Фэйс-арт — гэта модна!

Праблема актыўнага ўдзелу вучняў у мерапрыемствах шостага школьнага дня з’яўляецца даволі актуальнай. Педагогі імкнуцца напоўніць гэты дзень цікавымі і карыснымі выхаваўчымі мерапрыемствамі, якія развіваюць творчыя здольнасці дзяцей.

У рамках фестывалю талентаў, які праводзіцца ў нашай школе на працягу года па суботах, упершыню прайшоў конкурс “Фэйс-арт”. У ім удзельнічалі творчыя работы, якія ўяўлялі сабой… малюнкі на дзіцячых тварах, выкананыя на тэму “Партрэт казачнага героя”.

Актавая зала, перапоўненая гледачамі, ператварылася ў сапраўдны тэатр, на сцэне якога з’яўляліся героі з вядомых казак і мультфільмаў.

Адкрыла паказ калекцыя “Марозка”, падрыхтаваная першакласнікамі. А вось другакласнікі пераўвасобіліся ў самую папулярную казачную гераіню Бабу Ягу. Трэцякласнікі паказалі калекцыю “Капрыз”, а чацвёртакласнікі запрасілі гледачоў на казку “Чырвоная Шапачка”. Пяцікласнікі з задавальненнем ператварыліся ў герояў казкі “Церамок”, а васьмікласнікі — у герояў казкі “Рэпка”. Шасцікласнікі падрыхтавалі калекцыю “Халоднае сэрца”, а сямікласнікі “Снежную каралеву”, якая атрымала максімальную колькасць балаў. Вучні 9—11 класаў прэзентавалі відэаролікі. Лепшай аказалася работа адзінаццацікласнікаў “Канікулы ў Прастаквашына”.

На працягу конкурснай праграмы гледачы ўбачылі шмат цікавых вобразаў, увасобленых у рэальнасць дзецьмі пад кіраўніцтвам творчых і крэатыўных класных кіраўнікоў.

Галіна ЗАВАДСКАЯ,
педагог-арганізатар Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.