Феерыя кандытарскіх шэдэўраў

- 11:12World Skills

І зноў той жа адрас, тая ж дарога і тая ж конкурсная пляцоўка. Футбольны манеж у Мінску, як і на нядаўні нацыянальны чэмпіянат WorldSkills, зноў сабраў апантаных, творчых, няўрымслівых людзей, аб’яднаных адной прафесіяй — кандытар, якія імкнуцца зрабіць сферу харчовай прамысловасці найбольш прывабнай для спажыўцоў. У рамках так званага “смачнага” свята прайшлі Міжнародная аптовая выстава-кірмаш “ПРАДЭКСПА”, хлебны салон, чэмпіянат кандытарскага мастацтва.

Фота да матэрыяла: Феерыя кандытарскіх шэдэўраў.— Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭКСПА” Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзіць ужо 24 па ліку Міжнародную спецыялізаваную аптовую выставу-кірмаш “ПРАДЭКСПА”, — расказала Л.А.Аўсяннікава, адзін з ініцыятараў правядзення гэтага форуму, рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”, галоўны эксперт WorldSkills прафесійнай кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”. — Такое мерапрыемства арганізавана пры садзейнічанні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны, канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, Мінгарвыканкама, Белкаапсаюза. У гэтым свяце ўдзельнічаюць навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі, дзе рыхтуюць кадры для харчовай прамысловасці. Іх колькасць з кожным годам расце. Таму трэба аддаць належнае Міністэрству адукацыі, якое аказвае істотную падтрымку гэтаму мерапрыемству і зацікаўлена ў яго правядзенні.

З году ў год “ПРАДЭКСПА” наведвае ўсё большая колькасць замежных афіцыйных гасцей з мэтай заключыць як мага больш кантрактаў па закупцы нашых прадуктаў харчавання. У ліку прысутных на форуме былі кіраўнікі прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца лідарамі нацыянальнага рынку харчовай і перапрацоўчай індустрыі. Яны з задавальненнем знаёміліся з навучэнцамі профільных навучальных устаноў, якія ў хуткім часе папоўняць працоўныя калектывы прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.

…Заходзіш на манеж — і як быццам трапляеш у кандытарскі гіпермаркет з мноствам неверагоднай, незвычайнай прадукцыі, якую лепш назваць творамі мастацтва. Нездарма ж у спаборніцтвах WorldSkills прафесійная кампетэнцыя, у якой выступаюць кандытары, называецца “Кандытарскае мастацтва”. Менавіта мастацтва можна было ўбачыць на пляцоўцы. Усе вырабы прасіліся не на з’ядзенне, а ў музей шэдэўраў.

Галоўны суддзя спаборніцтваў алімпійская чэмпіёнка па кандытарскім мастацтве Марыя Шрамко інакш і не ўяўляе кандытарскую галіну, як вялікае мастацтва, а саміх кандытараў — мастакамі.

Фота да матэрыяла: Феерыя кандытарскіх шэдэўраў.— Я заўсёды імкнулася да таго, каб кандытарства было ўзнята ў статус мастацкай работы, — адзначыла яна. — Паверце, толькі творчыя людзі на ўзлёце бязмежнай фантазіі, майстры з залатымі рукамі і багатай душой могуць ствараць такія работы, якія прадстаўлены на гэтым грандыёзным форуме.

— Вось паглядзіце на гэтыя букеты, — і Марыя паказвае на кветкавую аранжарэю. Так, сапраўды, вельмі прыгожыя кветкі, арыгінальна складзеныя ў букеты. Аказваецца, яны не жывыя, а ядомыя, зробленыя кандытарскімі майстрамі. Кандытары ўдыхнулі ў гэтыя кветкі жыццё. Яны нават хістаюцца ад лёгкага подыху ветрыка, нясуць неверагодны пах…на гэты раз кандытарскіх дабавак.

Марыя Шрамко сама па сабе ўжо ўпрыгажэнне гэтага “салодкага” фестывалю. У мінулым яна знакамітая спартсменка, па волі лёсу пераехала жыць у Ісландыю і жыве там больш за 20 гадоў. У гэтай краіне яна кардынальна змяніла сферу дзейнасці і стала кандытарам. Цяпер мае мноства тытулаў, ганаровых узнагарод, заваявала гучнае імя ў кандытарскім мастацтве.

— Я не першы раз прыязджаю ў Мінск на кандытарскія спаборніцтвы і не перастаю здзіўляцца, наколькі расце майстэрства беларускіх кандытараў і іх прафесійны статус, — адзначыла Марыя. — У краінах замежжа паняцце “кандытар” даўно выйшла за межы звычайнай рабочай прафесіі. Чалавек, які займаецца кандытарствам, у грамадстве ўспрымаецца не менш як мастак, скульптар, дызайнер, фларыст. І ўсё гэта ў адной асобе. Прафесія гэтая вельмі ганаровая.

Сапраўды, кандытары нясуць свята людзям, дораць ім дабро і святло сваёй душы. Што можа быць больш каштоўным? Хочацца, каб і беларускія майстры сваёй вытанчанай працай узнімалі кандытарскую справу на самую высокую планку і выходзілі на міжнародны ўзровень.

А для гэтага ў нашай краіне створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Дзякуючы намаганням урада Беларусі, міністэрстваў і ведамстваў, непасрэдна Міністэрства адукацыі, якое стала ініцыятарам развіцця руху WorldSkills, дзе на міжнародных і нацыянальных чэмпіянатах нашы канкурсанты паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, гэты профільны напрамак з кожным годам набірае моц, расце яго папулярнасць сярод маладых людзей.

Акрамя Марыі Шрамко, у ліку брыгады суддзяў і экспертаў на сёлетнім форуме можна ўбачыць сусветных зорак кандытарскага мастацтва з Расіі, Украіны, Польшчы, Індыі і іншых краін.

Сярод удзельнікаў і гасцей чэмпіянату сустракаюцца знаёмыя па чэмпіянатах WorldSkills твары.

Вось завіхаецца ля сталоў для майстар-класа Павел Макаўка, вопытны эксперт WorldSkills, які пабываў на ўсіх нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах. Нягледзячы на свой малады ўзрост, Павел загадвае кафэ “Меркурый” у Мінску, ён сапраўдны прафесіянал сваёй справы і заўсёды гатовы падзяліцца сваімі здабыткамі ў харчовай галіне.

З Вінішы Джоні з Індыі мы таксама пасябравалі яшчэ ў час правядзення міжнароднага чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі — 2017 (ААЭ), дзе Вінішы выступаў у якасці эксперта па прафесійнай кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”. Вінішы прыехаў у Мінск на гэты форум упершыню і праводзіць майстар-клас па вырабе тартоў разам са сваім калегам Сацінам Джозефам. У Абу-Дабі нацыянальная каманда Індыі заваявала сярэбраны медаль у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, таму хлопцам ёсць што паказаць беларускім майстрам.

Фота да матэрыяла: Феерыя кандытарскіх шэдэўраў.— Я ўпершыню наведаў Беларусь і вельмі задаволены ўбачаным, — расказаў Вінішы. — У вас незвычайна лагодныя людзі, якім уласцівы самыя цёплыя пачуцці. Я гэта адчуў у час правядзення гэтага кандытарскага фестывалю, сустракаючыся з беларускімі калегамі.

Вінішы з’яўляецца сузаснавальнікам першай у Індыі кулінарнай акадэміі, якая мае міжнародны сертыфікат, атрыманы ў Лондане. У акадэміі Вінішы выкладае нетрадыцыйныя спосабы стварэння кандытарскіх вырабаў, вучыць студэнтаў практычным навыкам, а таксама ўменню працаваць у сферы прадпрымальніцтва.
— У Індыі прафесія кандытара вельмі папулярная, жадаючых паступіць шмат, але мы імкнёмся адбіраць самых таленавітых, творчых маладых людзей і змагаемся не за колькасць, а за якасць падрыхтоўкі, — адзначыў Вінішы Джоні. — Я хацеў бы перадаць свой вопыт калегам з Беларусі, і гэты форум — найлепшая пляцоўка для павышэння кваліфікацыі майстроў-кандытараў.

Упершыню на мерапрыемства прыехалі педагогі і навучэнцы Варшаўскай аб’яднанай школы каледжаў, якая рыхтуе кухараў, кандытараў, афіцыянтаў, самелье. Педагогі з Польшчы правялі круглы стол, дзе пазнаёмілі прафесійных кандытараў з арганізацыяй кандытарскай справы ў Польшчы, правялі майстар-клас па гатаванні мафінаў (адзін з варыянтаў кекса, начыненага садавіной).

Разам са знакамітымі замежнымі гасцямі майстар-класы праводзілі не менш знакамітыя ўдзельнікі чэмпіянату WorldSkills. Сярод іх — Аляксандра Васільчык з Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, якая стала пераможцай сёлетняга нацыянальнага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills у Мінску.

Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж з’яўляецца актыўным удзельнікам спаборніцтваў кандытарскага мастацтва. І на гэты раз навучэнец установы Дзмітрый Башкіраў, які ўдзельнічаў у III Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 і атрымаў дыплом III ступені ў кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, прыняў удзел у майстар-класе. Аляксандр Асмалоўскі ўдзельнічаў у правядзенні майстар-класа разам з вядучымі шэф-кандытарамі Лавонскай акадэміі хлебапячэння і кандытарскіх вырабаў (Індыя).

Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва — 2018 прайшоў у 10 намінацыях: “Цукровыя кветкі”, “Выраб з карамелі”, “Выраб з шакаладу”, “Пасцілаж”, “Выраб з марцыпана”, “Святочны торт”, “Эксклюзіўны вясельны торт”, “Мастацкая кампазіцыя з цеста”, “Мастацкая работа з халодных харчовых прадуктаў”, “Карвінг”. Ва ўсіх намінацыях выступалі як прафесійныя кандытары з прадпрыемстваў, так і навучэнцы i майстры вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі.

Сёлетнюю лінейку ўдзельнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі прадставілі 18 навучальных устаноў. Гэта іх найбольшая колькасць у параўнанні з мінулымі гадамі, што пацвярджае ўзросшую зацікаўленасць сістэмы прафесійнай адукацыі да мерапрыемства.

Маладзечанскі політэхнічны каледж, філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, удзельнічае ў форуме амаль 10 гадоў. Але кожны раз установа радуе не толькі якасцю і прывабнасцю работ, але і новай тэхнікай. Выкладчыкі спецдысцыплін Жанна Фёдараўна Талькоўская і Рэгіна Адамаўна Скакоўская, якая з’яўляецца галоўным экспертам WorldSkills па прафесійнай кампетэнцыі “Хлебапячэнне”, на факультатыве “Маляванне і лепка” вучаць сваіх выхаванцаў ствараць унікальныя вырабы. Так, на гэтым мерапрыемстве можна было ацаніць чарговыя шэдэўры каледжа — карціны, створаныя з цеста. Юныя таленавітыя мастачкі Жанна Харэвіч, Віка Новік, Валянціна Гамолка, Анжаліка Курак атрымалі высокую ацэнку сваіх твораў.

Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі прыняў актыўны ўдзел у чэмпіянаце ў намінацыях “Эксклюзіўны торт” (тры ярусы па тэматыцы “Год малой радзімы”) і “Выраб з пернікавага цеста”.

— Сваё майстэрства нашы навучэнцы адточваюць у гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, — расказала намеснік дырэктара па вытворчым навучанні ПТК Святлана Юр’еўна Куляшова. — На парадку дня ў нас адпрацоўка сучасных тэхнік у кандытарскім мастацтве, вывучэнне новых відаў сыравіны і дабавак. Тэхналогіі ў кандытарстве вельмі імклівыя, іх трэба хутка засвойваць.

Торт, прысвечаны Году малой радзімы, называўся “Бабіна лета”, дзе быў адлюстраваны ўвесь каларыт восені і багатага ўраджаю. Стварыла гэты выраб майстар вытворчага навучання каледжа Вольга Аляксандраўна Дзянісік і атрымала за яго залаты медаль. 3-е месца за кампазіцыю з пернікавага цеста “Вясёлы падворак” заняла навучэнка 2 курса Дар’я Хаценчык.

Таццяна Анатольеўна Ядчанка, загадчыца аддзялення “Грамадскае харчаванне, гандлёвая справа, тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці” Слуцкага дзяржаўнага каледжа, расказала, што каледж прыжыўся на гэтым спаборніцтве і ўдзельнічае ў ім ужо шмат гадоў. На форуме навучэнцы прадставілі мастацкую работу з пернікавага цеста, работу па тэме Года малой радзімы, а таксама выступілі ў карвінгу (мастацкая рэзка з агародніны і фруктаў). На гэты раз Вольга Барысаўна Канапелькіна, майстар вытворчага навучання каледжа, вырашыла пераўзысці саму сябе. Майстар выканала карвінг па каляровым сыры. Акрамя таго, быў прадстаўлены з пернікавага цеста вялікі пернік, дзе адлюстраваны музей слуцкіх паясоў. Работу прадстаўляла Алена Мікалаева, навучэнка 3 курса. Па выніках выступлення случчан В.Б.Канапелькіна за свае вырабы ўзнагароджана залатым і сярэбраным медалямі. Алена Мікалаева заваявала 2 сярэбраныя медалі і была адзначана спецыяльным дыпломам Асацыяцыі кулінараў Чувашскай Рэспублікі.

— Мая прафесія называецца тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці, і я атрымліваю 3 кваліфікацыі: “цеставод”, “машыніст цестараздзелачных машын”, “пекар”, — расказала дзяўчына. — Не скажу, што такі кірунак прафесійнай дзейнасці быў для мяне марай з дзяцінства. Але ў сваю прафесію я ўлюбляюся ўсё больш і больш дзякуючы выдатнаму каледжу, нашым таленавітым педагогам. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для раскрыцця творчых здольнасцей. Вось і я вучуся ў гуртку ствараць незвычайныя вырабы з цеста і тым самым адшліфоўваю свае прафесійныя навыкі.

Вікторыя Кажушок вучыцца ў Вілейскім дзяржаўным каледжы на кухара. Яна толькі сёлета паступіла ў каледж, але з радасцю ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, дзе можна паказаць свае здольнасці. Вось і на гэты кандытарскі форум яна разам з камандай іншых навучэнцаў і педагогаў прывезла свае вырабы — фірменныя бліны, але не звычайныя, а вобразныя, у выглядзе матылёў, лялек. Яны спадабаліся ўдзельнікам і гасцям свята не толькі формай, але і смакам. Майстар вытворчага навучання каледжа Алена Станіславаўна Фірс расказала, што калектыў каледжа мае добрую традыцыю ўдзельнічаць у розных так званых харчовых шоу. Месцам дэманстрацыі свайго майстэрства стаў для навучэнцаў і педагогаў установы і хлебны салон форуму кандытараў.

Пераможцаў спаборніцтва наперадзе чакае чэмпіянат свету ў Люксембургу, а праз два гады — Алімпійскія гульні.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.