Фарміруюць дзелавую актыўнасць

- 11:48Навіны рэгіёнаў

Рыхтаваць маладога чалавека да самастойнага жыцця яшчэ ў школе — такую задачу ставяць у сярэдняй школе № 27 Гродна і вучаць дзяцей быць прадпрымальнікамі ў шырокім сэнсе слова. Як адзначае дырэктар навучальнай установы Мікалай Салянскі, работа арганізавана па некалькіх напрамках: павышэнне фінансавай дасведчанасці, прывіццё навучэнцам прадпрымальніцкіх навыкаў у сферы энергазберажэння і турызму.

У школе створаны раённы рэсурсны цэнтр “Развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый і фінансавай дасведчанасці ў маладзёжным асяроддзі ў працэсе прафарыентацыі”, асноўнымі задачамі якога вызначаны развіццё шматступеньчатай мадэлі эканамічнай адукацыі школьнікаў, арганізацыя сацыякультурных практык для засваення вучнямі вопыту эканамічных адносін з сацыяльным асяроддзем, кіраванне якасцю прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў праз навучанне і матывацыю да ініцыятыўнай творчай дзейнасці, акумуляванне і трансляцыя прадуктыўнага педагагічнага вопыту, пашырэнне сферы супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі.

Рэсурсны цэнтр створаны нядаўна, а работа ў гэтым напрамку вядзецца ў школе не адзін год.

— Нашы навучэнцы неаднаразова ўдзельнічалі ў абласных конкурсах бізнес-праектаў Invest-Weekend і станавіліся пераможцамі і прызёрамі ў розных намінацыях, у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Клыс. — У маі 2017 года каманда школы перамагла ў намінацыі “Дзелавая актыўнасць і ініцыятыва” на IX Міжнародным чэмпіянаце “Моладзь і прадпрымальніцтва”, а ў верасні 2017 года бізнес-праекты навучэнцаў школы сталі прызёрамі ва ўсіх намінацыях абласнога Інвестыцыйнага форуму, які праводзіцца бізнес-супольнасцю. Зацікавіць дзяцей можна незвычайнай справай, лічаць у школе. Сярод такіх спраў — сонечная батарэя на даху будынку школы. Дзеці зрабілі яе пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Уладзіміра Саўчанкі. І цяпер школа атрымлівае эканамічны эфект — асвятленне за кошт сонечнай энергіі на другім паверсе. У межах Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергетыкі вучні правялі спрошчаны энергааўдыт будынку школы, і адміністрацыя атрымала шмат цікавых парад і прапаноў па эканоміі рэсурсаў. У выніку дасягнулі эканоміі электра- і цеплаэнергіі на 10 882 дэнамінаваныя рублі за мінулы навучальны год.

У сферы энергазберажэння сёлета школа прызнана лепшай у Гродзенскай вобласці. Педагогі разам з навучэнцамі распрацавалі вучэбныя праекты, склалі зборнік задач па энергазберажэнні, “разумную” кніжку-размалёўку для малодшых школьнікаў і іншыя метадычныя распрацоўкі, а таксама правялі шэраг практычных мерапрыемстваў, якія дазваляюць дасягнуць значнай эканоміі рэсурсаў. Вучыцца эканоміі можна і на макеце экадома аздараўленчага лагера, які дэманструе энергазберагальныя тэхналогіі.

— Каб вучні атрымлівалі актуальныя веды ў галіне прадпрымальніцтва, адміністрацыя школы заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Гродзенскай абласной асацыяцыяй прадпрымальніцтва, — расказвае кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра сацыяльны педагог Аксана Кірэйчук. — Створаны Клуб маладых прадпрымальнікаў, якім кіруе старшыня асацыяцыі Ігар Чарнякоў. Веды і навыкі, атрыманыя вучнямі на пасяджэннях клуба, дазваляюць на належным узроўні прэзентаваць свае праекты і зрабіць бізнес-ідэі прывабнымі для патэнцыяльных інвестараў і работадаўцаў у будучыні.

Аляксей Тотчык вучыцца ў 10 класе і ўдзельнічае ў рабоце клуба. Па словах хлопца, і бацькі падтрымліваюць яго занятак.

— Я навучыўся афармляць свае ідэі ў праект, кампетэнтна іх прадстаўляць, — расказвае Аляксей. — Якую б прафесію ў будучыні ні выбраў, такая навука дае мне магчымасць мець варыянты развіцця, дае дадатковыя веды.

Такія веды спатрэбяцца вучням і ў рэалізацыі праекта школьнай бізнес-кампаніі “Наша справа”. Тут плануюць развіваць новы для школы від дзейнасці — турыстычны: вырабляць сувеніры для рэалізацыі турыстам на выставах і кірмашах, рыхтаваць экскурсаводаў з ліку школьнікаў 2—3 ступені навучання. У планах — стварэнне турыстычнага кластара школьных бізнес-кампаній.

Вопыт работы рэсурснага цэнтра школы быў прадстаўлены на Абласным фестывалі рэсурсных цэнтраў па выхаваўчай рабоце “Патэнцыял поспеху”. Журы адзначыла высокі ўзровень прэзентацыі рэсурснага цэнтра школы на выставе ў рамках фестывалю і прафесіяналізм Аксаны Валер’еўны Кірэйчук пры правядзенні майстар-класа “Трэнінг — эфектыўны сродак навучання фінансавай дасведчанасці”. У выніку работа рэсурснага цэнтра была адзначана на фестывалі дыпломам ІІІ ступені.

— Разглядаем прадпрымальніцкую падрыхтоўку школьнікаў як перспектыўны кірунак навучання, які можа вырашыць адну з важных адукацыйных задач — сацыялізацыю моладзі праз фарміраванне эканамічных кампетэнцый, развіццё лідарскіх і дзелавых якасцей, максімальнае раскрыццё іх творчага патэнцыялу, — гаворыць Аксана Валер’еўна. — З мэтай абагульнення вопыту работы ў гэтым напрамку распрацавала метадычны дапаможнік “Школа і бізнес: перспектывы ўзаемадзеяння”, які быў прадстаўлены на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”. Работа была ўдастоена дыплома II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У планах на найбліжэйшы час — завяршэнне работы над серыяй метадычных дапаможнікаў па практычнай дзейнасці вучнёўскіх бізнес-кампаній, рэалізацыя праекта па падрыхтоўцы кансультантаў па фінансавай дасведчанасці з ліку старшакласнікаў — членаў Клуба маладых прадпрымальнікаў, якія будуць у далейшым праводзіць заняткі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, адкрыццё мультымедыйнага цэнтра для вучэбных заняткаў у рэжымах анлайн і аддаленага доступу, а таксама шмат іншых цікавых мерапрыемстваў, якія дапамогуць набыць педагогам і навучэнцам новыя веды і кампетэнцыі, запатрабаваныя зараз, а заўтра — проста неабходныя для паспяховай самарэалізацыі сённяшніх школьнікаў як будучых прафесіяналаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.