Фарміраваць прафесійныя навыкі, узбагачаць унутраны свет

- 13:47World Skills

Канкурсантам сёлетняга чэмпіянату Worldskills Belarus гэтым летам прыходзіцца сумяшчаць прыемнае з карысным: добра адпачыць у летні час, набрацца сіл, а таксама працягваць падрыхтоўку да спаборніцтваў. Гэтым заняты і нацыянальныя эксперты чэмпіянату. Сёння яны расказваюць нашым чытачам аб прафесійных кампетэнцыях конкурсу, якімі будуць заданні для ўдзельнікаў спаборніцтваў, крытэрыі ацэнкі выкананых работ і ўвогуле пра тую творчую атмасферу, якая будзе складвацца на галоўнай пляцоўцы чэмпіянату.

Выканаць місію педагога

Святлана Сяргееўна Шклярава — чалавек вядомы ў педагагічнай грамадскасці. Яна скончыла факультэт дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, магістратуру ў рамках рэалізацыі сеткавай магістарскай праграмы “Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі”, займала розныя пасады ў сістэме адукацыі сталіцы, а з 2017 года — загадчыца ясляў-сада № 20 Мінска. Сёння Святлана Сяргееўна сумяшчае сваю прафесійную дзейнасць яшчэ і з работай па арганізацыі і правядзенні чэмпіянатаў WorldSkills у нашай краіне. Яна нацыянальны эксперт па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”.

С.С.Шклярава.

— Калектыў нашай установы — дружная, згуртаваная каманда, — расказала Святлана Сяргееўна. — У нас працуюць вопытныя спецыялісты, прафесіяналы, людзі творчыя і ініцыятыўныя. З 2017 года ўстанова актыўна супрацоўнічае з Мінскім гарадскім педагагічным каледжам і з’яўляецца базай для практыкі навучэнцаў.

Па выніках работы за мінулы год сталічны яслі-сад № 20 прызнаны лепшай установай дашкольнай адукацыі Цэнтральнага раёна Мінска. З мінулага года калектыў рэалізуе праект “Распрацоўка інструментарыю для ацэнкі якасці інфармацыйнага суправаджэння бацькоў ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, ганараваны грантам Мінгарвыканкама. У рамках праекта абнаўляецца змест узаема­дзеяння дзіцячага сада з сем’ямі выхаванцаў. Створана старонка ва “УКантакце”, адкрыты YouTube-канал, ідзе пошук цікавых рашэнняў для актывізацыі работы сайта ўстановы.

Нядаўна С.С.Шклярава стала нацыянальным экспертам WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. У рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства кампетэнцыя “Дашкольная адукацыя” ўпершыню была прадстаўлена ў 2018 годзе. Па словах нацыянальнага эксперта С.С.Шкляравай, удзел у конкурсе дазваляе яго ўдзельнікам развіваць прафесійныя кампетэнцыі, дэман­страваць уменні і навыкі, павышаць прэстыж прафесіі выхавальніка дашкольнай адукацыі сярод навучэнцаў і маладых педагогаў.

Кампетэнцыя прадугледжвае індывідуаль­ны ўдзел у конкурсе. Конкурснае заданне складаецца з 3 модуляў. Модуль А складаецца з 2 заданняў, модулі В і С прадугледжваюць выкананне аднаго задання.

Модуль А ў першым заданні прадугледжвае распрацоўку і правядзенне інтэграваных заняткаў па маўленчым развіцці (выразнае чытанне) з падгрупай дзяцей з уключэннем дыдактычнай гульні на ІКТ-абсталяванні; у другім заданні трэба выканаць распрацоўку і правядзенне інтэграваных заняткаў па пазнавальным развіцці (віртуальная экскурсія) і робататэхніцы.

У выніку выканання задання модуля В будзе распрацаваны сумесны праект выхавальніка, дзяцей і бацькоў, будзе аформлена прэзентацыя аб этапах праекта і яго выніках з прымяненнем ІКТ для выступлення з паведамленнем аб праекце на бацькоўскім схо­дзе.

Рэалізацыя задання модуля С дазволіць удзельнікам прадэманстраваць свае прафесійныя магчымасці ў арганізацыі і кіраўніцтве нерэгламентаванай дзейнасцю выхавальніка з дзецьмі дашкольнага ўзросту (з элементамі фізкультурна-аздараўленчай работы).

Кожны модуль патрабуе дэманстрацыі характэрных для выхавальніка дашкольнай адукацыі прафесійных кампетэнцый (арганізацыйна-кіраўнічая, вучэбная, выхаваўчая, метадычная, здароўезберагальная, камунікатыўная і інш.), ведання дашкольнай педагогікі, псіхалогіі, прыватных методык дашкольнай адукацыі, асноў робататэхнікі, уменняў прымяняць метады і прыёмы арганізацыі дзейнасці дзяцей з выкарыстаннем ІКТ-абсталявання.

Як падкрэсліла С.С.Шклярава, фіналісты адборачных спаборніцтваў па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 адпавядаюць гэтым патрабаванням. Рэгіянальныя туры паказалі сістэмную работу з патэнцыяльнымі ўдзельнікамі нацыянальнага чэмпіянату.

— Я бачу вялікі патэнцыял у кожнай з удзель­ніц кампетэнцыі, — падкрэсліла нацыянальны эксперт. — Маладыя, ініцыятыўныя, тэхналагічна падкаваныя спецыялісты, яны стануць рухаючай сілай прафесійнага развіцця калектыву ўстаноў дашкольнай адукацыі, дзе іх з нецярпеннем чакаюць. На мой погляд, гэтая кампетэнцыя — адна з самых складаных сярод іншых прадстаўленых на конкурсе прафесій. Задача ўдзельніка кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” — на пляцоўцы ў кароткі тэрмін ацаніць свае магчымасці, адаб­раць у адпаведнасці з заданнем інструментарый, стварыць пэўны продукт, наладзіць зносіны з дзецьмі і перадаць ім свае веды, уменні і навыкі, што з’яўляецца галоўнай місіяй педагога.

Тахеометр вызначае прафесіяналізм

І.Я.Рак, загадчыца кафедры інжынернай геадэзіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, нацыянальны эксперт WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Геадэзія”. Як лічыць эксперт, чэмпіянаты WorldSkills у нашай краіне з’яўляюцца выдатнай пляцоўкай для прафарыентацыйнай работы, дзе нашым школьнікам у час наведвання спаборніцтваў прадастаўляецца рэальная магчымасць дакрануцца да прафесіі, увачавідкі паглядзець, як працу­юць маладыя прафесіяналы. WorldSkills — алімпіяда рабочых і спецыялістаў, дзе адлюстроўваюцца таленты моладзі ў выбранай прафесіі, адбываецца абмен перадавым вопытам у сферы прамысловасці і прафесійнай адукацыі. Чэмпіянат WorldSkills натхняе і ўражвае, зара­джае энергіяй і жаданнем дасягнуць вяршынь у прафесійным майстэрстве.

І.Я.Рак.

— Задачы, якiя ўключаны ў конкурсныя заданні кампетэнцыі “Геадэзія” чэмпіянату гэтага года, як і папярэдніх гадоў, адпавядаюць тым задачам, якія стаяць перад сучаснай вытворчасцю з выкарыстаннем найноўшых прыбораў і праграмнага забеспячэння для апрацоўкі атрыманых вымярэнняў, — адзначыла Ірына Яўгенаўна.

Конкурснае заданне сёлетніх спаборніцтваў складаецца з чатырох модуляў: А, В, С і D, якія ўключаюць у сябе работу з электронным тахеометрам, апрацоўку палявых вымярэнняў у сучасным праграмным прадукце.

Модуль A прадугледжвае праектаванне вертыкальнай планіроўкі і геадэзічную падрыхтоўку зыходных даных для вынасу праекта ў натуру. Модуль B — гэта палявыя геадэзічныя работы па вынасе ў натуру праекта вертыкальнай планіроўкі і нівеліраванні сеткі квадратаў. Модуль C прадугледжвае складанне картаграм земляных работ, а модуль D — апрацоўку матэрыялаў інжынерна-геадэзічных пошукаў у офісным праграмным забеспячэнні (Крэда Тапограф).

У нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2020 прымуць удзел прадстаўнікі кожнай вобласці, якія прайшлі адборачныя туры і сталі ў іх пераможцамі, а таксама каманда з Мінска, куды ўваходзяць студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. У выніку плануецца ўдзел 7 каманд. Улічваючы тое, што праграма “Крэда Тапо­граф”  раней не ўваходзіла ў конкурснае заданне папярэдніх чэмпіянатаў і яна не ўключана ў вучэбныя праграмы дысцыпліны “Геадэзія” спецыяльнасцей будаўнічага профілю, то на этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату ў экспертаў і яго ўдзельнікаў было шмат пытанняў, якія вырашаліся з дапамогай кансультацый спецыялістаў кампаніі “Крэда-Дыялог”.

Ірына Яўгенаўна Рак падзялілася знамянальнымі падзеямі на ніве сваёй экспертнай дзейнасці, калі яе выхаванцы дэманстравалі выдатныя вынікі на спаборніцтвах, у тым ліку і міжнародных. Так, напрыклад, адным з удзель­нікаў нашай каманды, якая прадстаўляла краіну ў кампетэнцыі “Геадэзія” Еўразійскага чэмпіянату WorldSkills, што праходзіў у Краснадары ў 2017 годзе, быў навучэнец Гомельскага дарожна-будаўнічага кале­джа Аляксандр Сергачоў. А ў 2019 годзе Аляксандр, ужо як студэнт БНТУ, які вучыцца па спецыяльнасці “Геадэзія”, быў у складзе каманды, якая прадстаўляе нашу краіну ў фінале III Нацыянальнага міжуніверсітэцкага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) па кампетэнцыі “Геадэзія” ў Маскве. З улікам таго, што наша каманда выступала па-за конкурсам, то месца ёй не прысуджалася, але па колькасці набраных балаў яна была другой. І гэта пры тым, што хлопцам прый­шлося працаваць з прыборамі, з якімі раней яны не былі знаёмыя. Гэта годны вынік!

— Чэмпіянаты WorldSkills даюць удзельнікам магчымасць набыць новыя веды, пратэсціраваць свае навыкі, абмяняцца вопытам, а нам, экспертам, — набыць эфектыўную практыку выкладання новых тэхналогій, — падкрэсліла І.Я.Рак. — Для наведвальнікаў чэмпіянатаў, гледачоў ёсць выдатная магчымасць убачыць прафесіяналаў у справе, больш падрабязна даведацца пра тую ці іншую спецыяльнасць.

Які ён, букет бідэрмеер?

Вольга Пятроўна Яўсеева, нацыянальны эксперт WorldSkills, прадстаўляе кампетэнцыю “Фларыстыка”. Яна кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры агульнай і прафесійнай педагогікі факультэта павышэння кваліфікацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, мае вялікі вопыт і прафесійныя навыкі ў гэтым кірунку і трансліруе іх праз навуковыя і папулярныя выданні. Яна аўтар амаль 70 навуковых артыкулаў і іншых друкаваных работ.

— Я працую з рознымі ўзроставымі аўды­торыямі, гэта школьнікі, студэнты, дарослыя, — расказала Вольга Пятроўна. — Пятнаццацігадовы інжынерна-педагагічны вопыт, атрыманы ў працэсе працоўнай дзейнасці, дазваляе мне перадаць назапашаныя веды, уменні і навыкі з праламленнем на сучасны рынак прафесійнай дзейнасці і перспектыву заўтрашняга дня. Па словах эксперта, кампетэнцыя “Фларыстыка” дазваляе не толькі адлюстраваць пэўныя прафесійныя навыкі, але і раскрыць унутраны свет навучэнцаў, сфарміраваць пачуццё прыгажосці, выхаваць эстэтычны густ.

У ходзе выканання конкурсных заданняў па кампетэнцыі “Фларыстыка” будуць правярацца такія галіны ведаў, як асноўная работа фларыста, вясельная фларыстыка, работа з гаршковымі раслінамі, афармленне інтэр’ера.

На працягу 2 дзён конкурсу трэба выканаць шэраг заданняў. У першы дзень канкурсанты прадставяць свае ўменні і навыкі пры стварэнні букета з кветак, які будзе размяшчацца ў адпаведным сасудзе. Потым канкурсанты будуць упрыгожваць інтэр’ер. Іх вырабы могуць быць падвяснымі, насценнымі з выкарыстаннем тканіны і іншых аздабленчых матэрыялаў, што прыдасць інтэр’еру прывабнасць і камфорт. Гэта будуць 2 першыя модулі задання. У 3-м модулі будзе весціся работа, як кажуць, з жывым фларыстычным матэрыялам з выкарыстаннем дэкору пад намінацыяй сюрпрызнай фларыстыкі. У 4-м модулі ўдзельнікам спаборніцтва трэба выканаць настольную кампазіцыю з гаршковых раслін з выкарыстаннем тых творчых задум, якія падказала асабістая фантазія.

В.П. Яўсеева.

У другі дзень спаборніцтваў у модулі “Вясельная фларыстыка” ўдзельнікам трэба зрабіць вясельны букет бідэрмеер, а ў модулі “Асноўная работа фларыста” — букет-звязку з кветак на ўласных сцёблах. Апошні модуль прадугледжвае афармленне тэматычнага святочнага стала. Згодна з заданнем, трэба стварыць такую фларыстычную кампазіцыю, якая будзе гарманіраваць з сервіроўкай стала: з абрусам і сурвэткамі, сталовымі прыборамі, посудам. Усё павінна быць у адной гаме і колеры. Як адзначыла В.П.Яўсеева, сферай прафесійнай дзейнасці ў фларыстыцы з’яўляецца выраб кампазіцый з жывых зрэзаных і гаршковых раслін, сухацветаў з магчымым уключэннем нефларальнага матэрыялу (стужкі, тканіны, дэкаратыўныя ўпрыгажэнні і інш.), догляд і падтрыманне ў належным стане фларыстычных работ, стварэнне з натуральных і штучных матэрыялаў фларыстычных вырабаў (арка, фітакарціны, калаж і інш.), выкананне мастацка-афарміцельскіх работ з выкарыстаннем рэзачнай і ганчарнай прадукцыі ў інтэр’еры і экстэр’еры, фларыстычнае афармленне прадметна-прасторавага асяроддзя.

Аб’ектамі прафесійнай дзейнасці ў гэтым напрамку з’яўляюцца жывыя расліны (адкрытага, закрытага грунту, зрэзачныя, гаршковыя) і іх фрагменты (сухацветы і засушаныя расліны, штучныя расліны), дапаможныя матэрыялы (клей, дрот, нажніцы, секатар, стэплер, паяльнік, асадкі для паяльніка), каркасы (драўляныя, металічныя, драцяныя, пластмасавыя, папяровыя і інш.); кошыкі, вазы, гаршкі, посуд; рамкі, інертныя тэхнічныя матэрыялы (тканіны, стужкі, банты, фольга, папера, ніткі, крапежны матэрыял: аазіс, пенапласт, кардон, сена, дрот, сетка, шпількі); інертныя дэкаратыўныя матэрыялы (тканіны, стужкі, банты, фольга, сеткі, папера, ніткі, дэкаратыўныя атрыбуты: пацеркі, бісер, шкля­рус і інш.).

Мяркуючы па тых заданнях, якія атрымаюць юныя фларысты ў час спаборніцтва, не зусім прымальнымі для фларыстыкі бу­дуць словы “выраб”, “рабіць”. Гэтую сферу найлепш адлюстроўваюць словы “твор”, “тва­рыць”. Відавочна, кожнае заданне прасякнута душэўнымі пачуццямі і памкненнямі, а асновай прыгажосці з’яўляецца менавіта ўнутраны свет нашых навучэнцаў. Узбагаціць яго прызваны і Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства.

Ала КЛЮЙКО.