Фэшн-дызайнер Кацярына Цікота: “Мы не мы без людзей, якія побач з намі…”

- 12:58Суразмоўца

Наш сённяшні суботні госць — вядомы беларускі дызайнер, фотамадэль, аўтар уласнага моднага брэнда Tikota Unique Кацярына Цікота. Перад сустрэчай з ёй я хацеў запытаць у яе: “Каця, а ці вы котка? Зважаючы на ваша прозвішча Цікота”. Сустрэўшыся, перадумаў. Мне давялося размаўляць з разумнай і ўдумлівай маладой жанчынай, якая хацела нешта зрабіць у сваім жыцці, якая хацела зрабіць сябе і стаць selfmadewoman, — і зрабіла, і стала.

— Каця, у цябе вельмі незвычайнае прозвішча — Цікота. Для мяне, аднолькава як беларускамоўнага, так і англамоўнага, яно сугучнае Tick оf whater — ціканне вады. Не думала пра гэта ніколі?
— Шчыра кажучы, не думала. Але дзякуй за прыгожае параўнанне. Бо я ж, калі раблю сваё адзенне, прыслухоўваюся да часу, да гадзінніка, які паказваў час 20 і 100 гадоў на зад.

— Ведаю, што ты вучылася 5 гадоў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на біёлага і географа. Што здарылася, пасля чаго ты прыйшла ў свет моды?
— Я думаю, што ў нашым свеце няма нічога незвычайнага. І ўсе падзеі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, падводзяць нас да… лёсу, да таго, што нам прадвызначана лёсам. Думаю, што мая адукацыя была адной прыступкай да таго, да чаго я зараз прыйшла. Тэма біялогіі і экалогіі, захавання ўстойлівых зямных рэсурсаў мне да гэтага часу блізкая і ў фэшн-індустрыі.

— Што гэта такое? Патлумач.
— Гэта так званы redesign.

— Рэінкарнацыя колішняга дызайну?
— У пэўным сэнсе так. Я даю рэчам магчымасць пражыць яшчэ адно жыццё. Бывае так, што я перапрацоўваю, перадэкарырую, перашываю рэчы, якія ўжо былі ў выкарыстанні. Напрыклад, аднойчы з 6 мужчынскіх сарочак я зрабіла сукенку! Вось такія перформансы…

— Беларуская мода ёсць? І што гэта такое?
— Я думаю, што яна ёсць. Але яна вельмі адрозніваецца ад заходняй моды. Мы вельмі ўжо ўсходняя Еўропа. У нас людзі проста не гатовы прымаць некаторыя рэчы, якія ў іх, у Заходняй Еўропе ўспрымаюцца як штосьці само сабой зразумелае. Але ў нас ёсць усё ж фэшн-дызайнеры, на якіх можна арыентавацца, як на маячок. Хаця, шчыра кажучы, для мяне асабіста такіх вельмі мала.

— Магла б назваць іх?
— Напрыклад, брэнд скуранога адзення Міланы Хаcіневіч Kill Today.

— “Забіць сёння”?
— Ну так, забіць сёння, каб быць модным заўтра.

— А што такое, Каця, быць модным? Быць модным — гэта нейкі іншы светапогляд, адрозны, напрыклад, ад майго? Сяджу вось зараз перад табой у пацёртых джынсах і майцы…
— Ды не. Ты, дарэчы, нармальны ў гэтым сэнсе. Ведаеш, мне наогул не падабаецца слова “модны”. Не падабаецца і слова “стыльны”. Проста ёсць людзі, якія спрабуюць арыентавацца на нейкія новыя тэндэнцыі. Але галоўнае, каб чалавек адчуваў сябе чалавекам у любым адзенні.

— Пытанне адмысловае для мадэльера: ці можна быць фізіялагічна непрыгожым чалавекам і пры гэтым быць модным?
— Знешнія даныя якраз не маюць ніякага значэння. Згадаем трансвестытаў. Яны ж пераважна вельмі непрыгожыя. Але за кошт грыму, касметыкі так мяняюць сваё аблічча, што выглядаюць цікавей, чым большасць людзей. Дарэчы, на апошнім Тыдні моды ў Берліне я назірала шмат такіх. Там яны — стыль, у нас — фрыкі. Але, напрыклад, у той жа Італіі больш стыльных людзей у нашым разуменні, чым у Берліне.

— Каця, вяртаючыся, што называецца, да пачатку, хачу запытаць: а што адбылося ў цябе такое, што “клікнула” ў свядомасці і ты стала мадэльерам?
— Выпадковасці невыпадковыя. Я ўпэўнена: у кожнага чалавека ёсць сваё прадвызначэнне. Нічога дрэннага няма ў тым, што чалавек дворнік. Як і ў тым, што ён бізнесмен. Ні адно, ні другое — някрута. Крута тое, што ў яго душы. А ў мяне яшчэ з дзяцінства было ўсё гэта: я любіла перашываць розныя старыя рэчы, я прасіла маму пастаянна прывозіць мне нейкія часопісы… Я, скажам так, уражвалася. Гэта быў неймаверны візуальны вопыт. Я візуал, а не аўдыял. І для мяне гэты вопыт быў абсалютны action. Нават зараз, нягледзячы на тое, што мне хутка ўжо 28, мне здаецца, што я занадта неўтаймаваная.

— Каця, што модна будзе апранаць гэтым летам? І, скажам, як павінна апрануцца настаўніца 1 верасня, каб спадабацца сваім вучням?
— О, ну тут усё, напэўна, будзе залежаць ад характару настаўніцы! (Смяецца. — М.Ч.) А калі сур’ёзна, то сёння ў модзе празрыстасць.

Мадэль Цікоты3(Сайт)— Празрыстасць… у школе?
— Ды не. Ты мяне не так зразумеў. Маецца на ўвазе, напрыклад, сукенка, якая складаецца з двух слаёў: аднаго звычайнага, скажам, баваўнянага, і другога празрыстага — шыфону. Сярод тэндэнцый таксама ўніверсальнасць: нейкія бязмежныя рэчы oversize, быццам бы знятыя з чужога пляча. На хвалі і denim, прычым у любых спалучэннях — і верх, і ніз. Модна будзе апрануць і пінжачкі з 50-х… А ўвогуле, я табе так скажу: мне здаецца, унутраны складнік у жанчыне нашмат важнейшы за знешні.

— Можна дастаткова асабістае пытанне?
— Ды калі ласка.

— Ты любіш сябе?
— Так. Праўда, крыху не разумею, пра што ты…

— Ну, у кожнага чалавека ёсць сваё НЕШТА — знакавае, тутэйшае, тое, што і зрабіла яго такім, які ён ёсць…
— Зразумела. Ведаеш, аглядаючыся ў мінулае, магу так усё гэта абазначыць. Быў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, факультэт прыродазнаўства — гэта быў перыяд, як у маленькіх-маленькіх дзяцей, калі яны толькі пачынаюць азірацца па баках і нешта заўважаць перад сабой. Потым былі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Мінскі дзяржаўны цэнтр дзяцей і моладзі, дзе я займалася з дзецьмі фатаграфіяй і экалогіяй, потым яшчэ кампанія Velcom, а потым тэлепраграма “Чакай мяне” на “АНТ”. Там я вучылася хадзіць на каленях… Ну, а цяпер вось усе гэтыя Берліны, Міланы ды Парыжы, па вуліцах якіх я сёння хаджу, здаецца, упэўнена. Але я добра зразумела: без соцыуму мы не можам расці. Усе мы сацыяльныя — ці больш адкрытыя, ці менш. Мы не мы без людзей, якія побач з намі.

— Дарэчы, калі ўжо зайшла гаворка пра Берліны ды Парыжы, дык, можа, што параіла б нашым чытачам: што ім там наведаць? Лета ж толькі пачынаецца. Многія едуць на адпачынак у Еўропу…
— Што тычыцца Берліна, шчыра скажу: не ідзіце ў заапарк! Праедзьце пару-сотню кіламетраў і завітайце ў Гановер! Гановерскі заапарк, мне здаецца, у 500 разоў лепшы, чым у Берліне. Што да Берліна… Мне заўсёды прыемна хадзіць па берлінскіх вуліцах. Проста хадзіць, і ўсё. А яшчэ падчас гэтых прагулак наведваць фотавыставы, якіх там безліч. Парыж… Парыж мяне аднойчы скарыў і не адпускае да гэтага часу…

— Што ўразіла больш за ўсё? Эйфелеўка, Сабор Парыжскай Боскай Маці, Луўр?
— Так атрымалася, што я іх — усіх трох! — убачыла ў адзін дзень і да гэтага часу не магу адысці ад уражанняў. Але не ад іх найбольш уразілася, а ад… парыжскіх старажытных могілак Père Lachaise — літаральна “Бацька Лашэз”.

— Ты ведаеш шмат замежных моў?
— Ніводнай. У школе вывучала нямецкую, але, на жаль, яна не лягла на душу. Англійскую таксама не змагла вывучыць. Размаўляю з замежнікамі на “вавілонскай”. Усё, што ў нас ёсць, — гэта ўсмешка…

— Каця, тваё пажаданне нашым чытачам.
— Пажаданне адно: не даваць дзіцяці, якое ў табе жыве, стаць дарослым, не забіць гэтае дзіцятка, бо, на самай справе, кім мы хочам быць у дзяцінстве — гэта нашы самыя правільныя жаданні. Толькі іх і трэба рэалізоўваць у дарослым жыцці. Дзеці ведаюць куды больш, чым дарослыя. І нельга дазволіць сысці гэтаму дзіцячаму моманту, бо дзеці мяняюцца, у іх ідзе знешняя перабудова ў пэўны час. Мы ўсе вельмі залежныя ад знешніх фактараў. Але трэба адчуць тое, што адчувае дзіця.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.