Фарміраваць уласны погляд

- 13:39Сацыяльны ракурс

Юрась КАЛАСОЎСКІ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры магілёўскай гарадской гімназіі № 1, рэдактар гімназічнай газеты “Статус-КВО”:

— Паездка ў Швецыю на летнюю школу па медыяадукацыі прынесла мне не толькі мноства ўражанняў ад прыроды і ладу жыцця скандынаўскай краіны, якая, паводле даследаванняў, займае адно з першых месцаў у свеце ў рэйтынгу шчасця, але дазволіла азнаёміцца з вопытам шведскіх медыяадукатараў і журналістаў і такім чынам атрымаць карысныя веды і навыкі, якія спатрэбяцца пры стварэнні гімназічнай газеты.З 2010 года я з’яўляюся рэдактарам гімназічнай газеты “Статус-КВО”, рэдкалегія якой, дарэчы, у 2013 годзе перамагла на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых СМІ “Свежы вецер”, які штогод праводзіць часопіс “Народная асвета”. Маючы педагагічную і журналісцкую адукацыю, імкнуся фарміраваць у сваіх вучняў медыяграматнасць, развіваць навыкі крытычнага мыслення, уменне самастойна рабіць высновы і меркаванні на аснове аналізу інфармацыі з розных крыніц. Менавіта таму, едучы на медыяшколу ў Швецыю, стараўся ўзяць для сябе як мага больш карыснай інфармацыі, якая б найперш тычылася работы з інфармацыяй і стварэннем медыятэкстаў. Адразу скажу, што мае жаданні цалкам спраўдзілі і нават пераўзышлі мае чаканні.
Адзін з арганізатараў летняй школы Ёран Андэрсан (педагог з вялікім стажам, кансультант сайта “Медыякомпас”) прывёў прыклад журналісцкага даследавання, якое робяць шведскія падлеткі.
Здзівіла тое, што на шведскіх сайтах можна знайсці вучнёўскія ролікі, у якіх выкарыстаны маніпулятыўныя тэхналогіі з мэтай справакаваць ілжывае ўяўленне пра які-небудзь факт. Напрыканцы роліка вучні расказваюць, як яны рабілі гэта. Такім чынам дзеці вучацца распазнаваць метады маніпуляцыі.
Не менш карыснай была сустрэча з настаўнікам Ларсам-Эрыкам Халем, былым кансультантам вучэбнага сайта “Медыякомпас”. Спадар Халь расказаў, што прэса, а тым больш штодзённыя газеты, — цудоўная крыніца інфармацыі, а сама работа з газетамі дазваляе фарміраваць медыяграматнасць вучняў, вучыць іх не толькі ствараць медыятэксты, але і арыентавацца ў глабальнай інфармацыйнай прасторы.
Улічваючы тое, што спорт з’яўляецца важнай часткай жыцця большасці вучняў, Ларс-Эрык выкарыстоўвае гэта ў сваёй рабоце. Ён адзначыў, што добры артыкул з добрай інфаграфікай вельмі карысны для работы з вучнямі. Напрыклад, артыкул “Гульня ў дзвюх асобах” пра Алімпіяду ў Сочы ён раздаў кожнаму вучню, задаўшы пытанне аб тым, які пасыл імкнецца перадаць аўтар артыкула чытачам. Для пашырэння кругагляду ён прапанаваў дзецям скарыстацца Google-картамі, каб знайсці месца, дзе адбываюцца падзеі, або вэб-камерамі для анлайн-прагляду падзей.
Таксама можна прапанаваць дзецям напісаць ліст герою артыкула. Ларс Халь прывёў прыклад, калі яго вучні напісалі ліст членам алімпійскай зборнай Швецыі, вядомым спартсменам. Пазней з вучнёўскіх лістоў атрымалася скласці ажно дзве брашуры.
Яшчэ адно заданне, якое прадугледжвае работу з друкаваным выданнем: неабходна здзейсніць пошук інфармацыі, напрыклад, крымінальнага характару. У гэтым выпадку адна група павінна зрабіць падборку артыкулаў пра дарожна-транспартныя здарэнні; другая група — пра злачынствы, звязаныя з крадзяжамі; трэцяя — пра злачынствы, не звязаныя з інтарэсамі іншых груп. Падчас работы дзеці імкнуцца знайсці адказ на пытанні: “Колькі насілля навокал?”, “Ці ёсць рызыка таго, што я стану ахвярай злачынства?”. Калі вучні заканчваюць работу, разам з настаўнікам абмяркоўваюць пытанні, пачынаючы з малога: з сябе, сям’і, горада, а потым пераходзяць да большых маштабаў — краіна, свет. Чым больш аспектаў можа высветліць вучань падчас адказаў, чым больш аргументаў ён прыводзіць, тым вышэй яго адзнака.
Адным з ключавых паняццяў шведскай мадэлі медыяадукацыі з’яўляецца “здольнасць фарміраваць уласнае меркаванне”, грунтуючыся на аналізе інфармацыі з розных крыніц.
Вяртаючыся са Швецыі, думаў пра тое, што магу змяніць у стварэнні школьнай газеты, як найбольш эфектыўна фарміраваць медыяграматнасць вучняў. І думкі зводзіліся да адной высновы: не абмяжоўвацца напісаннем артыкулаў, а працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, шукаць і абмяркоўваць, даваць магчымасць кожнаму выказацца.

Алена АРЭШКА, загадчыца дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі:

— Не разумець важнасць медыяадукацыі для дзяцей і моладзі — ментальна жыць у іншым неінфармацыйным часе. Пакінуць дзяцей у атачэнні соцень тысяч паведамленняў, якія пранікаюць у розум і душу, без аналітычных інструментаў, якія дазваляюць у іх арыентавацца, — недаравальна. Гэта мы даўно зразумелі ў дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. У тэлестудыі 14 гурткоў па ўсіх напрамках электронных і друкаваных СМІ. І натуральна, што, даючы базавыя веды журналісцкіх прафесій, педагогі на кожных занятках так ці інакш закранаюць тэмы пошуку, стварэння, адбору інфармацыі, прывучаюць да крытычных адносін да яе. Як загадчык тэлестудыі палаца я зразумела, што праблемы на шляху прасоўвання медыяадукацыі ў нас у асноўным ствараюцца дарослымі, якія часам проста супраціўляюцца новым кампетэнцыям і не заўсёды разумеюць, як важна навучыць дзяцей працаваць з інфармацыяй, прычым не ў тэхнічным, а ў аналітычным плане.
Удзячна арганізатарам паездкі ў Швецыю на курсы па медыяадукацыі як з беларускага, так і прымаючага боку, таму што нарэшце змагла ўбачыць тое, да чаго мы павінны імкнуцца, — комплекснае і сістэматычнае навучанне дзяцей абыходжанню з медыя, якое пранізвае і ахоплівае ўсе ступені атрымання сярэдняй адукацыі.
І не важна, што тэхнічнае забеспячэнне ў школах Швецыі надзвычай якаснае, гэта не самае галоўнае, што забяспечвае высокі ўзровень медыяадукацыі. Ключавым з’яўляецца тое, што неабходнасць медыяадукацыі ў іх не дэбатуецца, а ўваходзіць як інтэгральная частка ў рэальныя вучэбныя планы. Шведскія педагогі выдатна разумеюць, што дзяцей трэба вучыць арыентавацца ў рэальнасці, створанай СМІ, бо яна часта падмяняе сабой сапраўднае жыццё. Ужо ў пачатковай школе дзеці вучацца “гуляць” з інфармацыяй, выяўляючы схемы яе стварэння, выкрываючы і агаляючы яе механізмы.
Адным з самых яркіх уражанняў падчас шведскіх курсаў для мяне стала новая сучасная роля школьнага бібліятэкара. У Швецыі бібліятэкары актыўным чынам удзельнічаюць у вучэбным працэсе, і менавіта яны праводзяць заняткі па пошуку і адборы інфармацыі ў інтэрнэце. Яны сталі ў Швецыі тымі, кім і павінны быць школьныя бібліятэкары сёння, — злучальным звяном паміж найвялікшым вынаходствам чалавецтва — друкаванай кнігай — і новай электроннай формай яе стварэння і спажывання, эрудзіраваным навігатарам у сусветнай павуціне.
Знаёмства са шведскай сістэмай медыяадукацыі падмацавала маю рашучасць прасоўваць яе ў той меры, якая мне даступна. Дзіцяча-юнацкая тэлестудыя штогод арганізоўвае двухдзённы гарадскі конкурс дзіцяча-юнацкіх СМІ, восеньскую і летнюю школы журналістыкі. Планую ўдзяляць на гэтых мерапрыемствах большую ўвагу медыяадукацыі, выкарыстоўваючы тэхнічныя і кадравыя рэсурсы тэлестудыі. Падчас школы журналістыкі звычайна прыцягваюцца намі да заняткаў і педагогі-куратары дзіцяча-юнацкіх СМІ горада. Спецыяльна для іх мы распрацоўваем кароткі курс па медыяадукацыі, які прадугледжвае знаёмства з відамі медыя, іх асаблівасцямі, вартасцямі і недахопамі, а таксама з ключавымі паняццямі медыяадукацыі. Падчас заняткаў мы паспрабуем забяспечыць педагогаў і некаторымі тэхналогіямі правядзення заняткаў. А станоўчы вопыт дзіцяча-юнацкай тэлестудыі мы плануем у найбліжэйшы час сістэматызаваць і распрацаваць вучэбна-метадычны дапаможнік па асновах арганізацыі вучэбна-практычнай дзейнасці вучняў па медыяадукацыі ва ўмовах дадатковай адукацыі.
І напрыканцы хачу дадаць: безумоўна, трэба ўлічваць, што ў працэсе медыяадукацыі падрастаючага пакалення павінны быць задзейнічаны многія сацыяльныя сілы. Гэта і настаўнікі ў школах, і педагогі дадатковай адукацыі, і бацькі навучэнцаў, заклапочаныя беспрэцэдэнтным уплывам СМІ на сваіх дзяцей, гэта і медыякампаніі, і органы дзяржаўнага рэгулявання. У гэтых розных дзеючых асоб розныя матывацыі дзейнасці ў сферы медыяадукацыі — ад абароны дзяцей да іх развіцця. Аднак тое, што ўсіх іх павінна аб’ядноўваць, — гэта імкненне зрабіць дзяцей і моладзь актыўнымі і, галоўнае, свядомымі карыстальнікамі СМІ. Таму так неабходна цеснае супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых у медыяадукацыі ў самы бліжэйшы час.

Наталля КАТЧАНКА, настаўніца англійскай мовы гімназіі Нясвіжа Мінскай вобласці:

— Кожны неабыякавы настаўнік павінен час ад часу задаваць сабе пытанне “Што я магу зрабіць, каб вучні лепш ведалі мой прадмет, каб з жаданнем ішлі на мой урок, і як іх зацікавіць на пошук новай інфармацыі?” Адказ можа быць вельмі просты — шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей. Выхоўваць чалавека можна не толькі падчас пазакласных мерапрыемстваў, але і на кожным уроку.
Для мяне пошук такіх шляхоў пачаўся са знаёмства са стратэгіяй актыўнай ацэнкі ў 2013 годзе на дыстанцыйным курсе ў якасці студэнткі. Навучанне захапіла мяне па дзвюх прычынах. Па-першае, таму, што некаторыя з элементаў былі абсалютна новымі для мяне, але, як паказала практыка, эфектыўнымі для дасягнення пастаўленай мэты на ўроку. Па-другое, шмат таго, з чаго складаецца філасофія актыўнай ацэнкі, я прымяняю ў сваёй прафесійнай дзейнасці. У 2014 годзе я працягнула працаваць на дыстанцыйным курсе, але ўжо ў якасці ментара. Большасць нашых ментараў адначасова з’яўляюцца і медыяадукатарамі. Падчас нашых сустрэч я даведалася, што ў Беларусі пытанне медыяадукацыі пачало цікавіць усё больш і больш педагогаў і журналістаў. Запрашэнне на міжнародныя курсы па медыяадукацыі ў Швецыю я ўспрыняла як яшчэ адну магчымасць для таго, каб пазнаёміцца з замежным вопытам і знайсці аднадумцаў. Да заняткаў у Швецыі ў мяне былі толькі павярхоўныя веды па пытанні медыяадукацыі. Школа, у якой я працую, не з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай і не выдае сваю газету ў параўнанні з тымі ўстановамі, якія зацікаўлены павышэннем медыякультуры сваіх вучняў.
Пяць дзён у Кальмары былі інфарматыўна насычанымі і змястоўнымі. Мы сустракаліся і з настаўнікамі, і з журналістамі. Колькі цікавых ідэй я пачула за гэтыя дні! Іх можна рэалізаваць і на ўроках англійскай мовы, і на інфармацыйных і класных гадзінах. Галоўная задача школы — выхоўваць асобу з маральна-этычнымі каштоўнасцямі і крытычным мысленнем.
У канцы XX стагоддзя наша краіна лічылася самай чытаючай у свеце. А што адбываецца зараз? Таму адна з задач, якая стаіць перад медыяадукацыяй, — стымуляваць насельніцтва да чытання (не прымушаць, а зацікавіць). Як паказвае прыклад Швецыі, пачынаць трэба з пачатковай і сярэдняй школы. Ларс-Эрык Халь, настаўнік малодшых класаў, падзяліўся з намі каштоўнымі знаходкамі са сваёй практыкі. Усё не так складана, як падаецца на першы погляд. Галоўнае — знайсці цікавы артыкул (пажадана з ілюстрацыямі), прыдумаць пытанні да загалоўка ці ілюстрацый, якія могуць выклікаць дыскусію (з вопыту работы з актыўнай ацэнкай, так званыя ключавыя пытанні). І вось тады дзецям самім захочацца прачытаць артыкул да канца і праверыць, ці спраўдзіліся іх прагнозы. Другая ідэя — ліст да цікавага чалавека (гэта можа быць знакамітая асоба ці проста чалавек, пра якога хацелася б больш даведацца). Галоўная ўмова — ліст павінен быць напісаны ад рукі. Электронныя паведамленні могуць трапіць у “спам”, іх можна праігнараваць, а вось класічны ліст накладвае нейкі маральны абавязак, і на яго нельга не адказаць. Такая форма работы карысная тым, што дзеці вучацца ветліва звяртацца да адрасата, правільна фармуляваць пытанні, якія іх цікавяць, а потым з нецярпеннем чакаюць адказаў. Яшчэ адна цудоўная ідэя — падборка найбольш значных падзей за тыдзень, іх абмеркаванне, а на наступным тыдні правядзенне тэста на праверку ведаў.
Акрамя гэтага, я абавязкова прапаную кіраўніцтву сваёй школы ўвесці факультатыўны курс па медыяграматнасці для вучняў 3—4 класаў. Гэта ўжо не шведская ідэя, а распрацоўка нашых беларускіх калег з НІА.