Фарміруем іншамоўнае маўленне па… мультфільмах

Неабходнасць валодання замежнай мовай прадыктавана жыццём. Сучасныя настаўнікі знаходзяцца ў пастаянным пошуку эфектыўных метадаў, якія дазваляюць паспяхова вырашаць гэтую задачу. А што рабіць педагогу санаторнай школы-інтэрната, дзе атрымліваюць веды дзеці з праблемным здароўем, а ўрокі доўжацца не 45, а 40 хвілін? Навукоўцы сцвярджаюць, што пачынаць трэба з праслухоўвання іншамоўнага маўлення.

Фота да матэрыяла: Фарміруем іншамоўнае маўленне па… мультфільмах.Нацыянальныя вучэбныя комплексы змяшчаюць вялікую колькасць аўдыязапісаў для праслухоўвання на ўроках. Разам з тым ёсць шмат якасных мультфільмаў і песень, створаных носьбітамі мовы: Gogo’s adventures with English, Fairyland, Spotlight, Welcome, Muzzy in Gondoland, Dream English Kids. Іх можна выкарыстоўваць у якасці дадатковага матэрыялу.

Мультфільмы і песні вырашаюць адразу некалькі задач. Па-першае, падобныя медыярэсурсы даволі цікавыя і лёгка ўтрымліваюць увагу маленькіх непасед. Па-другое, дзякуючы іх вялікай колькасці можна на некалькіх уроках выкарыстоўваць амаль аднолькавы матэрыял у розных варыяцыях. Так, пры вывучэнні колераў дзейснымі з’яўляюцца такія мультфільмы і песні, як Gogo’s adventures with English, What colour is this?, Fairyland, Colour my World, What Colour is it? і Colour song for Kids. Гэтыя творы вырашаюць праблему шматразовага паўтарэння і запамінання.

Па-трэцяе, мультфільмы і песні займаюць даволі мала часу, але пры гэтым з’яўляюцца канцэнтраваным спосабам падачы матэрыялу. Па-чацвёртае, яны лёгка суадносяцца з нацыянальнымі праграмнымі патрабаваннямі, якія рэалізоўваюць настаўнікі. Па-пятае, змест мультфільмаў дазваляе разыграць розныя сітуацыі ў дыялогах пасля праслухоўвання ці прагляду, у выніку чаго дзеці будуць артыкуляваць пачутыя словы. Так, на ўроку What’s your name? можна папрасіць разыграць сцэнку знаёмства персанажаў мультфільма Gogo’s adventures with English (серыя My name is Gogo). Па-шостае, некаторыя песні можна прагаворваць з пэўнымі рухамі, што вельмі важна для маленькіх няўседлівых дзяцей: Number song Let’s count 1—10 New Version (пры вывучэнні лічбаў), Colours Action Song with Matt/Learn 7 Colours/Learn English Kids (пры вывучэнні колераў), I can walk (пры вывучэнні дзеясловаў руху) і інш. Гэты від дзейнасці асабліва актуальны для нашай санаторнай школы-інтэрната, дзе вучацца дзеці са скаліёзам, якім паказаны артапедычны рэжым без доўгага сядзення ці ляжання на адным месцы.

З 39 серый мультфільма Gogo’s adventures with English можна выкарыстоўваць наступныя серыі, якія адпавядаюць школьнай праграме: My name is Gogo, What’s his name?, She’s my mother, Is this a tiger?, What colour is this?, What are they?, How old are you?, How many are there?, What do you like?, Revision, Have you got a ruler?, I can swim і Where’s Gogo?. З серыі мультфільмаў Fairyland 1 можна выкарыстаць раздзелы Hello, Schoolbag, My Home, My Face, Мy Food і My Animals; з Fairyland 2 — My family, I can Sing, A Sweent Tooth і The Weather; з Fairyland 3 — Hallo, The Magic Forest, Colours, Time for School, It’s a magic pen, Let’s do it, Hide, Come out, Where’s Alvin?, My food, It’s so cute, A lovely day, At the animal park, Wild things, Two Funny Rabbits, Lunchtime, Fairy cakes, Listen to my Tummy, Environment Day. З серыі мультфільмаў Welcome 1 падыходзяць серыі з раздзелаў 1 (урок 1), 2 (урокі 1, 2, 3), 3 (урокі 1, 2, 3), 6 (урокі 1, 3), 7 (урок 1), 8 (урокі 1, 2, 3), а з серыі мультфільмаў Spotlight — серыі з раздзелаў 1 (My family), 2 (School) і 5 (Food). Добрым вучэбным патэнцыялам валодае мультфільм Ugly Duckling. Канал Dream English Kids прапаноўвае шмат песень па адрасе https://www.youtube.com/channel/UCuP1CY6vrJRSq9vbcHjIKgA.

На этапе вывучэння лексікі можна рэкамендаваць мультфільмы Gogo’s adventures with English, Fairyland і Welcome, паколькі іх моўны матэрыял у большай ступені супадае з падачай праграмнага матэрыялу ў падручніках, а сюжэты серый мультфільмаў не звязаны адно з адным і дазваляюць выбіраць тыя, што адпавядаюць матэрыялу, які вывучаецца.

Што тычыцца этапаў паўтарэння і замацавання матэрыялу, то тут можна рэкамендаваць мультфільмы Spotlight і Muzzy in Gondoland, сюжэты якіх не зусім супадаюць з падачай матэрыялу ў падручніках, але дзякуючы іншай звязцы лексічных адзінак дазваляюць убачыць выкарыстанне знаёмых слоў і граматычных структур у новай абстаноўцы. Так, у мультфільме Spotlight навучанне ліку адбываецца ў рамках тэмы “Школа”, а ў падручніку для 3 класа вывучэнне колераў і школьных прылад размеркавана ў розных тэмах, а значыць, і ў розных часавых адрэзках. Таму выкарыстоўваць гэтую серыю для навучання ліку немэтазгодна. Але пры вывучэнні лексічных адзінак, якія абазначаюць школьныя прылады, у дзяцей з’яўляецца магчымасць не толькі запомніць словы па тэме “Школа”, але і паўтарыць лік, а таксама колеры, прыназоўнікі месца і множны лік назоўнікаў. Калі гаварыць пра мультфільм Muzzy in Gondoland, то прагляд яго серый мэтазгодны напрыканцы навучальнага года. Гэта добры спосаб паўтарыць усе пройдзеныя тэмы ў новай паслядоўнасці і абстаноўцы.

Метадычна абгрунтаванае выкарыстанне відэаматэрыялаў дапамагае не толькі ўспрымаць і разумець маўленне на слых, але і аптымізуе навучанне за кошт яго інтэнсіфікацыі, актывізуе станоўчую матывацыю дзяцей да вывучэння замежнай мовы. Гэта надзвычай важна для санаторнай школы-інтэрната, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца выкананню артапедычнага рэжыму і санітарных норм і правіл, якія тычацца аб’ёму дамашніх заданняў. Паколькі для вучняў прадугледжаны абмежаваны час на іх выкананне, урок неабходна праводзіць максімальна эфектыўна і насычана. А аўдыя- і відэаматэрыялы падыходзяць для гэтага лепш за ўсё.

Ірына АКБУЛУТ,
настаўніца англійскай мовы Брэсцкай санаторнай школы-інтэрната.