Фарміруем элементарныя матэматычныя ўяўленні ў дашкольнікаў

- 11:10Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў у дашкольнікаў — даволі складаная педагагічная задача, бо патрабуе ад іх уседлівасці, канцэнтрацыі і ўвагі. Адукацыйныя сродкі павінны вырашаць узроставыя задачы: павышаць узровень псіхічнага развіцця, фарміраваць і развіваць пэўныя ўменні. Дапамагае ў гэтым тэхналогія інтэлектуальна-творчага развіцця “Казачныя лабірынты гульні” В.В.Васкабовіча, якой уласцівы шырокі ўзроставы дыяпазон удзельнікаў, творчы падыход, наяўнасць некалькіх варыянтаў гульнявых заданняў і практыкаванняў для вырашэння адной задачы.

Для паспяховай работы стварыла адпаведнае развіццёвае асяроддзе. Фіялетавы лес падзелены на зоны са сваёй тэматыкай і сваімі казачнымі героямі. У казачным лесе жывуць павук Юк, крумкач Метр, медзведзяня Мішык, пчолка Жужа і вясёлкавыя гномы. З павуціннем Юка адбываюцца розныя нечаканасці: то вецер заблытае павуцінкі (трэба знайсці згубленую фігуру), то ўнукі пасваволяць (трэба аднавіць задуманы ўзор). Гульнявыя дапаможнікі “Геаконт” і “Чароўны квадрат” дапамагаюць сфарміраваць і замацаваць уяўленні пра геаметрычныя фігуры (круг, квадрат і трохвугольнік) на аснове зрокавага і датыкальна-рухальнага абследавання. Так, можна адначасова сканструяваць адну і тую ж геаметрычную фігуру ў трох памерах, а таксама прыдумаць сваю фігуру. Гэта дазваляе параўнаць прадметы па велічыні і замацаваць паняцці “больш”, “менш”, “вялікі”, “маленькі”, “высокі” і “нізкі”. Работа з рознакаляровымі рызінкамі (чароўнымі павуцінкамі Юка) захапляе дзяцей, дапамагаючы паспяхова вырашаць адукацыйныя задачы па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў.

Для замацавання ўяўленняў пра геаметрычныя фігуры, засваення прасторавых (далей — бліжэй, уверсе — унізе) і колькасных (столькі ж, шмат, мала, пароўну) адносін груп прадметаў добра падыходзіць гульнявы камплект “Коврограф “Ларчик”, які актыўна выкарыстоўваю ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці па ўсіх адукацыйных галінах, а таксама ў нерэгламентаванай дзейнасці і індывідуальнай рабоце. Дзякуючы яму, можна змадэляваць розныя гульнявыя і праблемныя сітуацыі, развіваць псіхічныя працэсы (увагу, памяць, мысленне, фантазію), фарміраваць уяўленні пра колеры спектра. Калі камплект “Коврограф “Ларчик” выкарыстоўваецца ў франтальнай і падгрупавой рабоце, то ў індывідуальнай — “Коврограф “Мини-ларчик”, з якім дзеці працуюць за сваім сталом. Гэтыя камплекты з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі. Так, мадэлюючы “хуткую казку”, выхаванцы самастойна ці ў падгрупах знаходзяць рашэнне і даюць адказ. Алгарытм пабудовы такой казкі наступны: “дарослая” задача, стварэнне/выкарыстанне мадэлі, мультыплікацыя (ажыўленне), праблемная сітуацыя, яе вырашэнне, праверка выканання задачы. Напрыклад: на кветкавай паляне столькі кветак, што пчолка Жужа вырашыла паклікаць на дапамогу сваіх сябровак. Гэта “дарослая” задача. Узяць жоўты кружок (пчолку) — стварэнне мадэлі. Прымацаванне яе побач з адпаведным бутонам — ажыўленне. Дзеці гудуць, нібы пчолкі над кветкамі, выбіраюць колеры (чырвоны, сіні, белы) і саджаюць пчолак над адпаведным кружком-кветкай — вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Кожны новы варыянт гульні ці новае заданне пабудаваны на аснове ўжо засвоенага матэрыялу і рыхтуюць да засваення наступнага. Дзеці рухаюцца ад простага да складанага, ад знаёмага да невядомага.

Для фарміравання ў дзяцей навыкаў вызначэння размяшчэння аб’ектаў на аркушы паперы (у сярэдзіне аркуша, уверсе, унізе, у кутках уверсе, у кутках унізе) можна прымяняць гульнявы дапаможнік “Гульнявізар”. Так, з дапамогай дадатку да яго “Каця, Рыжык і Рыбка” ўдасканальваюцца ўяўленні пра геаметрычныя формы. Заданне ўскладняецца праз іх знаходжанне ў вобразах, мадэляванне, дамалёўванне, пошук і аднаўленне ма­дэлей форм, іх штрыхоўку і інш. У адрозненне ад звычайнага малявання гэта дазваляе выхаванцам выправіць свае памылкі, выкарыстоўваючы ліст самакантролю. Такім чынам ствараецца сітуацыя поспеху.

Практыкаваць дашкольнікаў у называнні асноўных колераў, іх параўнанні і групоўцы, параўнанні велічыні (большы — меншы) і колькасці (больш, менш, пароўну, шмат — мала), засваенні колькасных (лічэнне да пяці) і прасторавых (паміж, права — лева) адносін дазваляе дапаможнік “Караблік Плюх-Плюх”. Дзеці з задавальненнем нанізваюць сцяжкі на мачты рознай вышыні, падбіраюць сцяжкі па колеры, размяшчаюць іх па слоўных парадах.

Напрыканцы навучальнага года для сістэматызацыі і абагульнення ўяўленняў дзяцей пра геаметрычныя фігуры звяртаюся да дапаможніка “Лагаформачкі”. Выхаванцы з дапамогай рухомай лінейкі ці без яе канструююць эталонныя і іншыя геаметрычныя фігуры з частак. Гэта развівае сенсорныя і пазнавальныя здольнасці, вакамер і дробную маторыку рук, увагу, памяць і мысленне, вучыць канструяванню. 

Незвычайныя гульні і арыгінальныя імёны герояў выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі, падтрымліваюць цікавасць да адукацыйнай дзейнасці, дазваляюць вырашыць задачы вучэбнай праграмы. Выхаванцы вяртаюцца да гульняў у свабоднай дзейнасці, ахвотна канструююць розныя фігуры, формы і прадметы з дапамогай тэматычных дапаможнікаў.

Ніна КУЛІК,
выхавальніца дзіцячага ясляў-сада № 3 Драгічына.