Фарміруем сацыяльна значныя ўменні і навыкі

- 9:30Навіны рэгіёнаў

Апошнім часам павялічваецца колькасць дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці. Даволі часта ў іх адсутнічаюць гігіенічныя навыкі і навыкі самаабслугоўвання, ужо сфарміраваныя ў здаровых равеснікаў. Намаганні нашых спецыялістаў накіраваны на фарміраванне ў дзяцей сацыяльна значных уменняў і навыкаў, якія дапамогуць ім у сацыялізацыі і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця.

Нашу дашкольную групу наведваюць дзеці з рознымі парушэннямі развіцця. Некаторыя з іх адчуваюць цяжкасці пры самастойным задавальненні асабістых патрэб, у набыцці ўласнага вопыту дзейнасці, не ўмеюць пераймаць сацыяльныя паводзіны, ініцыіра­ваць і падтрымліваць сацыяльнае ўзаемадзеянне, кантактаваць з равеснікамі і педагогамі, не ведаюць, як паводзіць сябе ў пэўнай жыццёвай сітуацыі.

Работа па фарміраванні сацыяльна значных уменняў і навыкаў уваходзіць у агульную сі­стэму арганізацыі адукацыйнага працэсу. Так, на занятках і падчас рэжымных момантаў дзеці атрымліваюць пэўныя веды, на аснове якіх фарміруюцца карысныя звычкі і эталоны паводзін.

Выхаванцы набываюць сацыяльна значныя ўменні і навыкі падчас прадметна-практычных заняткаў, экскурсій, сюжэтных і дыдактычных гульняў, мадэлявання рэальных сітуацый, чытання мастацкай літаратуры. Галоўная апора ў засваенні любога пазнавальнага матэрыялу — наглядныя сродкі навучання: муляжы, цацкі, натуральныя прадметы (адзенне, посуд, прадукты), паказ дзеянняў, рэальныя аб’екты (раздзявальня, спальня, гульнявы пакой). Так, пры дэманстрацыі прадметаў навакольнага свету (прадуктаў, фруктаў, агародніны) дзеці разглядаюць іх, каштуюць на смак, нюхаюць, мацаюць.

Замацаванне любога навыку суправаджаецца паказам дзеяння з адначасовым тлумачэннем прыёмаў яго выканання. Паказ ажыццяўляецца некалькі разоў: першы — у звычайным тэмпе, астатнія — у запаволеным (напрыклад, зашпільванне адзення на маланцы).

Сістэма мерапрыемстваў уключае розныя віды практычнай дзейнасці, якія фарміруюць веды і ўменні, што дапамагаюць выхаванцам наладжваць кантакт з іншымі людзьмі, арыентавацца ў рэальнай абстаноўцы. Так, педагогі актыўна выкарыстоўваюць метад мадэлявання бытавых сітуацый, з якімі сутыкаюцца дзеці (“Знаёмства”, “Паводзіны ў грамадскіх месцах”, “Пакупкі”). Сюжэты бяруцца з рэальнага жыцця, але з улікам ведаў, вопыту і магчымасцей выхаванцаў.

Метад мадэлявання — адзін з самых эфектыўных, але і самых складаных у рабоце з асаблівымі дзецьмі. Цяжкасці ўзнікаюць з-за іх няўмення выступаць у ролі акцёраў, няўпэўненасці ў сабе, няздольнасці самастойна прадумваць і аналізаваць сітуацыю, эмацыянальных і паводзінскіх асаблівасцей.

Пры фарміраванні сацыяльна значных уменняў і навыкаў асабліва важная штодзённая практычная дзейнасць дзяцей, якая фарміруецца ў форме даручэнняў (прынясі цацку, намачы анучу, выкінь смецце), дзяжурстваў, калектыўнай работы.

Аб’яднаць адразу ўсіх выхаванцаў групы не атрымліваецца, паколькі яны маюць розную ступень псіхафізічных парушэнняў. Абавязкова трэба ўлічваць індывідуальныя патрэбы дзяцей: адным неабходны дадатковы паказ, другім — фізічная дапамога (рука ў руцэ), трэцім — падказка, чацвёртым — маральная падтрымка. 

Каб у групе было чыста, устанаўліваецца дзяжурства, якое дазваляе выхаванцам асвоіць прыёмы догляду жытла, навядзення і захавання парадку, стварэння ўтульнасці. Такім чынам, кожнае дзіця перыядычна выконвае гаспадарчыя абавязкі. Веды і навыкі, якія фарміруюцца, маюць патрэбу ў шматразовым, рэгулярным, сістэматычным замацаванні ў штодзённай дзейнасці для трывалага засваення.

Вялікая роля ў фарміраванні сацыяльна значных уменняў і навыкаў адводзіцца экскурсіям, падчас якіх дзеці ў натуральных умовах назіраюць за аб’ектамі навакольнага свету, удакладняюць і пашыраюць уяўленні пра іх, замацоўваюць веды, набытыя на занятках.

Пры навучанні педагогі звяртаюцца да невялікіх, цікавых, даступных для ўспрымання і эмацыянальна яркіх твораў мастацкай літаратуры, якія глыбока пранікаюць у душу і надоўга застаюцца ў памяці.

Дзякуючы намаганням педагогаў, дзеці атрымліваюць веды пра розныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека, набываюць практычныя ўменні, якія дазволяць ім паспяхова адаптавацца ў са­цыяльным асяроддзі.

Алена КОЗЕЛ,
выхавальніца спецыяльнай групы Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.