Фарміруюць талерантныя адносіны да асаблівых дзяцей

- 16:09Адукацыйныя праекты

Сучасны адукацыйны працэс немагчымы без цеснага ўзаемадзеяння настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, у тым ліку па фарміраванні талерантных адносін да іншых людзей. У школе дзеці праводзяць большую частку часу і набываюць вопыт узаемнай павагі і добразычлівых зносін.

— Да адкрыцця ў нашай школе класаў інтэграванага навучання і выхавання педагогі, бацькі і дзеці паставіліся з пэўнай насцярожанасцю і няўпэўненасцю, бо не верылі ў эфектыўнасць сумеснага навучання здаровых і асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Людміла Іванаўна Троцкая з сярэдняй школы № 1 Маларыты. — Адны мамы і таты баяліся здзекаў з дзяцей з боку равеснікаў, іншыя не бачылі сэнсу ў такім навучанні. Далёка не кожны можа самастойна прыняць і зразумець дзіця з АПФР такім, якім яно ёсць, таму адным з галоўных напрамкаў выхаваўчай работы школы з’яўляецца фарміраванне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу талерантных адносін да асаблівых дзяцей. Талерантнасць — гэта светапоглядная сістэма, якая прадугледжвае роўнае сацыяльнае партнёрства настаўнікаў, бацькоў і дзяцей. А паколькі талерантную асобу можа выхаваць толькі талерантны чалавек, мы пачынаем нашу работу з педагогаў, мам і татаў.

Вельмі лёгка любіць паспяховае, паслухмянае і разумнае дзіця, чаго не скажаш пра дзіця з неадэкватнымі паводзінамі і асаблівай знешнасцю, асабліва калі яно пастаянна перашкаджае весці ўрокі і патрабуе да сябе павышанай увагі. Гэта складаны псіхалагічны момант, які адчувае кожны педагог, што працуе з такімі дзецьмі. Таму педагог-псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг праводзяць кансультацыі і распрацоўваюць рэкамендацыі па пытаннях узаемаадносін настаўнікаў і асаблівых вучняў. Гэтыя пытанні разглядаюцца таксама на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў і групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння, на педагагічных нарадах.

— Педагог наўрад ці перавыхавае бацькоў, а вось паўплываць на характар іх узаемаадносін з дзецьмі падчас спецыяльнай работы можа, — гаворыць Л.І.Троцкая. — Духоўна-маральныя каштоўнасці (дабрыня, чуласць, цярпімасць) пачынаюць фарміравацца ў сям’і, але часам самі бацькі не разумеюць, што гэта такое. У гэтым выпадку ім таксама патрэбна дапамога. З мэтай фарміравання талерантных адносін мам і татаў да асаблівых дзяцей праходзяць тэматычныя класныя і агульнашкольныя бацькоўскія сходы, групавыя і індывідуальныя кансультацыі, афармляюцца інфармацыйныя стэнды. Бацькі актыўна далучаюцца да розных акцый, свят, конкурсаў, выстаў, канцэртаў і спартыўных мерапрыемстваў з удзелам асаблівых вучняў.

Па словах Л.І.Троцкай, узровень камфортнага знаходжання вучняў з АПФР у школе залежыць ад майстэрства педагогаў і добразычлівай атмасферы, створанай у дзіцячым калектыве. Задача настаўніка — сфарміраваць у класе такія ўзаемаадносіны, якія не дапускаюць прыніжэння асобы дзіцяці.

У школе сталі традыцыйнымі тыдні талерантнасці. У першы дзень у фае ўстановы афармляюцца інфармацыйныя стэнды. Валанцёры-старшакласнікі праводзяць адзіныя інфармацыйныя гадзіны, а класныя кіраўнікі, педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог — класныя гадзіны і трэнінгі. У школьнай бібліятэцы арганізоўваецца кніжная выстава “Талерантнасць у літаратуры”. На працягу тыдня ладзяцца цікавыя мерапрыемствы: флэшмобы “Розныя — роўныя” і “Падары сэрца сябру”, выставы малюнкаў і калажаў “Талерантны свет” і “Рознакаляровы свет”, фотавыставы “Усе розныя — усе роўныя” і “Дабрыня жыве побач”, конкурсы “Эмблема і дэвіз талерантнасці”, “Самы талерантны горад”, “Літарны вернісаж”, “Карціна для сябра” і інш.

З вялікай цікавасцю вучні 5—11 класаў удзельнічаюць у конкурсе “Самы талерантны клас”. На працягу двух дзён настаўнікі ацэньваюць узаемаадносіны вучняў на ўроках і выстаўляюць адзнакі ў спецыяльныя табліцы. Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца.

Вельмі цікава і пазнавальна праходзяць акцыі “Дрэва талерантнасці”, “Пано сяброўства”, “Абдымі мяне”, “Дзень добрых пажаданняў” і “Плот талерантнасці”. Сацыяльны педагог арганізоўвае відэаперапынкі з паказам відэаролікаў пра асаблівых дзяцей.

Тыдзень талерантнасці дае старт дабрачыннай акцыі па зборы цацак, настольных і развіццёвых гульняў, канцылярскіх прылад. У акцыі ўдзельнічаюць індывідуальныя прадпрымальнікі, прадстаўнікі БРСМ і мясцовыя пагранічнікі. Сабраныя цацкі, канцылярскія прылады, адзенне і кнігі раздаюцца інвалідам, асаблівым дзецям і дзецям з малазабяспечаных сем’яў.

Завяршаецца тыдзень агульнашкольным бацькоўскім сходам, дзе мамам, татам і дзецям уручаюцца падзякі за актыўны ўдзел у акцыях і мерапрыемствах.

Падчас летняга аздараўленчага лагера праводзіцца сацыяльна-маральная акцыя “Дабрыня і сяброўства жывуць побач!”. Вучні збіраюць лепшыя малюнкі пра дабрыню і сяброўства, афармляюць іх у буклеты і раздаюць на вуліцах прахожым. Малюнкі, якія ўвасабляюць зло, крыўду, вайну і жорсткасць, прывязваюцца да паветраных шароў і выпускаюцца ў неба, сімвалізуючы, што дзеці гатовы і ўмеюць быць добрымі, дружнымі і шчаслівымі.

— Зразумела, што праблему талерантных адносін да асаблівых дзяцей немагчыма вырашыць разавымі акцыямі і мерапрыемствамі, — адзначае Л.І.Троцкая. — Неабходна пастаянна выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы, якія дазваляюць кожнаму вучню (у адпаведнасці з яго ўзроставымі асаблівасцямі і магчымасцямі) не толькі даведацца і зразумець важныя рэчы, але і адчуць і перажыць іх. Пошук эфектыўных шляхоў і сродкаў для паспяховай інтэграцыі дзяцей з АПФР у грамадстве — задача ўсіх педагогаў, бо за кожным дзіцем, якое верыць у сябе, стаіць дарослы, які паверыў у яго першым.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.