Феерыя з груды камення

- 14:42Культура

Пачатак месяца запаліў у Мінску чарговы культурны агеньчык: у Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстава “Феерыя творчасці”. Падзея прадоўжыла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. 

Экспазіцыю склалі работы, выкананыя навучэнцамі і выпускнікамі гімназіі-каледжа розных гадоў. Працавалі як юныя мастакі, так і выпускнікі-дыпломнікі. Але ідэі работ, створаных нават некалькі дзесяцігоддзяў назад, не губляюць сваёй сэнсавай і мастацкай вартасці сёння.

Здаецца, у выставачнай зале прадстаўлены ўсе напрамкі, па якіх працуе гімназія-каледж: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (валенне, малюнак па шкле, кераміка, саломапляценне), акварэльны жывапіс, станковая графіка і дызайн.

— Перавага гімназіі ў тым, што дзецям няма калі займацца дробязямі. Нашы навучэнцы дапамагалі афармляць многія школы, дзіцячыя садкі, некаторыя бальніцы. Дзеці не складваюць свае работы ў стол, таму ім цікава, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўген Саковіч. — Прафесіяналізм моладзі пастаянна расце, пры гэтым у іх работах застаецца абаяльнасць і чысціня. Важна, каб гэта не знішчалася, бо ў дзіцячых малюнках застаецца душа.

Адметнасць экспазіцыі — у яе настраёвасці. Праз багатую і разнастайную колеравую палітру, сінкрэтычнасць стыляў праяўляюцца не менш крэатыўныя задумы. З аднаго боку на наведвальнікаў з габелена глядзіць Чарлі Чаплін, з другога — красуюцца малюнкі на шкле, доўгія сукенкі і аксесуары, з трэцяга — цікуюць керамічныя слон і зубр. Даўжэй прыходзіцца спыняцца ля скульптурных кампазіцый — скураной ігуаны, тканіннага баранчыка, жалезнай рыбы, а пасля зачытвацца гісторыяй з працы “120 гадоў віцебскаму трамваю”, пражываць таемнае жыццё прадметаў з “Простым алоўкам”, афармляць кнігу “Аповесць мінулых гадоў”, гартаць каляндар “Мінскі сезонны рынак” і вандраваць па даведніку “Вела-Мінск”.

Стоячы перад карцінамі, разумееш значнасць выказвання Антуана дэ Сент-Экзюперы, выкарыстанага ў адной з работ: “Груда камення перастае быць проста грудай камення, калі нехта глядзіць на яе, трымаючы ў галаве ідэю сабора”. Цікава, колькі такіх сабораў узвялі выхаванцы гімназіі-каледжа?

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.