадры па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, дасканала вывучылі прадастаўлены заказчыкамі кадраў матэрыял і ўнеслі адпаведныя змяненні ў вучэбныя праграмы дысцыплін па гэтай спецыяльнасці на новы навучальны год, увялі новыя тэмы ў каляндарна-тэматычнае планаванне дысцыплін, удасканалілі вучэбную практыку на атрыманне кваліфікацыі рабочага “Аператар ЭВМ” 5-6 разрадаў. Сёння таксама распрацоўваецца вучэбная праграма і дысцыпліны “Тэхналогія сельскагаспадарчай вытворчасці”, куды будуць уведзены асобныя тэмы па ветэрынарыі, заатэхніцы, кармленні жывёл, якія з’яўляюцца важнымі ў навучанні будучых спецыялістаў. Ёсць дамоўленасць аб тым, што выкладчыкі спецдысцыплін каледжа змогуць прайсці стажыроўку ў СП “Унібокс” і наведаць малочнатаварную ферму “Чарнова” Чэрвеньскага раёна з мэтай вывучэння тэхналогіі прыгатавання паўнавартасных кармавых сумесей і ўтрымання жывёл на фермах, а таксама арганізацыі тэхналагічных працэсаў у сельгасвытворчасці і камп’ютарнага забеспячэння сістэмы “Кіраванне статкам”. Інавацыйная кампанія ААТ “Біяком Тэхналогія” ўстанавіла для выкарыстання ў вучэбных мэтах праграму кіравання статкам “Т4С”.
— Такія крокі мы ажыццяўляем з мэтай падрыхтоўкі высокакампетэнтных спецыялістаў, якія б маглі дастойна прадстаўляць наш каледж на вытворчасці і ўносіць свой уклад у рэалізацыю праграмы ўстойлівага развіцця сяла, — адзначыла Тамара Міхайлаўна.
Важную ролю ў гэтым адыгрывае метадычная служба навучальнай установы, якую прадстаўляе А.І.Пятрова.
— На працягу года наш каледж працаваў над задачай павысіць якасць прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў для аграрна-прамысловага комплексу праз актыўную вучэбна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, — паведаміла Алена Іванаўна. — У нашай рабоце мы імкнёмся адысці ад фармалізму і знаходзіць такія падыходы ў адукацыйным працэсе, каб нашы выхаванцы актыўна ўключаліся ў навучанне, імкнуліся да ўдасканалення сваіх ведаў, каб у іх была матывацыя працягваць свой кар’ерны рост і, безумоўна, каб не прападала жаданне працаваць на роднай зямлі, на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
— Натуральна, што мы пастаянна абнаўляем свае вучэбныя планы і праграмы, каб іх змест адпавядаў сённяшнім змяненням у сельскай гаспадарцы, мадэрнізацыі вытворчасці, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Тамара Мікалаеўна Крумкач. — Такім чынам, мы плануем 15 працэнтаў зместу вучэбнай праграмы дысцыпліны “Тэхналогія сельскагаспадарчай вытворчасці” дапоўніць вывучэннем праграмных прадуктаў, якія тычацца функцыянавання сучасных малочнатаварных ферм. У нашай установе вывучаем такую дысцыпліну, як “Аўтаматызацыя кіраўніцкай дзейнасці прадпрыемства”, мяркуем унесці змяненні ў гэтую дысцыпліну, а таксама ў дысцыпліну “Базы даных і сістэмы кіравання базамі даных”, каб нашы спецыялісты маглі валодаць гэтымі праграмнымі прадуктамі, і такім чынам узняць рэйтынг нашай установы на рынку адукацыйных паслуг і працы на новы ўзровень.
Ужо сёння навучэнцы каледжа праходзяць вытворчую тэхналагічную практыку менавіта ў такіх сельгасарганізацыях, якія маюць высокатэхналагічнае абсталяванне. Вытворчыя робаты ўстаноўлены ў гаспадарках Дзяржынскага, Валожынскага, Мядзельскага і Маладзечанскага раёнаў.
— У нас арганізавана трохузроўневая практычная падрыхтоўка навучэнцаў, — паведаміла загадчыца вытворчай практыкі Наталля Мечыславаўна Невядомская. — Вучэбныя практыкі па ўсіх спецыяльнасцях праводзяцца на базе лабараторый каледжа і вучэбных кабінетаў. Другі узровень — гэта тэхналагічныя вытворчыя практыкі на тых сельгаспрадпрыемствах, якія эфектыўна працуюць і з якімі наш каледж заключыў двухбаковыя дагаворы. Звычайна для дапамогі навучэнцам назначаецца кіраўнік, які непасрэдна працуе з навучэнцамі ў час практыкі. Трэці узровень — гэта пераддыпломная практыка, якая праводзіцца непасрэдна па месцы сваёй будучай працы, на тым прадпрыемстве, куды нашы выпускнікі атрымалі размеркаванне. І гэта своеасаблівы ход. Прадпрыемствы зацікаўлены ў аказанні дапамогі нашым навучэнцам у адаптацыі да вытворчасці, паколькі гэта будуць іх спецыялісты. Прадпрыемствы прадастаўляюць нам матэрыялы па бухуліку, і на базе гэтых дакументаў мы праводзім вучэбную практыку. Па спецыяльнасці “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” нашых навучэнцаў запрашае на практыку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Істотна і тое, што выпускнікі каледжа працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Згодна з сістэмай бесперапыннай інтэграванай адукацыі каледж заключыў дагаворы з УВА сельскагаспадарчага профілю як сталіцы, так і рэгіёнаў. Звычайна 50% выпускнікоў каледжа працягваюць навучанне на вышэйшай ступені. Шмат вучыцца ва ўстанове і завочнікаў. Для навучэнцаў установы прадастаўляецца добраўпарадкаваны інтэрнат, а для маладых педагогаў, якія пастаянна папаўняюць калектыў каледжа, даецца магчымасць пабудаваць сваё жыллё.
Каледж актыўна фарміруе пазітыўны імідж, абапіраючыся на заслужаны давер з боку заказчыкаў кадраў. Праз знаёмства з каледжам узнікае цікавасць да ўстановы, а ў многіх — жаданне вучыцца менавіта ў ім.
— Павышэнне прэстыжу спецыяльнасцей тэхніка-праграміста, бухгалтара, сакратара-рэферэнта дазволіць прыцягнуць моладзь для паступлення ў нашу ўстанову адукацыі, што будзе садзейнічаць папаўненню працоўных рэсурсаў і вырашэнню праблемы недахопу кадраў у сельскагаспадарчай вытворчасці, — адзначыў С.У.Лукашэвіч.
Каб быць у курсе ўсіх спраў, якія адбываюцца ў сельскагаспадарчай галіне, укаранення ў ёй новай тэхнікі і ўнікальных інфармацыйных тэхналогій, калектыў каледжа рэгулярна наведвае выставу “Адукацыя. Кар’ера”, “ТИБО”, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх навукова-тэхнічных канферэнцыях, рэспубліканскіх выставах “Комплекснае забеспячэнне рэалізацыі адукацыйных стандартаў” па спецыяльнасцях “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”.
— З мэтай прафарыентацыі мы аб’ездзілі ўздоўж і ўпоперак свой рэгіён і бліжэйшыя раёны, — адзначыў дырэктар каледжа Сяргей Уладзіміравіч Лукашэвіч. — Нас ведаюць амаль у кожным доме, у кожнай школе, на кожным сельгаспрадпрыемстве. Дні адкрытых дзвярэй даўно сталі традыцыйнымі, толькі кантынгент іх удзельнікаў пашыраецца і робіцца ўсё больш разнастайным. На такія прафесійныя святы ў каледж прыязджаюць не толькі выпускнікі школ, моладзь навакольных вёсак, хлопцы, якія толькі дэмабілізаваліся з Узброеных сіл, але і, безумоўна, прадстаўнікі арганізацый, сельгаспрадпрыемстваў, кіраўніцтва раённых выканкамаў.
Само навакольнае асяроддзе, дзе размясціўся каледж, выклікае прыхільнасць да сябе ў абітурыентаў навучальнай установы, якія прыязджаюць сюды паступаць. Здалёк відаць славутасць Новага Поля — маёнтак князёў Друцкіх-Любецкіх, які ўражвае сваёй незвычайнай старажытнай архітэктурай. Навучэнцы і педагогі старанна аберагаюць гэты гістарычны помнік і працягваюць захоўваць старонкі гісторыі Новага Поля ўжо ў сваім навучэнскім музеі. Яго стваральнік Святлана Мікалаеўна Станкевіч расказала, што першыя экспанаты з’явіліся ў музеі больш за 30 гадоў назад і былі сабраны разам з навучэнцамі каледжа. Цяпер музей мае багатыя экспазіцыі, куды ўваходзяць фатаграфіі герояў Вялікай Айчыннай вайны, іх узнагароды, а таксама шэраг дакументаў, якія расказваюць пра гістарычнае мінулае і аб працоўных буднях Новага Поля.
— Наш музей наведваюць ветэраны вайны і працы, навучэнцы, школьнікі, — паведаміла Святлана Мікалаеўна. — У дзень 70-годдзя вызвалення Беларусі мы чакаем шмат наведвальнікаў і будзем гатовы расказваць гасцям аб баявым подзвігу нашых жыхароў у час вайны.
А нядаўна ў асобным пакоі Святлана Мікалаеўна разам са сваімі выхаванцамі адкрыла беларускую хатку, якая кожны дзень папаўняецца новымі старадаўнімі экспанатамі. Метадычны кабінет створаны пры музеі, цесна супрацоўнічае з гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. А ў ролі экскурсаводаў выступаюць навучэнцы каледжа.
Не сакрэт, што ўвядзенне такіх новых, высокатэхналагічных спецыяльнасцей стала істотным аргументам для паступлення моладзі ў Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Сёння наша сельская гаспадарка падверглася масіраванай мадэрнізацыі, укараненню камп’ютарных тэхналогій, новага абсталявання, што прыводзіць да кардынальнага паляпшэння ўмоў працы для будучых спецыялістаў і ўвогуле развіцця прынцыпова новага стаўлення да спецыяльнасцей сельскай гаспадаркі ў нашай моладзі. І вось фарміраванне такой пазіцыі закладваецца менавіта ў гэтай навучальнай установе, дзе разам з прафесійнымі ўменнямі і навыкамі выхоўваецца любоў да прафесіі, да роднай зямлі і гісторыі свайго краю. І ў гэтым безумоўная заслуга педагагічнага калектыву каледжа, якім кіруе сучасны, ініцыятыўны дырэктар Сяргей Уладзіміравіч Лукашэвіч.
Ала КЛЮЙКО.