Фарміруем міжкультурную кампетэнцыю на ўроках-даследаваннях

- 10:29Навіны рэгіёнаў

Апошнім часам у методыцы выкладання замежных моў асноўная ўвага акцэнтуецца на фарміраванні не столькі камунікатыўнай, колькі міжкультурнай кампетэнцыі, якая заключаецца ва ўменні наладжваць зносіны з прадстаўнікамі іншай культуры, пераключацца на нямоўныя нормы паводзін. Але ў адукацыйным працэсе настаўніку рэдка ўдаецца арганізаваць паўнацэнны дыялог культур, бо ён прадугледжвае ўдзел роўных партнёраў. Вырашыць гэтую праблему можа даследчы метад навучання, у прыватнасці, урок­даследаванне. 

Даследчы метад навучання ўяўляе сабой мадэляванне навукова­-даследчай дзейнасці ў вучэбных мэтах і прадугледжвае пастаноўку праблемы, пошук сродкаў і спосабаў яе вырашэння, вылучэнне гіпотэзы і яе праверку, атрыманне вынікаў і іх паказ. Асноўная функцыя гэтага метаду, як і метаду праектаў і метаду праблемнага навучання, — фарміраваць у вучняў уменне самастойна знаходзіць ужо вядомыя і атрымлі­ваць новыя веды.  

Даследчы метад навучання высокатэхналагічны, паколькі грунтуецца на спецыяльна адабраных і выбудаваных у пэўнай паслядоўнасці прыёмах работы настаўніка і дзяцей. Часцей за ўсё ён прымяняецца ў пазаўрочны час, хаця можа выкарыстоўвацца і на ўроках. 

Урок-­даследаванне з’яўляецца мадэллю даследчага працэсу па змесце, структуры і этапах. Даследчая работа ў школе адыгрывае важную ролю ў далейшай прафесійнай дзейнасці. Падрыхтоўка дакладаў, эсэ і рэфератаў, напісанне даследчых работ і навуковых прац, удзел у канферэнцыях — усё гэта дапамагае фарміра­ваць метадалагічную культуру і пашыраць веды будучых спецыялістаў, развіваць прафесійна значныя ўменні і якасці асобы.    

Педагогі нашай школы вядуць мэтанакіраваную дзейнасць па развіцці творчых здольнасцей вучняў праз арганізацыю самастойнай работы і ўрокі­-даследаванні. Прыкладам такога ўрока з’яўляецца ўрок­-даследаванне “Нямецкі перфекцыянізм, нямецкая дакладнасць і іх адлюстраванне ў нямецкіх аднакаранёвых словах”, пабудаваны ў рамках тэмы “Нацыянальны характар немцаў”, якая вывучаецца ў 11 класе. Урок, накіраваны на фарміраванне міжкультурнай кампетэнцыі, абапіраецца на тэкст, таму настаўнік падбірае тэматычныя тэксты. Іх каштоўнасць — у лексічных адзінках. Усе вучні працуюць над адзінай тэмай, але кожны са сваім матэрыялам.  

Падчас урока мадэлюецца даследчая дзейнасць: школьнікі яшчэ да заняткаў знаёмяцца з матэрыялам для даследавання, затым паслядоўна праходзяць этапы яго праектавання, выканання і ацэнкі. На этапе выканання выкарыстоўваюцца метады лінгвакультуралагічнага аналізу лексікі і параўнання. 

Уроку­-даследаванню папярэднічае падрыхтоўчая работа: гутарка пра запланаванае вывучэнне пэўнай тэмы на занятках, дзе старшакласнікі выступяць у ролі навукоўцаў. Вучні атрымлі­ваюць дамашняе заданне — прачытаць урыўкі з тэкстаў нямецкіх аўтараў, якія адлюстроўваюць нямецкі перфекцыянізм і дакладнасць, і знайсці ў іх аднакаранёвыя словы. У якасці тэкстаў выбраны тэксты апавяданняў сучаснага нямецкага пісьменніка Леанарда Тома. 

Падчас праектавання даследавання настаўнік прапануе вучэбнай групе падумаць, з якіх этапаў складаецца даследчы працэс (праектавання, выканання і ацэнкі). На этапе праектавання важна абмеркаваць актуальнасць і навуковую знач­насць тэмы ўрока­-даследавання: напрыклад, выказаць меркаванне наконт нямецкай педантычнасці і дакладнасці. Пасля гэтага фарміруецца мэта даследавання, звязаная з вырашэннем навуковай праблемы. Падчас абмеркавання вучні прыходзяць да высновы, што мэта ўрока-­даследавання — тлумачэнне феномена нямецкага перфекцыянізму і яго адлюстраванне ў нямецкіх аднакаранёвых словах. Важна падвесці школьнікаў да таго, што аб’ект даследавання — нямецкі перфекцыянізм, а прадмет даследавання — аднакаранёвыя словы.

Пры абмеркаванні вучні таксама прыхо­дзяць да высновы пра неабходнасць выкарыстання метаду мэтанакіраванага выбару лексікі, супастаўляльнага метаду і метаду аналізу лексічных адзінак мастацкага тэксту. Затым вылучаецца гіпотэза, якая тычыцца выніку даследавання: такая рыса нямецкага характару, як дакладнасць, уплывае на ўтварэнне аднакаранёвых слоў для ўдакладнення сітуацыі.   

На этапе выканання вучні, працуючы індывідуальна ці ў міні-­групах, чытаюць урыўкі з апавяданняў Леанарда Тома, аналізуюць іх і знаходзяць ключавыя словы, пасля чаго выступаюць з паведамленнямі пра вынікі работы і робяць выснову.  

На этапе ацэнкі адбываецца асэнсаванне вынікаў даследавання і новых ведаў. У якасці дамашняга задання вучні афармляюць заключэнне ці пішуць тэзісы навуковага даклада для школьнай даследчай канферэнцыі.  

Вопыт паказвае, што ўрокі­-даследаванні даволі эфектыўныя ў фарміраванні міжкультурнай кампетэнцыі дзяцей. Такая форма работы развівае крытычнае мысленне, цікавасць да даследчай дзейнасці, даследчыя ўменні і навыкі. 

Святлана ШЛОМА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.