Феерыя эмоцый і творчасці: у гімназіі № 28 Мінска прайшоў «Пакроўскі фэст»

- 14:20Духовность и патриотизм, Новости

«Такія мерапрыемствы вучаць дабрыні», — падкрэсліла начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталля Кучынская. «Пакроўскі фэст», арганізаваны ўстановай адукацыі сумесна з храмам Святога апостала Андрэя Першазванага, быў прысвечаны Тыдню бацькоўскай любові і аб’яднаў дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і духавенства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

У гэты дзень гімназія № 28 была напоўнена асаблівай цеплынёй і святлом. «Пакроўскі фэст» стаў сапраўдным святам душы, якое ператварыла звычайны вучэбны дзень у феерыю эмоцый і сумеснай творчасці. Фестываль пачаўся з калейдаскопа майстар-класаў. Дзеці з захапленнем стваралі вырабы з фаамірану, гулялі ў шахматы, збіралі нацыянальныя сімвалы Беларусі і майстравалі паштоўкі для самых блізкіх людзей — сваіх матуль.

У холе гімназіі гасцей сустракалі беларуская батлейка і экспазіцыя «Традыцыям верныя», якая распавядае пра духоўныя каштоўнасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Фінальным акордам мерапрыемства стаў канцэрт, падрыхтаваны вучнямі і служыцелямі храма Святога апостала Андрэя Першазванага. Песні і духоўныя разважанні былі прысвечаны святу Покрыва Прасвятой Багародзіцы.

— Мэта фестывалю — даступна расказаць школьнікам пра праваслаўныя святы, — падзяліўся думкамі айцец Дзмітрый. — Ён складаецца з дзвюх частак: забаўляльнай і канцэртнай, з аповедам пра Пакроў, таму нумары прысвечаны Божай Маці. Асабліва радуе, як добра выступленні ўспрынялі вучні і іх бацькі. Калі дзецям падабаецца — значыць, мы робім усё правільна.

— «Пакроўскі фэст» — добрая, светлая падзея, якая падарыла чароўную атмасферу настаўнікам, вучням і іх родным. Гэты вечар запомніцца ўсім гасцям, — адзначыла дырэктар гімназіі Алеся Зяневіч.

— Мы вельмі рады, што сёння маем магчымасць удзельнічаць у гэтым свяце. Яно падабаецца і дарослым, і дзецям і дапамагае фарміраваць у нас павагу да традыцый, выхоўваць дабрыню і ўзаемаразуменне, — падзялілася ўражаннямі дзесяцікласніца Настасся Шаўчук.

Выхаваўчую значнасць гэтай сустрэчы падкрэсліла і Наталля Кучынская:

— Самае галоўнае — калі ў чалавека добрае сэрца. Калі ён разумее, што такое добры ўчынак, калі ўмее любіць і быць міласэрным. Удзел у такіх мерапрыемствах вучыць быць неабыякавым.

«Пакроўскі фэст» стаў прыкладам таго, як праз творчасць можна выхоўваць сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці. 

Марына ЖДАНАВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі