Абласная выстава інавацыйнай, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праходзіць на Віцебшчыне.
Прага творчасці, радасць пазнання і новых адкрыццяў — неад’емны пачатак веснавога абуджэння. А ў Прыдзвінскім краі надыход вясны азначае набліжэнне адметнага, незабыўнага свята. Сярод штогадовых мерапрыемстваў упраўлення адукацыі аблвыканкама гэтае на працягу дзесяцігоддзяў застаецца ў ліку самых чаканых і любімых. Іначай і быць не можа, таму што агляд інавацыйнай, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі збірае самыя яркія таленты і дэманструе плён іх творчай працы. Па традыцыі выставы размясціліся на пляцоўках абласнога інстытута развіцця адукацыі і Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. У рабоце над 1350 прадстаўленымі экспанатамі прынялі ўдзел больш за 600 навучэнцаў і 300 работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выстаў поруч з дырэктарамі каледжаў і ліцэяў, прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі і базавых прадпрыемстваў прысутнічалі ветэраны педагагічнай працы. Імкненне арганізатараў і ўдзельнікаў падзяліцца дасягненнямі і святочным настроем з сябрамі, партнёрамі, аднадумцамі — яшчэ адна добрая традыцыя.
— Тое, што было 40 гадоў назад, не ідзе ні ў якое параўнанне з сучаснымі экспанатамі. Але аснова, на якой грунтуюцца цяперашнія дасягненні, закладзена менавіта тады. І я ганаруся, што гэты фундамент атрымаўся трывалы і надзейны, — адзначыў ветэран педагагічнай працы Міхаіл Ціва. — Наша выстава — як вясна: прыходзіць кожны год і кожны год здзіўляе, уражвае, заварожвае; нездарма яе адкрыццё супала з пачаткам сакавіка. Хацелася б, каб у жыцці ўсіх прысутных на сённяшнім свяце заўсёды была вясна — у творчасці, вучобе, захапленнях.
Як падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, экспанаты з’яўляюцца дэманстрацыяй дасягненняў у развіцці тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, высокага творчага патэнцыялу ўдзельнікаў, прафесійнага падыходу педагогаў. Разам з тым гэта эфектыўны рэсурс прафарыентацыі і агітацыі, папулярызацыя творчых дасягненняў устаноў прафадукацыі: за час дэманстрацыі з экспазіцыямі азнаёмяцца навучэнцы практычна ўсіх школ і гімназій горада і многіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскіх раёнаў.
Прадстаўленыя экспанаты адлюстроўваюць значныя дасягненні ў распрацоўцы сучасных практычных мадэлей і ўзораў, інавацыйны падыход у праектаванні і вырабе прыстасаванняў, механізмаў, прыбораў і стэндаў. Прыемна, што абласны агляд дэманструе паступальны рух у пошуку інавацыйных падыходаў развіцця тэхнічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на аснове захавання беларускай нацыянальнай культуры, традыцыйных промыслаў і рамёстваў. Дарэчы, на рэспубліканскай выставе тэхнічнай і мастацкай творчасці ў 2017 годзе ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці ўдастоены 18 дыпломаў Міністэрства адукацыі — гэта значна больш у параўнанні з іншымі рэгіёнамі.
Абласная выстава працягне сваю работу да 16 сакавіка, уваход свабодны.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.