Фарміруем экалагічную культуру са школы

- 14:10Навіны рэгіёнаў

Некаторыя навукоўцы лічаць, што экалагічны крызіс на планеце можна пераадолець не дзейнасцю спецыялістаў па ахове навакольнага асяроддзя, а дзякуючы спецыяльнай сістэме экалагічнай адукацыі, вынікам якой з’яўляецца фарміраванне экалагічнай культуры. Гэтаму напрамку работы ўдзяляецца павышаная ўвага ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава.

Экалагічная культура — гэта не толькі экалагічныя веды і ўменні па ўзоры, але і здольнасць правільна прымяняц­ь іх у канкрэтных жыццёвых сітуа­цыях, вопыт эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды, творчай дзейнасці экалагічнага характару. Быць экалагічна кампетэнт­ным азначае валодаць сістэмай ведаў пра разнастайнасць навакольнага свету, прыродныя аб’екты і з’явы, сувязі ў прыродзе і сувязі паміж ёй і чалавекам, экалагічныя законы і праблемы, спосабы іх вырашэння, прыродаахоўную дзейнасц­ь і інш.

Пачынаючы з 6 класа, школьнікі на ўроках геаграфіі вывучаюць ролю прыроды ў жыцці чалавека, разглядаюць пэўныя прыродныя аб’екты і з’явы, іх узаемасувязі. Так, вывучаючы тэму “Атмасфера. Надвор’е і клімат”, дзеці ўстанаўліваюць узаемасувязь метэаралагічных элементаў: напрыклад, пры змене тэмпературы мяняюцца ціск і вільготнасць, што прыводзіць да змены сілы і хуткасці ветру, воблачнасці і колькасці ападкаў. Такім чынам, усе метэаралагічныя элементы звязаны паміж сабой, змяненне аднаго з іх прыводзіць да змянення надвор’я ў цэлым. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на арганізм і настрой чалавека. 

Сярод іншых прыкладаў — уплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на прыроду. Пры вывучэнні ў 8 класе тэмы “Здабыўная прамысловасць” школьнікі знаёмяцца са спосабамі здабычы карысных выкапняў: адкрытым (кар’ер) і закрытым (шахта). Кожны з іх негатыўна ўплывае на прыродныя кампаненты: глебу, горныя пароды, жывыя арганізмы і інш. Але чалавек здольны аднаўляць гэтыя кампаненты. Так, кар’еры можна ператвараць у вадасховішчы, а на месцы адпрацаваных шахт будаваць падземныя склады і заводы. У якасці дамашняга задання вучні распрацоўваюць бізнес-план па выкарыстанні адпрацаваных радовішчаў. Дзеці прапаноўваюць ства­раць на месцы былых кар’ераў турыстычныя базы, зоны адпачынку, вадасховішчы для развядзення рыбы, а на месцы былых шахт — склады для захоўвання стратэгічна важных тавараў, хімічныя лабараторыі, пляцоўкі для экстрэмальнага турызму і тэматычных музеяў, рэстараны і клубы.

Важнае месца ў адукацыйным працэсе займае фарміраванне навыкаў прырода­ахоўных паводзін і прыродаахоўнай дзейнасці. З 2019 года ўстанова адукацыі ў­дзельнічае ў праекце “Зялёныя школы”. Гэта вельмі важна, бо веды становяцца трывалымі перакананнямі толькі тады, калі падмацаваны ў­дзелам у канкрэтных справах, што­дзённымі экалагічнымі паводзінамі. Так, вучні паспяхова выступаюць у розных конкурсах з работамі “Энергазберажэнне ў дамашніх умовах”, “Энергазберагальныя лямпачкі”, “Зробім планету больш чыстай”, “Шумавое забрудж­ванне”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, “Спосабы захавання энергіі”, “Энергазберажэнне ў школе”, “Веласіпедныя маршруты” і інш. Акрамя таго, школьнікі — прызёры раённых і абласных алімпіяд, навукова-даследчых канферэнцый.

Задача школы — паказаць вучням, што ахова прыроды — абавязак кожнага чалавека, трэба не шкодзіць ёй, а клапаціцца пра яе і дапамагаць ёй не страціць экалагічную раўнавагу. Выхаванцы 20-й школы ўсведамляюць сябе не гаспадарамі прыроды, а раўнапраўнымі жыхарамі адзінага для ўсіх жывых істот навакольнага свету.

Аляксандр САМАЙЛОВІЧ,
настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.


Малодшыя школьнікі праяўляюць павышаную цікавасць да аб’ектаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці: назіраюць, параўноўваюць, вывучаюць, пазнаюць… Але даволі часта дзеці не ўмеюць правільна ўзаемадзейнічаць з аб’ектамі прыроды: ненаўмысна ламаюць галінкі дрэў, зрываюць кветкі, знішчаюць карысных насякомых, гуляючы з імі… Як вырашыць гэтую праблему? Каб выхаваўчая дзейнасць была эфектыўнай, трэба зрабіць яе непрыметнай і цікавай для дзяцей. Дыдактычныя гульні дазваляюць паспяхова вырашаць задачы экалагічнага выхавання. Выкарыстоўваю гэтыя гульні ў групе прадоўжанага дня на занятках па інтарэсах, прагулках і экскурсіях.

Прытрымліваюся ў рабоце пэўных правіл. Так, імкнуся зрабіць гульню максімальна займальнай, захаваць у ёй тое, што адрознівала б яе ад заняткаў (гутарак, аповедаў) і дыдактычных практыкаванняў. Займальнасць заключаецца ў правілах, якія пабуджаюць вучняў думаць. Звяртаюся да такіх гульнявых элементаў, як лічылка, спаборніцтва.

Правілы гульні будую такім чынам, каб далучыць да яе ўсіх дзяцей: адны загадваюць — другія адгадваюць, адны называюць прадметы — другія іх збіраюць і г.д.

Выніковасць прымянення дыдактычных гульняў у экалагічным выхаванні вызначаецца сукупнасцю ўмоў, якія ўлічваюць узроставыя і псіхалагічныя асаблівасці ўспрымання і пазнання прыроды вучнямі, міжпрадметныя сувязі, краязнаўчы падыход, цесную сувязь з жыццём і працай, а таксама фарміруюць веды пра ўзаемасувязь паміж прыроднымі кампанентамі. 

Умоўна падзяляю экалагічныя гульні на 3 блокі: на пазнанне навакольнага свету і законаў яго развіцця (“Прыродны свет бывае розны”, “Назаві адным словам”, “Што агульнага?”, “Што частка чаго?”, “Рыбы — птушкі — звяры”, “Ланцужок”); на развіццё пачуццёвага ўспрымання (“Што я пачуў, убачыў, адчуў”, “Свет гукаў”, “Даведайся па паху”, “Чароўныя гукі”); на далучэнне да экалагічна арыентаванай дзейнасці (“Святлафор”, “Я выбіраю плюс”).

Каб пашырыць і паглыбіць веды пра разнастайнасць прыродных аб’ектаў і ўзаемасувязей у прыродзе, прапаную вучням гульні “Магазін “Кветкі”, “Знайдзі дрэва па насенні”, “Дзе і што расце?”, “Колеравыя адценні”, “Знаёмства з лісцем”, “Здагадайся, што за дрэва” і інш.

Для замацавання ведаў пра назвы раслін выкарыстоўваю гульню “Назавіце расліну”, падчас якой задаю пытанні: “Назавіце расліны з прамым сцяблом, павойным і без сцябла”, “Як трэба даглядаць іх?”, “Чым яшчэ адрозніваюцца расліны адна ад адной?”, “На што падобна лісце фіялкі?”, “На што падобна лісце бальзаміну, фікуса?” і інш. Затым мяняю ўмову гульні і прапаную назваць расліны: трэцюю справа ці чацвёртую злева, паказаць, дзе фіялка, і інш.

Пашыраць веды пра класы аб’ектаў прыроды дапамагае гульня “Я ведаю”. Кідаю вучню мяч і прашу назваць клас аб’ектаў прыроды: звяры, птушкі, рыбы, расліны, дрэвы, кветкі. Вучань, які злавіў мяч, гаворыць “Я ведаю 5 назваў жывёл”, пералічвае іх (напрыклад, лось, ліса, воўк, заяц, алень) і вяртае мяч. Аналагічна называюцца іншыя класы аб’ектаў прыроды.

Вялікую ўвагу ўдзяляю гульням на развіццё пачуццёвага ў­спрымання, якія абагачаюць пачуццёвы вопыт дзяцей, выклікаюць пэўныя эмацыянальныя адносіны да прыроды, выхоўваюц­ь любоў да яе, развіваюць разумовыя здольнасці, у прыватнасці ўменне параўноўваць, абагульняць, вылучаць асобныя прыметы прадметаў і з’яў, параўноўваць іх, групаваць, класіфікаваць прадметы і з’явы навакольнага свету па пэўных агульных прыметах і рысах, выказвац­ь меркаванні, рабіць высновы. Так, для развіцця эстэтычнага ўспрымання прыроды праводжу гульні “Гутаркі з дрэвамі”, “Сустрэча з раслінамі”, “Згатуй лекі” і інш. Гульні “Радасці і засмучэнні”, “Падарожжа” і “Што такое добра і што такое дрэнна” фарміруюць маральна-ацэначны вопыт паводзін у прыродзе.

Эфектыўнымі сродкамі замацавання атрыманых ведаў з’яўляюцца слоўныя дыдактычныя гульні і маўленчыя лагічныя задачы. Так, гульня “Меню для птушак” дазваляе ўдакладніць уяўленні пра тое, чым харчуюцца крылатыя сябры, і вучыць складаць меню для канкрэтнай птушкі. Гульня “Птушкі на кармушках” пашырае веды дзяцей пра зімуючых птушак (чым яны харчуюцца), фарміруе прыродаахоўныя ўяўленні.

Асноўная мэта гульняў па далучэнні да экалагічна арыентаванай дзейнасці ў тым, каб сфарміраваць у вучняў матывацыю да прыродаахоўнай дзейнасці, выклікаць цікавасць да прыродных аб’ектаў і жаданне даглядаць іх, эмацыянальна настроіць дзяцей на пэўны від работы, актывізаваць іх падчас выканання даручэнняў.

З мэтай развіцця ўяўлення вучняў пра рацыянальнае ўзаема­дзеянне чалавека з прыродай (дапушчальныя і недапушчальныя дзеянні, прыродаахоўную дзейнасць), умення ацэньваць вынікі гэтага ўзаемадзеяння (прыносяць шкоду ці карысць), пашырэння вопыту дзяцей у экалагічна арыентаванай дзейнасці выкарыстоўваю гульню “Экалагічны святлафор”. Усе вучні атрымліваюць па 3 кружочкі жоўтага, чырвонага і зялёнага колеру. Тлумачу, што кожны колер мае сваё значэнне. Зачытваючы апісанні ўчынкаў чалавека ў прыродзе, дэманструю дзецям адпаведны малюнак. Гульцы павінны ацаніць пэўны ўчынак, узняўшы па сігнале адзін з кружкоў.

Дыдактычныя гульні адыгрываюць важную ролю падчас экскурсій і прагулак на прыроду. Так, у ходзе экскурсіі на раку Самаранка і ў парк, якая дапамагае замацаваць і праверыць засваенне правіл паводзін у прыродзе, звяртаюся да гульні “Здагадайся, што за правіла”. Прашу апісаць паводзіны чалавека ў адносінах да аб’ектаў прыроды і растлумачыць прычыны выбару гэтых дзеянняў.

Гульня “Выберы правільна дарогу” дапамагае ўдакладніць экалагічныя веды, раскрыць узаемасувязь паміж аб’ектамі прыроды, вызначыць адносіны паміж ёй і чалавекам на аснове канкрэтных правіл паводзін (у парку, ля ракі).

Дыдактычныя гульні экалагічнага характару, вядома, не даюць вучням гатовых рэцэптаў паводзін у навакольным свеце, а паступова падводзяць да ўласных высноў, якімі дзеці павінны кіравацца ў штодзённым жыцці. Пры правільнай арганізацыі экалагічнага выхавання ў школьнікаў фарміруюцца каштоўнасная карціна свету, экалагічная свядомасць, беражлівыя адносіны да прыроды і, галоўнае, устойлівая цікавасць да яе.

Святлана САЛАНОВІЧ,
выхавальніца групы прадоўжанага дня гімназіі Іванава.