Фарміруем камунікатыўную кампетэнтнасць вучняў

Усе веды ў свеце (школьныя прадметы ў тым ліку) спасцігаюцца праз мову. Мова — гэта не толькі галоўны сродак зносін, але і навучання. Асноўная мэта вывучэння рускай мовы заключаецца ў фарміраванні ў дзяцей сістэмы ведаў пра мову і маўленне, уменняў карыстацца рускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне і пісьмо), а таксама ў развіцці камунікатыўнай культуры вучняў. Задача настаўніка-філолага — навучыць дзяцей правільна гаварыць і выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Акрамя таго, пры вывучэнні мовы нельга абысціся без авалодання навыкамі маўленчых паводзін.

Сучасныя школьнікі павінны свабодна валодаць мовай і ўмець наладжваць зносіны з рознымі людзьмі ў розных сітуацыях, адчуваючы сябе пры гэтым камфортна і ўпэўнена. Гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі будзе сфарміравана асоба, якая добра валодае правільным маўленнем, лёгка кантактуе з любым суразмоўцам, выконвае нормы і правілы зносін, паважае іншыя меркаванні, дасведчана вырашае камунікатыўныя канфлікты і карэктна спраўляецца са спрэчнымі пытаннямі.

Асноўнымі відамі работ па развіцці маўлення ў школьнай праграме з’яўляюцца пераказ і сачыненне. На жаль, не ўсе вучні могуць зразумець, запомніць і аднавіць мастацкі тэкст. Дапамагае ў гэтым сістэматычная работа над комплексным аналізам тэксту. На ўроках рускай мовы неабходна звяртаць увагу на механізмы пабудовы тэксту, спосабы стварэння яго як адзінага, звязнага і цэласнага маўленчага твора.

Тэкст — гэта аб’ект вывучэння, які выступае самастойнай вучэбнай адзінкай. Для паспяховага выкладання прадмета трэба звяртацца да пэўных метадаў і прыёмаў работы з тэкстам. Так, выкарыстоўваю на ўроках дыялог “вучань — вучань”, калі аднакласнікі расказваюць адно аднаму матэрыял зададзенага параграфа, складаюць уласны алгарытм вывучанага правіла. Гэта добра развівае маўленне і мысленне дзяцей, вучыць карэктна адстойваць свой пункт гледжання, слухаць іншых.

Практыкую стварэнне тэкстаў розных стыляў у вуснай і пісьмовай форме, урокі-дыскусіі (па прачытаных творах), стылістычны аналіз тэксту, дыктоўкі са зменай тэксту і працягам. Выкарыстанне такіх дыктовак развівае лагічнае мысленне школьнікаў, вучыць мысліцельнай перапрацоўцы матэрыялу. Работа з тэкстамі-мініяцюрамі і параўнанне двух тэкстаў садзейнічаюць не толькі ўспрыманню тэксту і яго аналізу, але і стварэнню ўласных выказванняў і сачыненняў.

Эфектыўным сродкам фарміравання камунікатыўнай кампетэнтнасці вучняў з’яўляюцца сітуацыйныя практыкаванні. Напрыклад: “Вы прыйшлі ў асенні лес і ўбачылі там шмат цікавага. Паспрабуйце расказаць пра гэта сваім сябрам так, каб і ім захацелася ўбачыць усё гэта сваімі вачыма. Запішыце атрыманае апавяданне”. У канцы ўрока праводжу конкурс на лепшае апавяданне.

Пачынаючы з 5 класа пры навучанні чытанню вучу выкарыстоўваць прыём “Ручка ў ручцы”, сутнасць якога заключаецца ў тым, што вучні павінны знаходзіць і падкрэсліваць у тэксце самае галоўнае (апісанне знешняга выгляду героя, пейзаж, пачуцці і перажыванні героя). Гэты прыём дапамагае дзецям у далейшым пры напісанні сачыненняў і пераказаў.

Пры вывучэнні біяграфій пісьменнікаў выкарыстоўваю прыём “Гэта цікава!”, накіраваны на павышэнне цікавасці да вучэбнага матэрыялу. Знаходжу сама і прапаноўваю аднаму-двум вучням знайсці цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка з дадатковай літаратуры.

Звяртаюся да элементаў тэхналогіі праблемнага навучання. Урокі, якія пачынаюцца з пастаноўкі праблемы, прымушаюць вучняў думаць, аналізаваць праблемы, шукаць шляхі іх вырашэння, выказваць свае прапановы і аргументаваць іх. Так, на ўроку ў 7 класе пры вывучэнні камедыі М.Гогаля “Рэвізор” дзеці вырашалі праблему, звязаную з пошукам у творы станоўчага персанажа.

Школьная праграма ставіць задачу па навучанні дзяцей асэнсавана і бегла чытаць падручнік і тэксты розных стыляў. Чытанне — гэта сродак, які гарантуе вучэбныя поспехі па ўсіх прадметах, таму вельмі важна выкарыстоўваць трэніровачныя практыкаванні, накіраваныя на павышэнне хуткасці чытання: пошук незразумелага слова, штоўрочныя пяціхвілінкі чытання і пераказы прачытаных кніг, чытанне па ланцужку, гутарка па прачытаным, ацэньванне адно аднаго. Пасля прачытання твора праводжу гутарку аб прачытаным, далучаю дзяцей да абмеркавання, прапаноўваю пацвердзіць адказ цытатай з твора, скласці сінквейн і кластар да тэксту.

Выкарыстоўваю розныя тэксты, па якіх вучні папярэдне рыхтуюцца да выразнага чытання і абмеркавання ў класе, складаюць план тэксту. Для развіцця творчых здольнасцей звяртаюся да дыдактычных гульняў: “Перакладчык” (замяніце замежнае слова рускім), “Дыктар” (прачытайце тэкст арфаэпічна правільна), “Рэдактар” (выпраўце маўленчыя памылкі ў тэксце), экспромтныя міні-выказванні на пэўную тэму (адна хвіліна).

Прапаноўваю заданні па вылучэнні галоўнай думкі ў тэкстах: “Выкарыстоўваючы прыказку, прыдумайце для тэксту такую назву, каб у ёй адлюстравалася асноўная думка”, “Прачытайце байку і скажыце, якая народная мудрасць у ёй заключана”.

Прывучаю дзяцей прагназаваць. З гэтай мэтай прапаноўваю розныя заданні: “Аднавіце зніклыя з тэксту словы, запоўніце пропускі ў тэксце”, “Прыдумайце і напішыце верш пра зіму, выкарыстоўваючы прапанаваныя для рыфмавання словы”, “Збярыце рассыпаныя часткі сказаў”, “Прыдумайце свой загаловак тэксту”.

Вучні з цікавасцю наладжваюць “дыялог з тэкстам”. Напрыклад: “Аўтар даў тэксту сваю назву. Якую назву даў бы гэтаму тэксту ты? З кім з герояў ты згодны, а каго асуджаеш?”

Выкарыстанне розных метадаў і прыёмаў на ўроках рускай мовы і літаратуры, а таксама ў пазаўрочнай дзейнасці (пры падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў) дае станоўчыя вынікі: фарміруе камунікатыўную кампетэнтнасць вучняў, выпрацоўвае ў іх уменне папярэджваць памылкі ў словах, выхоўвае цікавасць да літаратуры.

Галіна БАКУН,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Ляхавіч.