Нацыянальны сход Францыі прыняў два законапраекты супраць распаўсюджвання фэйкавых навін, паведамляе нямецкая тэлерадыёкампанія Deutsche Welle.
Ініцыятарам законапраектаў стаў Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. З іх дапамогай французскі лідар спадзяецца прадухіліць распаўсюджванне чутак і фальшывых паведамленняў у час перадвыбарных кампаній.
Згодна з зацверджанымі законамі, партыі або кандыдаты атрымліваюць магчымасць па паскоранай юрыдычнай працэдуры дзейнічаць супраць публічна распаўсюджаных ілжывых звестак на працягу трох месяцаў перад агульнанацыянальнымі выбарамі. Акрамя таго, сацыяльная сетка Facebook і сэрвіс мікраблогаў Twitter павінны стаць больш адкрытымі адносна платнага кантэнту.
Між тым законапраекты выклікалі вялікую дыскусію і крытыкаваліся ў Францыі, у тым ліку з боку журналісцкіх аб’яднанняў. На думку крытыкаў, з дапамогай новых законаў Эмануэль Макрон імкнецца ўзяць пад кантроль непажаданую яму інфармацыю, увесці цэнзуру і абмежаваць свабоду слова для грамадзян і СМІ.