Фэст робатаў

- 15:10Адукацыйная прастора

Нядаўна ў Оршы прайшоў ІІ Віцебскі абласны турнір па робататэхніцы “РобаФэст-Орша” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Канферэнц-зала “Лядовай арэны” стала пляцоўкай зносін не толькі для школьнікаў з розных рэгіёнаў вобласці, але і для іх педагогаў, якія падрыхтавалі каманды для ўдзелу ў турніры.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця турніру прынялі ўдзел старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь А.Г.Шумілін, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама А.В.Смірноўскі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама А.У.Загурскі, начальнік аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага ІРА А.Б.Кандратовіч.

Мэта турніру — развіццё навукова-тэхнічнай творчасці і павышэнне прэстыжу інжынерных прафесій сярод дзяцей і моладзі. Такія спаборніцтвы — цудоўная магчымасць для дзяцей і падлеткаў прадэманстраваць свае веды і ўменні ў праграмаванні і канструяванні робатаў.

Арганізатарамі спаборніцтваў з’яўляюцца ўпраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі, аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю (напрамак “Робататэхніка”) устаноў адукацыі Віцебскай вобласці і Мінска ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. 47 навучэнцаў прадставілі 5 гарадоў Віцебшчыны, а менавіта Оршу — 12 навучэнцаў, Наваполацк — 11, Дуброўна — 10, Віцебск — 8, Полацк — 6, а таксама 7 школьнікаў прыехалі з Мінска.

У адрозненне ад папярэдняга года турнір праводзіўся па дзвюх намінацыях — “Сумо робатаў” і “РобаБіятлон”. Удзельнікам спаборніцтваў “Сумо робатаў” неабходна было падрыхтаваць аўтаномнага робата, здольнага найбольш эфектыўна выштурхваць робата-праціўніка за межы белай лініі рынга. Удзельнікам намінацыі “РобаБіятлон” неабходна было сабраць робата, які за мінімальны час павінен прайсці трасу і на двух стралковых рубяжах паразіць мішэні выстралам.

Няпроста давялося журы спаборніцтваў, у склад якога ўвайшлі педагогі ўстаноў адукацыі Оршы, прадстаўнікі адукацыйнага цэнтра ПВТ, Віцебскага ІРА і інш., бо навучэнцы прадэманстравалі свае інжынерныя здольнасці, логіку, мысленне, майстэрства канструявання і праграмавання.

У намінацыі “РобаБіятлон” дыпломам І ступені адзначаны Іван Пратасаў і Дзмітрый Антоненка, выхаванцы ІТ-акадэміі “Компас” Аршанскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, дыпломам ІІ ступені — Іван Васільеў і Назар Готаў, навучэнцы гэтай жа акадэміі, дыплом ІІІ ступені заваявалі Алег Набежка і Арцём Бельскі, выхаванцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

Уладальнікамі дыплома І ступені ў намінацыі “Сумо робатаў” сталі Павел Карнееў і Антон Багатаў, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Дуброўна. Дыпломамі ІІ ступені адзначаны Іван Пратасаў і Дзмітрый Антоненка з ІТ-акадэміі “Компас” Аршанскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, Аляксандр Дудараў, Данііл Петрачэнка з сярэдняй школы № 2 Дуброўна. Дыпломы ІІІ ступені заваявалі Герман Сарокін і Аляксей Шчарбакоў (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі), Вадзім Лявонаў з гімназіі № 50 Мінска, Іван Васільеў і Назар Готаў з ІТ-акадэміі “Компас”.

Спецыяльны прыз журы “За праяўлены характар” атрымала Настасся Засянкова з Мінска.

Пераможцы турніру былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і атрымалі памятныя сувеніры ад адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій. Педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў і прызёраў, былі ўзнагароджаны дыпломамі Віцебскага ІРА.

Турнір паказаў, што робататэхніка ўпэўнена ўваходзіць у адукацыю Віцебшчыны. Наперадзе навучэнцаў чакаюць новыя турніры. Арганізатары спаборніцтваў паабяцалі ўжо ў наступны раз здзівіць удзельнікаў новымі намінацыямі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.