Фарміруем агульнакультурную кампетэнцыю

- 12:41Навіны рэгіёнаў

Працуючы ў пачатковых класах, імкнуся, каб вучні засвойвалі маральныя і этычныя нормы і правілы, усведамлялі паняцці дабра і зла, далучаліся да культурных здабыткаў чалавецтва, вучыліся прымяняць атрыманыя веды ў жыцці. Важнае месца адводжу фарміраванню агульнакультурнай кампетэнцыі, якая ўключае знаёмства з нацыянальнымі і агульначалавечымі культурнымі каштоўнасцямі, духоўна-маральнымі асновамі чалавечага жыцця і асобных народаў, культуралагічнымі асновамі сямейных, сацыяльных, грамадскіх з’яў і традыцый, роляй навукі і рэлігіі ў жыцці чалавека. 

Вялікі выхаваўчы патэнцыял у фарміраванні агульнакультурнай кампетэнцыі закладзены ў пазакласнай дзейнасці. Вучні ў пазнавальнай, гульнявой і займальнай форме засвойваюць важныя маральныя паняцці і каштоўнасці. Звяртаюся да актыўных форм навучання: квестаў, абароны праектаў, ролевых гульняў, турніраў, ток-шоу і інш. 

Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць адукацыйныя квесты — адна з вучэбных і забаўляльных форм работы, дзякуючы якой яны атрымліваюць зарад станоўчых эмоцый і актыўна ўключаюцца ў пазнавальную дзейнасць. Квест дазваляе кожнаму ўдзель­ніку паказаць свае веды і здольнасці, развіць навыкі камунікацыі, праявіць фантазію і творчасць, наладзіць зносіны з равеснікамі. Малодшым школьнікам вельмі падабаюцца элементы спаборніцтва і эфекты нечаканасці.

Другакласнікі з задавальненнем удзельнічалі ў квесце “Краіна Некурэння”, накіраваным на прапаганду здаровага ладу жыцця. Падчас квеста вучні азнаёміліся з прэзідэнцкім дэкрэтам № 2, разгадвалі рэбусы, загадкі і шыфроўкі, удзельнічалі ў эстафетах, выконвалі інтэрактыўную расфарбоўку ў “лесе здаровага дыхання” і інш. Усе заданні былі аб’яднаны тэмай барацьбы са шкоднай звычкай — курэннем. На апошняй станцыі вучні выказалі шэраг пажаданняў: “Я жадаю, каб зніклі ўсе цыгарэты”, “Я хачу, каб мае тата і дзядуля больш не курылі”, “Я не хачу курыць”, “Я хачу, каб усе людзі не курылі”. Відавочна, у свядомасці малодшых школьнікаў ужо замацаваліся адмоўныя адносіны да шкоднай звычкі. Важна, што ў падрыхтоўцы і правядзенні квеста ўдзельнічалі мамы, таты, бабулі і дзядулі. Дамашнім заданнем стаў выраб малюнкаў на тэму шкоды курэння, з якіх атрымалася цікавая выстава “Гара супраць курэння”.

Сярод іншых важных каштоўнасцей — жыццё чалавека. З мэтай фарміравання бяспечных паводзін вучняў быў распрацаваны квест “Падарожжа ў бяспечнае лета”. Другакласнікі складалі апавяданні і вершы, разгадвалі шарады і загадкі, выкарыстоўвалі вывучаныя правілы для рашэння заданняў, працавалі і гулялі. 

Вопыт паказвае, што для паспяховага фарміравання агульнакультурнай кампетэнцыі вучняў варта выкарыстоўваць актыўныя формы арганізацыі дзейнасці, якія далучаюць да сумеснай работы, дапамагаюць прыняць агульнакультурныя каштоўнасці як уласныя жыццёвыя арыенціры, абапірацца на маральныя прынцыпы пры вырашэнні праблемных сітуацый.

Ганна ПАДГУРСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Начаўскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.