Фэшн-гісторыі з працягам

Чатыры месяцы назад адбыўся фінал Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2020”, які штогод праводзіцца Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Нагадаю, сёлета было прадстаўлена 45 калекцый 54 беларускіх дызайнераў. І хоць усе ўзнагароды даўно знайшлі сваіх уладальнікаў і, здавалася б, можна паставіць кропку ў галоўным фэшн-форуме краіны, аднак прызёры фестывалю працягваюць атрымліваць перамогі, толькі ўжо на міжнародных подыумах.

Калекцыя Антона Мажарыка.

Віцебскія “Матрошкі” ў Маскве

“Млын моды” — гэта адукацыйны праект. Сёлета яго фінал прайшоў 30 чэрвеня і ўпершыню ў рэжыме анлайн. Прамую трансляцыю фестывалю вяла лічбавая платформа Voka, дзякуючы чаму канкурсантаў змаглі ацаніць як беларусы, так і прафесіяналы фэшн-індустрыі ў розных краінах свету: Расіі, Сербіі, Кітаі, Казахстане, Украіне, Польшчы, Літве, Швецыі і г.д., — сказаў загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Ігар Іваноў. — Зразумела, што зараз увесь свет жыве ва ўмовах пандэміі, таму шмат конкурсаў праходзіць анлайн. У гэтым го­дзе настолькі высокі ўзровень калекцый беларускіх дызайнераў, што нашы міжнародныя партнёры многіх выбралі для ўдзелу ў сваіх конкурсах”.

Так, 6 кастрычніка ў рамках 42-га Мас­коўскага міжнароднага кінафестывалю ў прасторы Расійскай акадэміі жывапісу, скульптуры і архітэктуры Ільі Глазунова прайшоў паказ “Рускага сілуэта”, які прыадкрыў таямніцу рускага народнага касцюма падчас моднай калабарацыі “Ад Івана Грознага да Івана Глазунова”. На паказе сваю калекцыю “Матрошкі” прадставіла і фіналіст “Млына моды — 2020” Юлія Куцепава, якую, між іншым, на маскоўскім паказе назвалі самым душэўным дызайнерам.

“Я сама расіянка, хоць і жыву ў Беларусі ўжо 20 гадоў, а таму руская тэма мне вельмі блізкая. Сваіх “Матрошак” я задумала даўно, а ў гэтым годзе да мяне на практыку прыйшла студэнтка Ганна Бандарчук, з якой мы сумесна і зрабілі гэтую калекцыю з даволі танных тканін, хустак і габардзіну. Уся складанасць калекцыі заключалася ў спалучэнні простага: вялікіх форм, аб’ёмаў і рускіх малюнкаў. Мы зрабілі 8 касцюмаў, паліто, спадніцы і нават касуху. А мая сяброўка Наталля Ганчарова, якая займаецца валеннем, стварыла какошнікі, завушніцы і сумачкі. Я вельмі люблю такія зборныя калекцыі, бо, калі прафесіяналы з розных сфер дапамагаюць адзін аднаму, атрымліваецца класны вынік, — падзялілася сваімі ўражаннямі Юлія Куцепава. — Дарэчы, у Маскве нам прадставілі вобразы аўтарства Наталлі Салтыковай са шматсерыйных гістарычных фільмаў “Грозны” і “Гадуноў” рэжысёра Аляксея Андрыянава. Я распытала, як яны ствараліся, з чаго, як доўга, і ўсё паздымала. Вось у такім плане і я хацела б сябе паспрабаваць, бо работа для кіно — гэта неверагодна цікава”.

“Вельмі прыемна і прэстыжна, што маладыя беларускія дызайнеры чацвёрты год запар выступаюць на подыуме Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю і на самім “Рускім сілуэце”. Наступны павінен адбыцца ў першай палове 2021 года, для ўдзелу ў ім запрасілі чатырох нашых дызайнераў”, — падкрэсліў І.Іваноў.

Калекцыя Уладзіслава Якоўчыка.

Паспяховы дэбют у Кіеве

15 кастрычніка стала вядома, што Беларусь паспяхова дэбютавала на прэстыжным Міжнародным конкурсе маладых дызайнераў IYDC у Кіеве. Аляксандра Валавікова, якая ў сёлетнім “Млыне моды” заняла 2-е месца ў намінацыі “Майстар моды”, выдатна выступіла на міжнародным конкурсе сярод 20 фіналістаў — маладых дызайнераў, пераможцаў нацыянальных конкурсаў з 12 краін: Беларусі, Азербайджана, Балгарыі, Венгрыі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Славеніі і Нідэрландаў. Па выніках галасавання ў сацыяльных сетках беларуска апынулася ў тройцы лепшых ра­зам з прадстаўнікамі Венгрыі і Балгарыі. Аляксандра стала лідарам анлайн-галасавання ў сваёй групе сярод удзельнікаў з Нідэрландаў, Украіны, Латвіі, Славеніі і Венгрыі.

Дарэчы, Аляксандра Валавікова — мінчанка, ёй 34 гады, па адукацыі яна юрыст, а працуе ілюстратарам. У “Млыне моды — 2020” удзельнічала ўпершыню: “Я з дзяцінства люблю моду, праўда, была няўпэўненая ў сабе, таму не займалася ёй. А ў гэтым годзе рызыкнула, і ўсё атрымалася. Мая калекцыя “ПРО росли” складаецца з сямі воб­разаў, у якіх я адлюстравала ўзаемадзеянне прыроды і чалавека: прырода прарастае праз жыццё і перамагае чалавека. Шмат увагі я ўдзяліла дэталям, вялікая коль­касць ручной працы, актуальныя колеры і фактуры. Я выступаю за ўсвядомленае спажыванне і “павольную” моду”.

Партнёр IYDC 2020 COCOS кампанія Fashion Trade прадаставіла прыз для Аляксандры — распрацоўку лагатыпа для яе брэнда. Варта адзначыць, што Міжнародны конкурс маладых дызайнераў IYDC у Кіеве — адзін з найбуйнейшых і ўплывовых прафесійных конкурсаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Калекцыя Юліі Куцепавай.

Малевіч + натхненне = прызнанне

З 16 па 18 кастрычніка 2020 года ў Вільнюсе адбыўся Міжнародны конкурс маладых дызайнераў Mados Infekcija. Адразу два дызайнеры-дэбютанты Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2020” — Антон Мажарын з Магілёва і Уладзіслаў Якоўчык з Мінска — прадставілі свае мужчынскія калекцыі на гэтым прэстыжным конкурсе. У ім прынялі ўдзел дызайнеры з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі, Украіны, Расіі, Італіі, Іспаніі, Кіпра і інш.

Навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў дызайнер аб’ёмна-прасторавага асяроддзя Антон Мажарын, гаворачы пра сваю канцэптуальную калекцыю, прысвечаную знакамітаму мастаку Казіміру Малевічу, падкрэсліў, што “гэта даніна памяці і павагі яго спадчыне, прымеркаваная да 100-годдзя УНОВИСа”. “Супрэматызм і авангардная мода — гэта аснова любога сучаснага дызайну як адзення, так і мэблі, ландшафту. Мне вельмі блізкая філасофія Малевіча: усё, што ёсць у навакольным свеце, можна прадставіць з дапамогай геаметрычных фігур. Гэтую ідэю я і паспрабаваў перадаць у сваіх мадэлях, праўда, у іх наўрад ці будзеш гуляць па горадзе”, — патлумачыў юнак.

А калекцыю Eternal Inspiration Уладзіслава Якоўчыка, навучэнца Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, хоць зараз бяры ды апранай. Яна даволі лаканічная і графічная, з незвычайнымі прынтамі. Можна смела гаварыць, што такая калекцыя будзе актуальнай некалькі сезонаў і будзе карыстацца папулярнасцю ў моладзі. “Eternal Inspiration перакладаецца як “бясконцае натхненне” — яго я чэрпаю ў азіяцкай культуры, бо захапляюся анімэ. Стваралася калекцыя больш за паўгода, хоць эскізы зрабіў за месяц. Я проста рабіў тое, што мне хацелася зрабіць, бо галоўнае, каб мне самому падабаўся вынік. Мая калекцыя для тых, хто цэніць перш за ўсё якасць і камфорт, — дадае малады мадэльер. — Увогуле мне вельмі падабаецца адзенне, бо з яго дапамогай можна выказаць сябе. Вельмі прыемна, што мая калекцыя ўразіла журы міжнароднага конкурсу”.

А вось Ігар Іваноў адзначыў: галоўнае, каб маладыя дызайнеры пасля першай удалай калекцыі не спыніліся на дасягнутым, працягвалі далей вучыцца і развівацца, наведваць майстар-класы, лекцыі, семінары, якіх дастаткова шмат праводзіць НЦМТДіМ. “Важна, каб дызайнер вызначыў той напрамак, у якім ён будзе развівацца далей, ствараючы свае калекцыі, каб у яго пачаў фарміравацца свой почырк, — сказаў ён. — Важна не спыняцца і ствараць калекцыі, якія былі б не падобныя адна на адну, таму што, на жаль, не кожны дызайнер можа адысці ад таго, што ён зрабіў і стварыць нешта новае”.

Новы сезон “Млына моды”

XXX Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды” стартаваў 29 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Першай падзеяй юбілейнага сезона “Млына моды” стаў установачны семінар, які праводзіўся і анлайн, і афлайн. Удзельнікамі мерапрыемства сталі як беларускія спецыялісты моды і дызайну, так і міжнародныя эксперты з Ра­сіі і Італіі. На працягу дня яны абмяркоўвалі тэмы, актуальныя для сучаснасці: што бу­дзе важна для будучага спажыўца, якія тэндэнцыі сезонаў лета — восень — зіма наступных гадоў, а таксама экалагічную моду, тэму разумнага спажывання, фэшн ва ўмовах пандэміі.

“У зале НЦМТДіМ сабралася больш за 100 чалавек. Для іх выступіла кіраўнік дызайн-цэнтра ААТ “Камволь” член журы “Млына моды” Эльвіра Жвікава. Яна расказала пра змены, якія адбыліся ў фэшн-індустрыі, і перспектывы як беларускай моды, так і ўсёй сусветнай фэшн-супольнасці, — расказаў І.Іваноў. — Дацэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта прамысловых тэхналогій і дызайну дырэктар па дызайне праекта Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Адмиралтейская игла” Кацярына Празорава расказала пра перспектывы лічбавага дызайну ў віртуальнай прасторы, а яе калега па ўніверсітэце і конкурсе Любоў Джыкія — пра чаканні і рэальнасць лічбавай моды. Прафесар Istituto Europeo di Designe Джавані Атанэла паразважаў пра экалагічнасць у дызайне. Менавіта дзякуючы яму семінар набыў прак­тыка-арыентаваны характар, бо ён даў заданне ўдзельнікам мерапрыемства, пасля выканання якога яны атрымаюць адпаведны сертыфікат”.

Ігар Леанідавіч дадаў, што такі абмен вопытам дае магчымасць укараніць новыя тэхналогіі і ідэі: “Мы вельмі ўдзячны, што еўрапейскія эксперты дзеляцца інфармацыяй, сваім матэрыялам з нашымі студэнтамі. У розныя гады пераможцы і прызёры “Млына моды” наведвалі Еўрапейскі інстытут дызайну. Гэта своеасаблівы штуршок для развіцця айчыннай адукацыі і індустрыі моды ў цэлым”.

Акрамя таго, у пачатку лістапада 15 пераможцаў і прызёраў сёлетняга “Млына моды” пабывалі ў Брэсце ў дамах моды Алёны Гарэцкай і Мікалая Марозава. Паралельна вядзецца падрыхтоўка да Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Адмиралтейская игла”, арганізатары якога спадзяюцца правесці яго да канца года. А ў снежні ўжо распачнуцца эскізныя туры юбілейнага “Млына моды”. Час ляціць хутка, і неўзабаве мы зноў акунёмся ў атмасферу творчага спаборніцтва дызайнераў, мадэлей, фатографаў і стылістаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота НЦМТДіМ і Алега ІГНАТОВІЧА.