Фарміруем талерантныя адносіны да асаблівых дзяцей

Школа як сацыяльны інстытут валодае вялікім патэнцыялам для выхавання талерантнасці і гуманістычных каштоўнасцей у вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці. Задача педагогаў — знайсці аптымальныя формы і метады гэтай работы.

Пры ўздзеянні на інтэлектуальную сферу дзяцей выкарыстоўваю найперш метад пераканання, разумнага доказу неабходнасці талерантных паводзін. З гэтай мэтай звяртаюся да ўрыўкаў з літаратурных твораў, гістарычных аналогій, біблейскіх выслоўяў, баек. Так, на прыкладзе герояў літаратурных твораў дапамагаю дзецям усвядоміць, што знешні выгляд, магчымасці і здольнасці не ва ўсіх аднолькавыя, што людзі маюць роўныя правы, хочуць добразычлівых адносін да сябе, што важна не тое, якім чалавек нарадзіўся, а яго стаўленне да іншых, стараннасць.

Некаторыя дзеці адрозніваюцца ад іншых і не разумеюць чаму. Растуць і развіваюцца згодна са сваімі магчымасцямі і здольнасцямі, чакаючы ад дарослых і равеснікаў дапамогі ў арганізацыі зносін, гульняў і інш. У такім выпадку вельмі карысны прагляд і абмеркаванне мультфільма “Пра Дзіму”, які дапамагае зразумець, што вакол шмат людзей, якія патрабуюць увагі і падтрымкі.  

Шырокае выкарыстанне прыкладаў з дзіцячай мастацкай літаратуры дазваляе вучням фарміраваць станоўчыя адносіны да іншых людзей. Гэта такія творы, як “Што здарылася з кракадзілам?” М.Масквіной, “Казка пра сланяня”, Р.Кіплінга, “Церамок”, “Блакітны шчанюк” Ю.Энціна, “Гадкае качаня” Г.Х.Андэрсена і інш.

Добрыя выхаваўчыя вынікі прыносяць заняткі “Навучыся радавацца чужым поспехам”. Не сакрэт, як дзеці ставяцца да чужых поспехаў і знешніх вартасцей сяброў і аднакласнікаў. Задача настаўніка — растлумачыць выхаванцам, што, акрамя станоўчых эмоцый (любові, радасці, добрага настрою), мы адчуваем і адмоўныя (злосць, гнеў, зайздрасць). Галоўнае — тое, як мы ўмеем з імі спраўляцца. І дзеці неўзабаве разумеюць: лепшыя лекі ад зайздрасці — гэта навучыцца радавацца чужым поспехам.

Нельга заставацца раўнадушнымі да асаблівых дзяцей. Вельмі важна настаўніку не паказваць пачуцці, якія могуць нейкім чынам нашкодзіць ім. Перш чым фарміраваць талерантныя адносіны да дзяцей з АПФР, трэба самому выхаваць іх у сабе.

Вялікую ўвагу ўдзяляю фарміраванню эмпатыі да людзей з пэўнымі адхіленнямі ў развіцці. Прапаную дзецям уявіць сябе на месцы невідушчага ці глухога чалавека, выбраць з пераліку той эмацыянальны стан, які яны адчулі б на іх месцы, прааналізаваць сітуацыю і зрабіць высновы. Падобныя практыкаванні ўключаю не толькі ў пазакласныя заняткі, але і ў любы этап заняткаў. Так, на ўроках літаратурнага чытання, прысвечаных фарміраванню ўмення разумець думкі і пачуцці аўтара, настрой, інтанацыю і асаблівасці ўжывання слоў у вершах, разам з творамі, уключанымі ў падручнік, выкарыстоўваю вершы В.Скараходавай, чыё жыццё можа стаць для многіх пэўным урокам. Дзяўчынка Оля ў пяцігадовым узросце ў выніку хваробы пазбавілася зроку і слыху, а потым і маўлення. Выхоўвалася ў спецыяльнай школе-бальніцы, дзе яе вучылі жыць без зроку і слыху. Расказваю дзецям, што дзякуючы велізарнай сіле волі, пастаянным заняткам і ўпартай працы Вольга не толькі жыла паўнацэнным жыццём, але і стала вядомым навукоўцам, пісьменнікам. Яе кніга “Як я ўспрымаю і ўяўляю навакольны свет” перакладзена на многія мовы свету.

На ўроках рускай мовы пры вывучэнні раздзела “Часціны мовы” на этапе актуалізацыі ведаў звяртаюся да ўрыўка з казкі В.Катаева “Цветик-семицветик”, якая вучыць дапамагаць іншым людзям.

Вырашыць праблемы ў фарміраванні талерантных адносін да асаблівых дзяцей немагчыма без бацькоў, якія з’яўляюцца для дзяцей галоўнымі арыенцірамі ў стаўленні да працы, рэчаў, людзей, выхаванні важных маральных якасцей. Ад гэтага залежыць далейшая сацыялізацыя дзяцей, якая ўключае, акрамя ведаў, уменняў і навыкаў, талерантныя адносіны да іншых людзей.

 Алена ГАРАГЛЯД,
настаўніца пачатковых класаў Гарадзішчанскай сярэдняй школы Пінскага раёна.