Фенаменальныя дзеці з унікальнымі здольнасцямі

- 10:49Адукацыйная прастора

Вынікі масавых інтэлектуальных спаборніцтваў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі падведзены на Магілёўшчыне. Так, у рэгіёне завяршыліся заключныя этапы 35-й Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, а таксама па прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”.

З нагоды маштабнага свята ведаў на магілёўскай зямлі сабралася амаль 200 лепшых прадстаўнікоў беларускага алімпіяднага руху. Менавіта гэтыя падлеткі, элітны дывізіён нашай моладзі, яшчэ раз даказалі, што будучыні Беларусі — адукаванай, таленавітай, мэтанакіраванай — быць. На працягу ўсяго рабочага тыдня юнакі і дзяўчаты дэманстравалі ўзорныя веды, разважалі на актуальныя тэмы, рабілі высновы, давалі тлумачэнні, у тым ліку грамадскім працэсам, устанаўлівалі заканамернасці, выконвалі аналітычную работу.

“Узровень сённяшніх школьнікаў настолькі высокі, што падчас алімпіядных выпрабаванняў пастаянна ўзнікала жаданне адразу прыняць іх у аспірантуру акадэмічнага інстытута, — па­дзяліўся ўражаннямі старшыня журы, дырэктар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васіль­евіч Саверчанка. — Для мяне сталі вялікім адкрыццём іх талент і ўзровень падрыхтоўкі. Паставіць ім нізкую адзна­ку было немагчыма. Гэта сапраўды фенаменальныя дзеці з унікальнымі здольнасцямі, якія выдатна валодаюць і літаратурай, і культурай, і наогул разумеюць праблемы жыцця. Гэта цудоўныя філосафы, якія бачаць праблему і аргументавана прапануюць шляхі яе вырашэння. Яны разумеюць, як належыць жыць і паво­дзіць сябе ў сям’і і соцыуме. Я ўжо не кажу пра выдатнае валоданне беларускай мовай, пра іх цудоўнае веданне нацыянальнай літаратуры… Адным словам, начытаныя, адукаваныя, сучасныя дзеці — і гэтым трэба ганарыцца”.

 Юбілейны этап алімпіяды па беларускай мове і літаратуры праходзіў на базе Магілёў­скага прафесійнага электратэхнічнага кале­джа. Пераможцы філалагічных спаборніцтваў выбіраліся па сукупнасці адзнак у трох турах. Так, удзельнікі пісалі водгук на літаратурны твор, праходзілі комплексную праверку на пісьменнасць — дэманстравалі перакладчыцкія здольнасці, веданне гісторыі мовы, лексікаграфіі і г.д. У трэцім туры — вуснае выказванне — дзе ацэньва­лася ўменне фармуляваць думку, разважаць на прапанаваную тэму, аналізаваць праблему. Агульны вынік падводзіла дасведчанае журы — навукоўцы з розных устаноў вышэйшай адукацыі краіны, якія працавалі прафесійна, скрупулёзна і адказна.

Пахвальным водзывам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” ўзнагароджаны 18 чалавек: 5 дзевяцікласнікаў, 8 дзесяцікласнікаў і 5 навучэнцаў 11-х класаў. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі 26 алімпіяднікаў: 8 дзесяцікласнікаў і па 9 навучэнцаў 10-х і 11-х класаў. “Серабро” інтэлектуальных спаборніцтваў заваявалі 15 разумнікаў — па 5 з кожнай паралелі.

Дыпломы І ступені ўручаны дзесяці навучэнцам, сярод якіх вучаніца 8 класа гімназіі № 36 імя Івана Мележа Гомеля Вікторыя Грышкова, прадстаўніцы Віцебскай вобласці — дзевяцікласніцы Яўгенія Кабяк з гімназіі № 1 Наваполацка і Вікторыя Чарнуха з сярэдняй школы № 1 Докшыц, вучаніцы 10-х класаў Лізавета Колбас (ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста), Альгерд Клімовіч (Ліцэй БДУ), Карына Бурачэўская (гімназія № 2 Магілёва). У ліку пераможцаў сярод адзінаццацікласнікаў — Антаніна Змітрукевіч з сярэдняй школы № 15 Ліды Гродзенскай вобласці, Вера Сасунова з гімназіі № 4 Магілёва, Яна Нікіфарава з гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, Алёна Кухарава з Васькавіцкай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці.

Дарэчы, Алёна Кухарава атрымала яшчэ і прыз за адданасць роднаму слову. Дзяўчынка з невялікай вёскі Ржаўкі ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай алімпіяды і пераканана, што няма недасягальных вяршынь. “Я ўпэўнена, што трапіць на заключны этап рэспубліканскай алімпіяды можа кожны, незалежна ад таго, з вёскі ён або са сталіцы, з невялікай школы або з Ліцэя БДУ. Проста трэба імкнуцца да сваёй мэты — і ўсё абавязкова атрымаецца”.

Перамога стала неспадзяванай радасцю для самай маладой удзельніцы інтэлектуальных спаборніцтваў — васьмікласніцы Вікторыі Грышковай. Яна не стрымлівала эмоцый і за падтрымку шчыра дзякавала бабулі — настаўніцы Вользе Васільеўне Яўсеенка — і адміністрацыі сваёй навучальнай установы. “Я ўпершыню прымаю ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе, раней выпрабоўвала сілы толькі на гарадскім і абласным узроўні, — дзеліцца Вікторыя. — І гэта насамрэч унікальны дух спаборніцтва. Я бачыла, які высокі ўзровень паказваюць іншыя ўдзельнікі, і, канечне, хвалявалася, была не вельмі ўпэўнена ў сваіх сілах. Аднак аказалася, што я атрымала не толькі падарунак як самая маладая ўдзель­ніца, але і дыплом са ступенню. Такое прызнанне і такія прызы матывуюць лепш за ўсё. І, як казаў Аркадзь Куляшоў, цяпер толькі наперад — ні кроку назад!”

Таксама ў рамках урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў былі ўручаны прызы за найлепшы водгук на верш Арка­дзя Куляшова, найлепшы вынік у камандзе Магілёўскай вобласці, за веру ў сябе і імкненне да перамогі, за праяўленне гармоніі інтэлектуальных здольнасцей і фізічнай формы. Спецыяльны прыз міністра адукацыі ў намінацыі “За красамоўства, артыстызм і крэатыўнасць” уручаны Антаніне Кавалевіч, вучаніцы 11 класа Малецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Прыз за найлепшы камандны вынік атрымала каманда Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Абсалютнай пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды стала Антаніна Змітрукевіч, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 5 Ліды Гродзенскай вобласці.

“Гэтая перамога — вынік стараннай што­дзённай працы і крыху шанцавання, — усміхаецца лепшая з лепшых. — У заключным этапе я бяру ўдзел ужо трэці раз і другі раз вяртаюся дадому з дыпломам І ступені. Абсалютная перамога толькі ўмацавала маё жаданне звязаць прафесійную дзейнасць з філалогіяй — я буду вучыцца на філалагічным факультэце БДУ. Дзякуючы 1-му месцу, залічэнне для мяне бу­дзе праходзіць без уступных іспытаў. Будучым удзельнікам алімпіяды хацелася б пажадаць правільна размяркоўваць свой час, каб хапала і на сяброў, і на любімыя заняткі, і тады ўсё атрымаецца. І яшчэ: Яўгенія Янішчыц пісала, што ўсё пачынаецца з любві. Калі ты будзеш любіць сваю справу, яна і будзе атрымлівацца. Гэта галоўнае”.

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” сабраў у Бабруйску 76 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі і Мінска. Пераможцаў вызначалі па выніках удзелу ў двух турах інтэлектуальных спаборніцтваў. Першы тур быў тэарэтычны, калі навучэнцы павінны былі даць разгорнуты адказ на прапанаваныя пытанні, другі тур — тэставы. За тэорыю можна было атрымаць у 1,5 разу больш балаў, чым за тэсціраванне, як расказаў старшыня журы, намеснік дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Іванавіч Малюгін.

“Калі верыць удзельнікам, заданні былі не вельмі цяжкімі. Гэта сведчыць пра ўзровень падрыхтоўкі саміх дзяцей, — адзначыў суразмоўнік. — Пераможцамі сталі тыя, хто ў мінулыя гады прыязджаў на заключны этап яшчэ ў якасці васьмікласнікаў. Гэта вынік пераемнасці пакаленняў і адлюстраванне жадання дзяцей у перспектыве звязаць сваё жыццё і прафесійную дзейнасць з гісторыяй. Між іншым для алімпіяднікаў немалаважны дух спаборніцтва, магчымасць знайсці тут сяброў і аднадумцаў, а таксама павысіць узровень агульнага развіцця за кошт знаёмства з іншымі рэгіёнамі нашай краіны”.

Алег Іванавіч адзначыў, што былыя алімпіяднікі адразу вылучаюцца на фоне сваіх аднагодкаў па глыбіні ведаў, сваіх здольнасцей, нацэленасці на атрыманне і перапрацоўку новай інфармацыі. Многа ўчарашніх алімпіяднікаў ідзе ў навуку, выкладчыцкую дзейнасць. Так, зараз ёсць цэлае пакаленне маладых выкладчыкаў, якія калісьці былі пераможцамі алімпіяд, а сёння ўваходзяць у склад журы інтэлектуальных спаборніцтваў і распрацоўваюць для іх заданні.

За свае высокія веды ўдзельнікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” атрымалі пахвальныя лісты і дыпломы і адзначаны ў шэрагу намінацый: “За высокі стыль”, “За веданне гістарычнай тэрміналогіі”, “За глыбокія веды айчыннай гісторыі”, “За волю да перамогі”, “За веданне ваеннай гісторыі”, “За арыгінальнасць мыслення”. Гэтая ацэнка падмацоўвалася падарункамі ад шматлікіх спонсараў і партнёраў рэспубліканскага мерапрыемства.

Пахвальныя лісты заключнага этапу ўручаны 9 школьнікам — 4 дзесяцікласнікам і 5 адзі­нац­цацікласнікам. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі 17 удзельнікаў: 8 навучэнцаў 10-х і 9 — 11-х класаў. “Серабро” алімпіяды дасталася 10 удзель­нікам — па 5 з кожнай паралелі. Дыпломы І ступені атрымалі 3 дзесяцікласнікі — Мікіта Закрачынскі з сярэдняй школы № 12 Гомеля, Мірон Вітушка з гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска, Даніла Штрапаў з сярэдняй школы № 29 Гомеля, а таксама 4 навучэнцы 11-х класаў — Дзмітрый Краскоўскі з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, Уладзімір Лісаў з гімназіі № 4 Мінска, Антаніна Французёнак з сярэдняй школы № 1 Горак і Іван Сушко з Ліцэя БДУ.

Найлепшы вынік на заключным этапе алімпіяды па гісторыі паказала каманда Гродзенскай вобласці.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.