Фарміруем талерантнасць з сям’і

З мэтай фарміравання ў вучняў усвядомленага талерантнага стаўлення да навакольнага свету ў сярэдняй школе № 1 Маларыты прайшоў чарговы тыдзень талерантнасці.

Кожны дзень тыдня быў адзначаны пэўным вясёлкавым колерам. Тыдзень пачаўся з акцыі “Калідор талерантнасці”. Адзінаццацікласнікі сустракалі ўсіх, хто прыходзіў у школу, традыцыйнымі хлебам і соллю, паведамлялі пра пачатак тэматычнага тыдня і частавалі “вітамінкамі талерантнасці”.

На працягу тыдня ладзіліся класныя гадзіны, прысвечаныя талерантнасці, і розныя акцыі, якія пераклікаліся з колерам дня. У першы, чырвоны, дзень адбылася акцыя “Дрэва талерантнасці”. Вучні развешвалі на імправізаваным дрэўцы “яблычкі” з выказваннямі, якія, на іх думку, раскрывалі паняцце “талерантнасць”.

У другі, аранжавы, дзень прайшла акцыя “Талерантная кветачка”. Дзеці прыносілі кветкі і збіралі іх у букеты, якія сімвалізавалі, што мы розныя, але мы разам.

У трэці, жоўты, дзень была зладжана акцыя “Падары ўсмешку сябру”, падчас якой вучні дарылі ўсмешкі-смайлікі адно аднаму.

У рамках акцыі “Планета — наш дом”, праведзенай у чацвёрты, зялёны, дзень, адбыўся флэшмоб “Карагод адзінства”.

Дэвізам акцыі “Гірлянда дружбы”, зладжанай у пяты, блакітны, дзень, сталі словы “Люди мира, за руки возьмитесь, // Шар земной обнять под силу нам. // Войны на земле, остановитесь! // Мир подвластен нашим голосам!”.

Завяршыўся тыдзень сінім днём. У рамках акцыі “Мама, тата, я — моцная сям’я!” адбылася сямейная спартакіяда, якая нагадала, што талерантнасць фарміруецца з сям’і. Спонсарам спаборніцтва стала грамадская арганізацыя “Фонд міру”. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя прызы.

Наталля ХАТЫНЮК,
сацыяльны педагог сярэдняй школы № 1 Маларыты.