Фарміруецца рэгіянальная сетка крызісных псіхолагаў

У красавіку 2019 года па загадзе Міністэрства адукацыі ў структуры Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка быў створаны Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. За амаль што год работы цэнтр разгледзеў больш за 1000 зваротаў ад настаўнікаў, педагогаў-псіхолагаў і бацькоў і дапамог ім скаардынаваць сваю дзейнасць так, каб яна працавала на станоўчы вынік.

Сёння Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі робіць акцэнт на новых кірунках дзейнасці. Пра тое, якія гэта кірункі, расказала начальнік цэнтра Вольга Віктараўна МАЦЮХОВА.

Першапачаткова асноўным кірункам дзейнасці цэнтра стала забеспячэнне аказання комплекснай псіхалагічнай дапамогі і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі непаўналетнім, іх законным прадстаўнікам і педагагічным работнікам сістэмы адукацыі.

Для суправаджэння складаных выпадкаў па ажыццяўленні крызіснай і посткрызіснай інтэрвенцыі педагогі-псіхолагі РЦПД выязджаюць у рэгіёны, наладжваючы такім чынам больш цеснае супрацоўніцтва з установамі адукацыі краіны.

Па словах Вольгі Мацюховай, адным са значных праектаў, які сёння рэалізоўваецца ў цэнтры, з’яўляецца праект па фарміраванні рэгіянальнай сеткі крызісных псіхолагаў.

“Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі на базе РЦПД створана група з ліку 125 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі. Супрацоўнікі нашага цэнтра разам з вядучымі навукоўцамі і выкладчыкамі кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ распрацавалі праграму павышэння кваліфікацыі “Работа псіхолага ўстановы адукацыі па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях”, — тлумачыць Вольга Мацюхова. — 75 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі ўжо прайшлі навучанне на базе Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ і атрымалі пасведчанні аб павышэнні кваліфікацыі. У рамках праграмы іх навучання разглядаліся пытанні крызіснага ўмяшання, псіхалагічнай дапамогі ў сітуацыях школьнага насілля і сістэмнага падыходу да сям’і як метадалогіі работы з дысфункцыянальнымі сем’ямі. Дарэчы, да сакавіка бягучага года плануецца навучыць яшчэ 50 рэгіянальных педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі”.

У найбліжэйшай перспектыве Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі плануе ства­рыць групы экстраннага псіхалагічнага рэагавання ў рэгіёнах. Сярод удзель­нікаў, якія прахо­дзяць навучанне на базе цэнтра, фарміруецца банк кадраў рэгіянальных псіхолагаў. Менавіта яны будуць уваходзіць у групы па экстранным псіхалагічным рэагаванні ў крызісных сітуацыях.

Сёння супрацоўнікі цэнтра актыўна адгукаюцца на такія запыты ўстаноў адукацыі.

“Нашы псіхолагі праводзяць асветніцкую работу з бацькамі, законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх, навучэнцамі, настаўнікамі, педагогамі-псіхолагамі ўстаноў адукацыі, — тлумачыць Вольга Віктараўна. — Наша дзейнасць у асноўным накіравана на псіхалагічную асвету, навучанне педагогаў і педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі па пытаннях павышэння бацькоўскіх кампетэнцый, прафілактыкі насілля, па стварэнні сяброўскага і падтрымліваючага школьнага асяроддзя. Акрамя гэтага, нашы псіхолагі прымаюць удзел у практычных семінарах для супрацоўнікаў устаноў адукацыі на пляцоўках МГІРА, МАІРА, АПА, МДПДіМ і сацыяльна-педагагічных цэнтраў па павышэнні ўзроўню псіхалагічных кампетэнцый. Спецыялісты нашага цэнтра для шырокага інфармавання ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу перыядычна выдаюць інфармацыйна-метадычныя матэрыялы па актуальных пытаннях стварэння бяспечнага і падтрымліваючага адукацыйнага асяроддзя”.

Запатрабаванасць дапамогі, якую аказвае цэнтр, пацвярджаецца колькасцю зваротаў, накіраваных для рэагавання спецыялістам. З 5 верасня 2019 года па цяперашні момант у РЦПД было зарэгістравана 929 зваротаў. За такі перыяд гэта нямала, а значыць, што і настаўнікі, і школьныя сацыяльна-педагагічныя службы, а таксама бацькі зацікаўлены ў тым, каб іх дзецям аказвалася якасная псіхалагічная дапамога і падтрымка. 

Дарэчы, асноўныя прычыны, па якіх у РЦПД паступаюць званкі і пісьмы ад настаўнікаў і законных прадстаўнікоў непаўналетніх, — гэта магчымасць і метады павышэння бацькоўскіх псіхалагічных кампетэнцый, спосабы прафілактыкі розных відаў насілля, а таксама стварэнне ў школе дружалюбнай атмасферы.

Да найбольш частых і папулярных прычын звароту да спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, са слоў В.В.Мацюховай, таксама можна аднесці асобасныя засмучэнні (суіцыдальныя думкі, суіцыдальныя намеры, стан пасля суіцыдальнай спробы, самапашкоджанне, дэпрэсіўны стан), якія складаюць 9,3% зваротаў.

Сямейная праблематыка — шлюбны канфлікт, канфлікт у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, сіблінгавы канфлікт (канфлікт паміж роднымі братамі і сёстрамі), адносіны з усыноўленымі дзецьмі, канфлікт паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, унутрыасобасныя праблемы аднаго з членаў сям’і — складае 25,7% зваротаў.

Што тычыцца праблем паміж удзель­нікамі адукацыйнага працэсу, да якіх адносяцца булінг, кібербулінг, канфлікты з аднагодкамі, канфлікты ў сістэмах бацькі — педагог, педагог — вучань, бацькі — адміністрацыя школы, іх колькасць складае 28,4%.

Важнымі з’яўляюцца звароты педагогаў і псіхолагаў па такіх пытаннях супервізіі, як булінг у школе, канфлікт са школьнай адміністрацыяй, кансультацыя спецыялістаў у суправаджэнні крызіснай сітуацыі (суіцыд, смерць блізкага, сведкі траўматычных падзей) — 19,8%.

Крызісныя падзеі, якія могуць закрануць не толькі дарослых членаў сям’і, але і дзяцей, складаюць 16,8% зваротаў. Да іх адносяцца страта блізкага чалавека, доўгае перажыванне, цяжкае хранічнае захворванне ці доўгая шпіталізацыя.

Кожны зварот, які паступае ў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, індывідуальны і па­трабуе асаблівага падыходу. Нават дробязная з першага погляду сітуацыя можа хаваць у сабе даволі сур’ёзныя наступствы, з-за якіх пакутуюць унутраныя рэсурсы чалавека. Не ўсе дарослыя могуць самастойна пераадолець праблему, якая для свайго вырашэння патрабуе выкарыстання пэўных псіхалагічных рэсурсаў. Што ўжо гаварыць пра дзяцей: адно не так сказанае слова, заўвага ці бяскрыўдны жарт могуць пагрузіць дзіця ў дэпрэ­сіўны стан, заўважыць які могуць толькі псіхолагі і педагогі, якія будуць валодаць неабходнымі ведамі і кампетэнцыямі. Прынамсі, на дапамозе ў авалоданні такімі ведамі і заснавана дзейнасць Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі. У найбліжэйшых планах цэнтра — далейшае пашырэнне дзейнасці і развіццё яшчэ больш эфектыўнай сеткі псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах адукацыі краіны. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.